У мінулую суботу аграгарадок Палачаны святкаваў 75-годдзе з дня заснавання аднайменнай гаспадаркі. На свята сабраліся работнікі і ветэраны прадпрыемства, мясцовыя жыхары, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, ганаровыя госці.
На пляцоўцы перад сельскім Домам культуры былі разгорнуты тэматычныя стэнды. Прыцягвалі ўвагу маляўніча аформленыя падворкі. Прычым кожны быў прысвечаны пэўнаму перыяду развіцця гаспадаркі.
Нагадаем: за 75 гадоў сельгаспрадпрыемства не раз змяняла назву, змяняліся кіраўнікі, развівалася тэхнічная аснашчанасць, укараняліся перадавыя тэхналогіі. Цяпер «Палачаны» – вытворчы ўчастак ААТ «Гарадзілава». Аднак адметнай рысай палачанцаў былі і застаюцца любоў да роднай зямлі, працавітасць, адданасць справе.
Віталі прысутных і выказалі падзяку людзям за падтрымку кіраўнікі ААТ «Гарадзілава» і вытворчага ўчастка «Палачаны» Дзмітрый Грамовіч і Сяргей Боган, былыя кіраўнікі гаспадаркі Аляксандр Мучынскі, Сяргей Кароль, Алена Халматава, Аляксандр Аноп. Кожны з іх садзейнічаў таму, каб слава пра Палачаны разнеслася па ўсёй краіне.
Гучныя апладысменты гучалі ў адрас прадстаўнікоў сельскагаспадарчых дынастый, якія працавалі ў гаспадарцы. У некаторых з іх агульны стаж перавысіў сотню гадоў. Віншавалі таксама лепшых работнікаў, прадстаўнікоў розных прафесій, ветэранаў працы, тых, хто праславіў сваю малую радзіму. У час свята былі адзначаны ветэран працы Ніна Станевіч, іншыя заслужаныя і паважаныя людзі.
Выступілі на мерапрыемстве старшыня Палачанскага сельвыканкама Анастасія Іода, старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Анатолій Фурс, старшыня савета раённай арганізацыі ветэранаў Таццяна Шафаловіч. Яны павіншавалі вяскоўцаў са святам і ўручылі памятныя падарункі. Быў зачытаны прывітальны адрас старшыні раённага Савета дэпутатаў Людмілы Канановіч.
Вясёлы настрой на свяце стваралі выканаўцы і калектывы раённага цэнтра культуры. Гледачы атрымалі асалоду ад майстэрства наезнікаў спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву, якая базіруецца ў Палачанах. Увагу прыцягвалі рыцары ў даспехах і іх дамы у сярэдневяковым адзенні. Мастакі запрасілі ўдзельнікаў свята на выставу карцін. Былі ў праграме дыскатэка і святочны феерверк.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ