Медаль уручыў вядучы спецыяліст па сацыяльнай абароне і пенсіённым забеспячэнні ваеннага камісарыята Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў Мінскай вобласці Мікалай Садоўскі. Са словамі глыбокага прызнання, сардэчнымі пажаданнямі здароўя і дабрабыту падарыла кветкі старшыня раённага савета ветэранаў Станіслава Зубкова.
У біяграфіі Вольгі Гладзілавай нямала слаўных падзей. Пра гэта сведчаць медалі «За перамогу над Германіяй», «За доблесную і самаадданую працу ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны», юбілейныя.
Вольга Васільеўна родам з Саратаўскай вобласці. З мужам ваенным Мікалаем Ермалаевічам сустрэліся на Далёкім Усходзе. У 1940-я гады пераехалі ў Беларусь, якая стала для іх другім домам. Працавалі ў праваахоўных органах. Потым Вольга Гладзілава доўгі час працавала ў аддзеле тэхнічнай дакументацыі радыёзавода «Спадарожнік». Тут склалася сямейная дынастыя. У сям’і выраслі трое дзяцей. Дочкі Валянціна і Таццяна жывуць у Маладзечне. Вельмі любяць свой зялёны, чысты горад. Сын Валерый, на вялікі жаль, пайшоў з жыцця. Не перадаць словамі той боль, што параніў матуліна сэрца.
— Наша мама мае чацвярых унукаў і чацвярых праўнукаў, падрастае двухгадовы прапраўнук Сашачка. Калі блізкія збяруцца за святочным сталом, будзе шаснаццаць чалавек, — гавораць дочкі.
Памятаюць дочкі, які смачны рыбнік выпякала маці. З Далёкага Усходу дасылалі сёстры ў пасылках чырвоную рыбу. Не абыходзяцца святы і без фірменнага блюда – уральскіх пельменяў. Дзвесце, а то і трыста штук можа зляпіць іх дачка Таццяна Мікалаеўна.
— Характар у мамы баявы, моцны, стойкі. Яна не скараецца часу. Сама выходзіць на вуліцу, карыстаецца мабільным тэлефонам, — гавораць дочкі і заўважаюць, што ў іх родзе былі доўгажыхары — матуліны сёстры.
Няхай жа працягваецца жыццёвы шлях Вольгі Васільеўны і надалей яна будзе атулена клопатам і ўвагай блізкіх. З першай хвіліны знаёмства адчуваецца, як моцна яе любяць, як ганарацца ёю. Удзячная ветэран за вялікі клопат краіны, за памяць аб велічным подзвігу ў імя свабоды і незалежнасці
Радзімы.
Тэкст і фота: Людміла ЦАР.