Жыхар дома №7 па вуліцы Усходняй у Радашковічах Яраслаў Галкін папрасіў рэдакцыю адрэагаваць на «варварскае знішчэнне фруктовых і дзікарослых (бярозы) дрэў» у двары яго дома. Мужчына параіў падключыць для вырашэння пытання «зялёных» актывістаў, сфатаграфаваць наступствы зносу насаджэнняў і звярнуцца ў адпаведныя дзяржаўныя арганізацыі.
Мы не сталі турбаваць экалагічную грамадскасць, а вырашылі самі разабрацца ў сітуацыі. Такім чынам, рэдакцыйная машына накіравалася ў Радашковічы.
Яраслаў Іванавіч паказаў месцы, дзе раслі бярозы. Па яго словах, дрэвам было каля дваццаці гадоў. Калі іх спілавалі, двор стаў выглядаць няўтульна.
— Невядома, каму перашкаджалі дрэвы… І ўвогуле, навошта было іх знішчаць і хто даў на гэта дазвол? – пытаецца жыхар.
Па тлумачэнні мы звярнуліся ў мясцовы жыллёва-эксплуатацыйны аддзел. Майстар па добраўпарадкаванні Таццяна Ласякіна расказала, што заява аб спілоўванні дрэў паступіла ад жыхароў дома. Акрамя таго, бярозы псавалі адмостку і перашкаджалі доступу і эксплуатацыі тэхналагічных калодзежаў.
— Усе неабходныя працэдуры для зносу дрэў былі выкананы, дазвол раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя атрыманы, — падкрэсліла Т. Ласякіна. – У якасці кампенсацыі за спілаваныя расліны на тэрыторыі зялёнай зоны плануецца высадзіць дэкаратыўныя кусты.
Знос зялёных насаджэнняў на тэрыторыі населеных пунктаў – адно з найбольш хвалюючых для жыхароў пытанняў. Калі дзесьці пачынаюцца такія работы, людзі абавязкова тэлефануюць або пішуць у рэдакцыю. У кожным выпадку мы звязваемся з адпаведнымі арганізацыямі і разбіраемся ў сітуацыі. Аднак за ўвесь час не было ніводнага факту незаконнай высечкі. Можна спрачацца, наколькі апраўданы знос дрэў. Але браканьерства ў жылых кварталах на тэрыторыі Маладзечаншчыны не дапускаецца.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.