— Куды ні паедзем, усе дзівяцца, што назву нашай вуліцы «60 год СССР» да гэтага часу не змянілі, — гаворыць адзін з яе жыхароў Іван Нарэйка, які ўзначальвае пярвічную ветэранскую арганізацыю сельсавета. – Лічу, што гэта правільна, бо гісторыю нельга перапісаць нанова.
Гэту вуліцу мясцовы калгас імя Леніна пабудаваў якраз напярэдадні 60-годдзя ўтварэння Савецкага Саюза. У новыя дамы засяліліся маладыя сем’і спецыялістаў гаспадаркі. З таго часу тут вырасла некалькі пакаленняў, гаспадары добраўпарадкавалі свае сядзібы. А вось частка дарогі засталася незаасфальтаванай, уся ў ямах, якія пасля дажджу напаўняюцца вадой. Магчыма, да
100-годдзя СССР нешта зменіцца да лепшага? Сярод сваіх суседзяў Іван Васільевіч называе сацыяльнага работніка, дэпутата сельскага Савета Лілію Слуцкую, актыўных удзельніц ансамбля «Маркаўчанка» Марыю Хадзюнь і Марыю Баран, сацыяльнага педагога школы, майстра па саломапляценні Ірыну Глебец. Стараста гэтай і суседніх вуліц — Таццяна Страдаева.
Іван Васільевіч карэнны маркавец, звыш 40 гадоў адпрацаваў у калгасе, быў галоўным аграномам. Ён цікавіцца гісторыяй роднай вёскі, на сваёй старонцы ў «Аднакласніках» выстаўляе старадаўнія здымкі, якія захаваў у сямейным архіве. Абапіраючыся на ўспаміны старажылаў расказвае, што ў суседніх Талуях жыў партыйны актывіст Павел Асіповіч, якому пашчасціла быць у Маскве на нейкім прадстаўнічым сходзе і бачыць Леніна.
Помнік Ільічу ў раёне сортавыпрабавальнай станцыі ўстанавілі пасля вайны. Цікава, што ён стаіць ля адноўленага маёнтка пана Страшынскага, які з прыходам савецкай улады паспеў з
сям’ёй выехаць у Польшчу. Мясцовыя бабулі ўспамінаюць, што пан быў добрым, дапамагаў простым людзям. А вось яго жонка ўсё хацела, каб ёй кланяліся і ручку цалавалі. Цяпер у гэтым будынку некалькі кватэр і інтэрнат.
Старшыня Маркаўскага сельскага Савета дэпутатаў Іван Мацэвіч гаворыць, што напярэдадні 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі помнік Леніну падфарбавалі, паднавілі. У савецкія часы ля яго праходзілі мітынгі. Для старэйшага пакалення ён і цяпер з’яўляецца адным з сімвалаў мінулага жыцця. Як і мемарыяльная дошка на будынку сельскага Савета з урыўкам з пісьма-прывітання Леніну ад жыхароў вёскі Маркава, напісанага ў сакавіку 1919 года. У архіве захаваўся тэкст паслання, які быў апублікаваны ў газеце «Бядняк». А Іван Нарэйка збярог гістарычныя здымкі з урачыстага мітынгу, прысвечанага адкрыццю мемарыяльнай дошкі ў 1977 годзе, у якім ён таксама прымаў удзел.
— На фота ў прэзідыуме – арганізатар падполля Тарас Рагуновіч, былыя старшыні Маркаўскага сельскага Савета Канстанцін Мінькоўскі, Віктар Сарачынскі, настаўніца Анастасія Міцько, браты якой былі рэпрэсіраваныя, ветэран вайны, былы дырэктар Маркаўскай СШ Канстанцін Дорах, — расказвае наш субяседнік.
Цяпер мясцовая ветэранская арганізацыя сельсавета налічвае 340 чалавек. Сярод яе ўдзельнікаў нямала тых, хто сваёй шчырай працай праславіў Маркава не толькі ў раёне, але на ўвесь Савецкі Саюз. Дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР была калгасны брыгадзір Леаніда Рагуновіч, узнагароджаная ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Кавалерам ордэна Леніна з’яўляецца былы трактарыст Віктар Трыфанаў. Жыхарка вёскі Румянцава Соф’я Ашмянская была прадстаўлена да ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга і бронзавага медаля «За дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі СССР». Загадчыца фермы з вёскі Доўгі Лог Ніна Боган – кавалер ордэна Дружбы Народаў.
— З настальгіяй успамінаю савецкі час, — падключаецца да размовы дырэктар Маркаўскага Дома культуры Людміла Асіповіч. – Мой тата быў камуністам і вельмі ідэйным. Шмат газет выпісваў і ўсё паўтараў: «Чаго яны лезуць да нас, гэтыя буржуі?». Я захавала яго партыйны білет, для нашай сям’і гэта сапраўдная рэліквія. Памятаю, як мама-настаўніца паліла ў печы і спявала песню «Ленин с нами, он с нами навеки», якую развучвала на ўроку спеваў са сваімі пачаткоўцамі. Памятаю, як нас, піянераў, вазілі на грузавой машыне на раённыя злёты. Мы ехалі і спявалі «Взвейтесь кострами, синие ночи! Мы пионеры, дети рабочих…». У Дзень піянерыі 19 мая самыя дастойныя юныя ленінцы падпальвалі касцёр у выглядзе пяцікутнай зоркі. Аднойчы і мне выпаў такі гонар, дык я ад хвалявання ніяк падпаліць не магла, добра, што адзін хлопец дапамог… І цяпер памятаю шмат урыўкаў з верша «Ленин и печник», які мне ў школе вельмі падабаўся. Сапраўды, гісторыю нельга перапісаць… Гэта наша жыццё, жыццё нашай краіны. Таму вельмі хочацца, каб і маладое пакаленне ведала, што адбывалася сто гадоў таму 7 лістапада. Разам з бібліятэкарам Марынай Чарняўскай мы для школьнікаў правядзём да гэтай даты круглы стол «Крыніца памяці».
Фота: Аляксей ПЛАТКО,
архіў Івана НАРЭЙКІ.