«Год нараджэння – 2001…» – пад такім загалоўкам у святочным нумары «Маладзечанскай газеты» выйшла інфармацыя аб нараджэнні малышоў, якім пашанцавала ўбачыць свет «пад ёлачкай» – у навагоднюю ноч. Тыя маленькія героі аказаліся трайнымі «вязунчыкамі»: гасцямі Новага года, стагоддзя і тысячагоддзя.
У 5 гадзін 30 хвілін першага студзеня нарадзілася дзяўчынка ў Вольгі і Дзмітрыя Чартовых. А праз некалькі гадзін у сценах радзільнага аддзялення прагучаў першы крык і яшчэ аднаго немаўляці – дачкі Іі і Алега Брысяў. У перадсвяточны дзень, 31 снежня, нарадзіліся трое хлопчыкаў і тры дзяўчынкі. Апошняй нованароджанай маладзечанкай другога тысячагоддзя стала дачка Ірыны і Дзмітрыя Яўсеенкаў. У матэрыяле таксама адзначаецца, што за 2000 год у Маладзечне нарадзілася 1357 дзетак – на 5 больш, чым у 1999-м.
У Палацы рэспублікі адбыўся другі Усебеларускі народны сход. У складзе 2500 яго дэлегатаў былі і 32 прадстаўнікі нашага горада і раёна.
У адным з газетных нумароў паведамлялася, што ў хуткім часе плануецца здача ў эксплуатацыю гарадскога Дома культуры. Чытачам быў прадстаўлены фотафакт будаўнічай пляцоўкі ля збудавання, а таксама 20-гадовай даўніны макет комплексу «гасцініца – Дом культуры».
Маладзечанскі хлебазавод у 2001-м заставаўся прыбытковым прадпрыемствам. У яго асартыменце налічвалася каля 60 найменняў выпечкі, 20 з іх складалі белабулачныя, 30 – кандытарскія, 7 – хлебныя. А з пачаткам 2002 года пекары горада запусцілі ў вытворчасць яшчэ адзін від хлеба з прымяненнем зусім новай тэхналогіі. У яго вытворчасці тэхнолагі вырашылі прымяняць спецыяльную закваску, набытую ў сталічных лабараторыях.
У 2001-м пасажыры электрапаяздоў «атрымалі» зручны і добраўпарадкаваны прыпынак пад назвай «Фестывальны».
У гэтым жа годзе ў сярэдняй школе №9 быў абсталяваны новы камп’ютарны клас. Ён адрамантаваны ў стылі «еўра», аснашчаны добрымі камп’ютарамі маладзечанскім аддзяленнем фірмы «Белфорт». Фінансаваўся праект з гарадскога бюджэту з прыцягненнем дадатковых сродкаў.
Вітала Маладзечна гасцей і ўдзельнікаў Рэспубліканскага фестывалю тэатральнага мастацтва «Маладзечанская сакавіца-2001». На тры дні Мінскі абласны драматычны тэатр станавіўся сэрцам такой маштабнай падзеі. Своеасаблівасць «Сакавіцы» была ў тым, што ў сілу спецыфікі нашай маладзечанскай тэатральнай залы фестываль аб’ядноўваў «малыя формы» – камерныя спектаклі. У рамках падзеі фестывальныя спектаклі былі прадстаўлены і ў Вілейцы.
У лютым паведамлялася, што ў гарвыканкаме на чарговай нарадзе прынята распараджэнне, у якім вызначаны рабочы план VII Рэспубліканскага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2001», а таксама аб’ём работ, адказныя за іх правядзенне, методыка кантролю за іх выкананнем. Планавалася, што арыенціровачна ён пройдзе 8-9 чэрвеня. Сэрцам фестывалю значылася Цэнтральная плошча. Вітаў наш горад у канцы чэрвеня і «Маладзечанскі кірмаш», праграма якога была разнастайнай і нічым не ўступала фестывальнай. На працягу двух дзён праходзіў II фестываль народнай музыкі «Грай, гармонік!», дзякуючы якому маладзечанцы знаёміліся з ансамблямі народнай музыкі, індывідуальнымі выканаўцамі на народных інструментах, прыпевачнікамі, якія прыязджалі да нас з розных куточкаў Міншчыны.
У «Маладзечанскай газеце» публікаваліся матэрыялы выхаванцаў студыі юнага журналіста «Жураўлік». Па традыцыі «раёнка» падтрымлівала зваротную сувязь і з чытачамі. У рубрыцы «Чытач – газеце» друкаваліся водгукі жыхароў горада і раёна на той ці іншы матэрыял, а таксама іх падзякі і прапановы.
2013 год: 75-годдзе Мінскай вобласці, адкрыццё вучэбнага цэнтра CERESIT, абсалютная перамога маладзечанца ў абласной алімпіядзе, І Міжнародны турнір па ушу памяці Д. Гвішыяні…
2013-ты быў адметны знакавай падзеяй – 75-годдзем Мінскай вобласці. Урачыстасць адбылася ў Палацы культуры Маладзечна. Адзначалася, што лёс самабытнага краю цесна звязаны з лёсам усёй Беларусі. Людзі былі і застаюцца самым вялікім багаццем. Яны годна праявілі сябе і ў суровы ваенны, і ў мірны час. Міншчына зрабіла значны крок у сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці, у рэалізацыі палітыкі на пабудову моцнай, квітнеючай Беларусі. За апошняе дзесяцігоддзе экспарт павялічыўся ў шэсць разоў, тавары прадаюцца ў 124 краінах свету. На вобласць прыпадае каля 15 працэнтаў усёй прамысловай вытворчасці, чвэрць – прадукцыі сельскай гаспадаркі.
Сапраўдным сюрпрызам для ўдзельнікаў урачыстага сходу стала віншаванне… з космасу. З ім звярнуўся да землякоў лётчык-касманаўт, камандзір касмічнага карабля Саюз ТМА-06М, ураджэнец горада Чэрвеня Алег Навіцкі.
На базе Маладзечанскага прафесійна-тэхнічнага каледжа адкрыўся вучэбны цэнтр CERESIT. Гэта сумесны праект упраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама і СТАА «Хенкель Баўтэхнік», адной з вядучых фірм па вытворчасці імпартазамяшчальных будаўнічых матэрыялаў. Адкрыццё вучэбнага цэнтра выклікала вялікі рэзананс. Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел прадстаўнікі абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў, прафесіянальна-тэхнічных каледжаў, будаўнічых прадпрыемстваў сталічнага рэгіёна. Госці таксама сталі ўдзельнікамі абласнога семінара «Школа маладога спецыяліста».
У матэрыяле «Першы, міжнародны…» чытаем пра падзею, якую аматары ўсходніх адзінаборстваў чакалі з нецярпеннем. Першы міжнародны турнір па ушу памяці Д. Гвішыяні сабраў каля 250 удзельнікаў з розных гарадоў Беларусі, а таксама Расійскай Федэрацыі і Украіны ў складзе 34 зборных каманд. Дзмітрый Гвішыяні – курсант Ваеннай акадэміі Беларусі, які загінуў пры выратаванні людзей у час тушэння пажару ў цягніку Брэст – Мінск і пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам «За асабістую мужнасць». Па выніках турніру першае каманднае месца занялі маладзечанцы – выхаванцы трэнераў Андрэя Сідарэвіча, Сяргея, Аляксандра і Міхаіла Панцюховых.
Газета пісала аб выніках абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Больш падрабязна карэспандэнт расказала аб цікавым моманце. Абсалютнага пераможцу вобласці па гісторыі – адзінаццацкласніка СШ №12 Максіма Крэнця – падрыхтаваў да алімпіяды яго бацька, настаўнік гісторыі гэтай навучальнай установы Аляксандр Крэнць. Выпускніца гімназіі №10 Вераніка Ярашэвіч стала першай у вобласці па нямецкай мове і свой поспех раздзяліла з маці – настаўніцай нямецкай мовы гімназіі №10 Аленай Ярашэвіч. Як удалося бацькам зацікавіць дзяцей сваім прадметам і дасягнуць у яго вывучэнні такіх вышынь, расказваецца ў студзеньскай публікацыі.
Маладзечанскаму камбінату хлебапрадуктаў споўнілася 50 гадоў. Як адзначалася, гэта адно з самых вядомых у горадзе прадпрыемстваў працуе з 1963 года і бесперапынна забяспечвае спажыўцоў якаснай неабходнай прадукцыяй. Адзін з асноўных перспектыўных напрамкаў дзейнасці Маладзечанскага КХП звязаны з работай камбікормавага цэха. На камбінаце выпускаюцца пшанічная і жытняя мука, пшанічнае і жытняе вотруб’е, манныя крупы, ячменная луска і іншае. Многія прафесіяналы працуюць на прадпрыемстве не адно дзесяцігоддзе.
Канцэрт, які прапанавалі ўдзельнікам мерапрыемства прафесійныя артысты і аматарскія калектывы вобласці, стаў звонкім акордам святочнай праграмы Чырвоная стужка перарэзана Вялікая ўдача для педагога – сустрэць здольнага, зацікаўленага вучня. Сапраўднае шчасце для бацькі – мець сына-аднадумца. Кожны паядынак турніру праходзіў у бескампраміснай барацьбе.
Падрыхтавалі Таццяна КНЯЗЕВА, Людміла ЦАР