02.12.2016 16:41

Хажова: абяцалі грэйдзіраваць вуліцу, але пад нагамі зноў лужы

«Паважаная рэдакцыя!
Больш за год таму ў «Маладзечанскай газеце» быў надрукаваны матэрыял «І капля камень точыць». Тады жыхары вуліцы Цэнтральнай вёскі Мойсічы папрасілі карэспандэнтаў выехаць на месца, каб зафіксаваць беспарадак, што меў месца на той час. Быў там і старшыня Хажоўскага сельвыканкама. І ўжо на другі дзень лужы былі засыпаны, вуліцу параўнавалі.

Але прайшоў год, і сітуацыя паўтарылася. Вялікія лужы зноў перакрылі вуліцу. Старшыня сельвыканкама ў сваім адказе ў рэдакцыю напісаў, што «на працягу апошніх пяці гадоў рабілася падсыпка і рэгулярнае (два разы на год) грэйдзіраванне вуліцы». На самай справе, гэта не так. Не было такога падарунка вяскоўцам. Дарослыя і дзеці па-ранейшаму месяць гразь на вуліцы.

Чаму дапусцілі такія адносіны да вяскоўцаў? Кіраўніцтва краіны, старшыня аблвыканкама пастаянна патрабуюць палепшыць адносіны да простых людзей, дапамагаць ім. На жаль, так бывае далёка не заўсёды, а часам, і наадварот. Дапамажыце, калі ласка!».

АД РЭДАКЦЫІ. Вось такое пісьмо прынеслі ў рэдакцыю вяскоўцы. І сапраўды, у ліпені 2015 года мы разбіраліся з гэтай праблемай. Здавалася, што сітуацыя выправілася, і цяпер вяскоўцам не давядзецца абуваць гумовыя боты, каб прайсці па вуліцы. У гэтым нас запэўніў і старшыня Хажоўскага сельвыканкама Сяргей Шупляк. Ды і жыхары вуліцы даслалі ў рэдакцыю пісьмо, у якім дзякавалі журналістам за дапамогу. І вось зноў усё паўтараецца.

Мы разумеем, што на асфальт грошай можа не быць, але вуліца знаходзіцца на балансе сельвыканкама, і прадугледзець яе рамонт было неабходна. За гэты час можна было знайсці і грошы, каб адрамантаваць хаця б самы праблемны ўчастак. Менавіта старшыня сельвыканкама павінен клапаціцца пра парадак у вёсках, прыкладаць намаганні, каб людзям жылося камфортна. Вуліца гэта знаходзіцца побач з цэнтральнай дарогай, па якой Сяргей Шупляк як мінімум два разы на дзень праязджае на работу і з работы, таму не заехаць і не прыняць меры па вырашэнні праблемы проста недаравальна.

Рэдакцыя чакае адказу зацікаўленых асоб, вось толькі спасылацца на зіму і мароз не трэба.

 

Прочитано 1454 раз Последнее изменение 02.12.2016 16:41
Алена Лашук

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: У Маладзечне на Каляднай - «танкадром» »