Анатолій КВЯТКОЎСКІ па спецыяльнасці тэхнік-цеплатэхнік. Свае веды і навыкі ён выкарыстаў такім чынам, што ваду на яго падворку награвае сонца.
– Сістэму сонечнага нагрэву вады на сваім падворку пачаў выкарыстоўваць гадоў трыццаць таму, – расказвае Анатолій Васільевіч. – Нядаўна ўдасканаліў канструкцыю. Цяпер за дзень сонечная панэль награвае 80 літраў да 70 градусаў. Можна і бясплатны душ прыняць, і посуд, бялізну мыць цёплай вадой.
Вясковец растлумачыў прынцып дзеяння аўтарскай сістэмы. Яна замкнутая і заснавана на ўніверсальных законах фізікі. У калектар халодная вада паступае пад уздзеяннем сілы гравітацыі. Атрымаўшы энергію, вадкасць сама падымаецца ў бак-накапляльнік. Затым цыкл паўтараецца. І кожны раз чарговая порцыя сонечнага цяпла павышае тэмпературу.
– Спецыяльны механізм аўтаматычна паварочвае калектар услед за сонцам, – патлумачыў Анатолій Квяткоўскі. – Дзякуючы гэтаму сонечная панель невялікая, меншая за квадратны метр. Паколькі не прымяняецца цеплаабменнік, ККД атрымліваецца даволі значны. Так асобны сельскі падворак незалежны энергічна.
Субяседнік падкрэсліў, што сонечная панель выкарыстоўваецца з мая па верасень. Яна дае магчымасць зрабіць вясковае жыццё больш камфортным. А сістэму сонечнага нагрэву Анатолій Васільевіч плануе ўдасканальваць.
P.S. Прыклад Анатолія Квяткоўскага варты пераймання. Мы шмат гаворым пра энергаэфектыўнасць, эканомію паліўна-энергетычных рэсурсаў. Пры гэтым на бытавым узроўні пытанне можна вырашыць, не выкарыстоўваючы дарагія тэхналогіі. Вясковец з Хажова на сваім прыкладзе даказаў гэта.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ