— Ля вёскі Сычавічы невядомы вывез у водаахоўную зону рэчкі Рыбчанка смецце, — патэлефанаваў у рэдакцыю начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслаў Чарноў. – Пра інцыдэнт паведамілі мясцовыя жыхары. Яны сцвярджаюць, што ведаюць, хто гэта зрабіў. Прапаную выехаць на месца здарэння.
Праз некалькі хвілін разам з Уладзіславам Віктаравічам едзем у бок Радашковіч. Мінаем гэты населены пункт, затым вёску Новая. А вось і Сычавічы. Ля паселішча працякае чыстая паўнаводная рэчка Рыбчанка. Яна пятляе сярод раскошных лугоў і зарасніку, утварае маляўнічыя старыцы. Недалёка раскінуўся сасновы бор.
Ландшафт казачны. Тут хочацца адпачываць, атрымліваць асалоду ад прыроды, любавацца пейзажам. Менавіта такія месцы і асацыіруюцца з малой радзімай. Аднак… Усё псуе гара смецця.
Падыходзім бліжэй. Бачым рыззё, выкінутыя рыдлёўкі, заржавелыя бляшанкі з-пад фарбы. Наверсе «красуецца» шына.
— Няўжо цяжка было выкінуць адходы ў спецыяльныя кантэйнеры або выклікаць камунальнікаў, каб яны забралі габарытнае смецце? Навошта ператвараць цудоўныя мясціны ў звалку? За такое павінна быць пакаранне, — гаворыць начальнік райінспекцыі па ахове прыроды.
Ён фатаграфуе несанкцыянаваную звалку, апісвае яе дакладнае месцазнаходжанне. Потым сустракаецца з мясцовымі жыхарамі. Людзі таксама абураюцца ўчынкам супраць прыроды. Яны з гатоўнасцю даюць паказанні, распісваюцца ў пратаколах. Прысутныя спадзяюцца, што штраф або іншыя санкцыі адвучаць вінаватага абыходзіцца з наваколлем па-хамску.
На гэта ж разлічвае і рэдакцыя. Мы дзякуем людзям, якія не засталіся абыякавымі і сталі на ахову прыроды. Пра развіццё сітуацыі нашы чытачы абавязкова даведаюцца.
У тэму
Згодна з адпаведнымі артыкуламі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях парушэнне заканадаўства аб абыходжанні з адходамі караецца штрафам у памеры ад 5 да 50 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — да 200, на юрыдычную асобу — да 1000 базавых велічынь.
За парушэнне рэжыму ажыццяўлення гаспадарчай i iншай дзейнасцi ў водаахоўных зонах або прыбярэжных палосах вінаваты можа атрымаць штраф у памеры да 10 базавых велічынь, індывідуальны прадпрымальнік — да 30, юрыдычная асоба — да 50 «базавых».
Фота: Аляксей ПЛАТКО.