Вместо конфет -- багет с медом, или Как французы воспитывают детей

Вось ужо трэці год запар прыязджае ў Маладзечна на сустрэчы з чытачамі цэнтральнай раённай бібліятэкі Эльза Піньёль, першы саветнік па супрацоўніцтве і культуры пасольства Францыі ў Беларусі. Дыпламат адкрывае беларусам сваю краіну, дапамагае ім больш глыбока спасцігнуць яе культуру і мову. На гэты раз госця прысвяціла сваё выступленне асаблівасцям выхавання і адукацыі дзяцей у французскіх сем’ях. Гэта тэма ёй вельмі блізкая: у сям’і Піньёль падрастаюць сын і дачка.

Вместо конфет -- багет с медом, или Как французы воспитывают детей "Маладзечанская газета"



Падарункі для немаўляткі – па спісе
Калі ў французскай сям’і нараджаецца малыш, сваякі, як і ў нас, дораць яму падарункі. Там прынята загадзя агаворваць іх з бацькамі. Нярэдка яны складаюць спіс рэчаў і пакідаюць яго ў канкрэтным магазіне. Сваякі па чарзе купляюць падарункі і выкрэсліваюць іх са спіса. Традыцыйна нованароджанаму абавязкова дораць тры рэчы: тоненькі сярэбраны бранзалецік, на якім выгравіраваны яго імя, прозвішча і дата з’яўлення на свет, кубачак, з якога малыш будзе піць, калі падрасце, і плюшавую цацку для сну. Дарэчы, на вяселле таксама складаецца аналагічны спіс падарункаў. Самы папулярны сярод
іх – білеты ў вясельнае падарожжа.

Дэкрэтны водпуск у Францыі доўжыцца ўсяго 16 тыдняў. Можна даглядаць малыша і да трох гадоў, як у нас, але на гэты перыяд не захоўваюцца зарплата і рабочае месца. Пасля нараджэння дзіцяці абавязкова даецца 10 дзён водпуску бацьку, каб ён у поўнай меры раздзяліў з жонкай клопат аб малышу. У яслі дзіця можна аддаць ужо ў тры месяцы. Лічыцца, што дашкольныя ўстановы ў Францыі – узор выхавання і догляду дзяцей. Многія францужанкі працуюць не на поўную занятасць. У сераду ў большасці з іх мацярынскі дзень, калі сады, іншыя дзіцячыя ўстановы зачыненыя ці працуюць толькі да 12 гадзін дня. Гэты дзень жанчыны прысвячаюць дзецям і дому.

Дуду – цацка для сну
З трох месяцаў бацькі кладуць дзіця спаць у асобным пакоі. Сочаць, каб у ім не было занадта цёпла: тэмпература паветра не павінна перавышаць 19 градусаў. Каб дзецям было больш спакойна, ім купляюць спецыяльныя мяккія цацкі для сну, французы называюць іх «дуду». Нярэдка дзеці бяруць гэтыя цацкі-талісманы з сабой і ў дзіцячы сад.
Каб яны не згубіліся, падпісваюць іх, пазначаюць нумар тэлефона.

Каб не заядалі стрэс цукеркамі
Калі малыш плача, крычыць, выказвае сваю незадаволенасць, бацькі не кідаюцца яго супакойваць, рэагуюць на гэта спакойна. Нездарма ж французская сістэма сямейнага выхавання цэніцца ва ўсім свеце. «Няхай дзіця прывыкае слухацца дарослых, цярпець непрыемнасці, нязручнасці, якіх у жыцці будзе нямала», — мудра лічаць бацькі. Яны ніколі не дадуць цукерку сыну ці дачцэ, калі тыя капрызяць, каб у дарослым жыцці не заядалі стрэс салодкім. Спадарыня Эльза прыгадала, што любімым яе пачастункам быў багет з мёдам.

Не ўмешваюцца ў гульні
Яшчэ адно правіла – старэйшыя не ўмешваюцца ў гульні дзяцей, не навязваюць ім сваю волю. Французы адносяцца да дзяцей, як да роўных сабе. Яны ніколі не сюсюкаюць з малышамі, выказваючы тым самым сваю пяшчоту.

За сталом – правільная постаць
Разумеючы, што дзеці капіруюць дарослых, бацькі стараюцца сядзець за сталом прама. Каб дзіця было засяроджана на ядзе, не прынята ўключаць тэлевізар ці камп’ютар, а вось прыемная музыка гучыць часта, як і спакойныя размовы. Па выхадных днях абавязковыя сямейныя абеды ці вячэры, любяць французы ўсёй сям’ёй схадзіць у рэстаран.      

У сад – з трох гадоў, у школу – з шасці
У дашкольным узросце дзяцей не вучаць літарам і лічбам. У іх развіваюць маўленне, творчасць, прывучаюць да працы, вучаць адаптавацца ў соцыуме, выхоўваюць цярпенне і паслухмянасць, прывіваюць добрыя манеры.

У школу юныя французы ідуць у шэсць гадоў, адтэрміноўка да сямі не дапускаецца. Пачатковая школа доўжыцца пяць гадоў. У першыя гады шмат увагі надаецца выпрацоўцы правільнага маўлення, мастацкай адукацыі, пазнанню свету. Абавязковыя ўрокі працы, дзе дзеці развіваюць маторыку. На гэтых уроках іх вучаць гатаваць ежу. У пачатковай школе юныя французы не вывучаюць замежныя мовы. Затое ў каледжы (сярэдняя ступень адукацыі, якая працягваецца чатыры гады) абавязковыя дзве замежныя мовы. Разам з папулярнай англійскай многія выбіраюць кітайскую, іспанскую, нямецкую мову.

Першы саветнік пасольства Францыі ў Беларусі Эльза Піньёль (другая злева) з франкафонамі з СШ №4.



Бацькі сваю волю не навязваюць
Цікава, што класы ў каледжы нумаруюцца ў зваротным парадку: 6, 5, 4, 3. Наступная ступень – ліцэй, у якім вучацца 2, 1 і выпускны класы. У выпускным уводзяцца профілі, папулярныя сярод іх эканамічны, медыцынскі. Пасля ліцэя вучні здаюць адзіны дзяржаўны экзамен на ступень бакалаўра па сваім профілі, па выніках якога яны могуць паступаць ва ўніверсітэт (у іх адукацыя бясплатная) ці вышэйшую школу. Веды на экзамене ацэньваюцца па 20-бальнай сістэме. Той, хто не плануе вучыцца далей, набывае ў ліцэі рабочую спецыяльнасць. Эльза Піньёль заўважыла, што больш прэстыжная за ўніверсітэт вышэйшая школа. Эліта грамадства імкнецца паступіць у яе, хаця адукацыя там платная – да 20 тысяч еўра за год, а конкурс вельмі сур’ёзны, неабходна два гады займацца на падрыхтоўчых курсах. У свой час Эльза Піньёль закончыла такую школу.

Фота: архіў ЦРБ імя Максіма Багдановіча.

Прочитано 1801 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.