31.01.2017 8:53

Фермерства. «Титул» Яўгенія Цітуленкі

Фермеры першай хвалі — народ асаблівы і самадастатковы. Амаль усе яны прыйшлі да рашэння сур’ёзна шчыраваць на зямлі з-за нейкіх жыццёвых сітуацый. Хтосьці працаваў у сельскай гаспадарцы і на свае вочы бачыў, як прыходзяць у заняпад калгасы, хтосьці пераехаў з горада, дзе закрываліся прадпрыемствы, і знайшоў выйсце з сітуацыі ў арганізацыі ўласнага бізнесу.

Фермерства. «Титул» Яўгенія Цітуленкі "Маладзечанская газета"

Ва ўсіх за плячыма былі жыццёвы вопыт, сем’і, якія трэба было забяспечваць, а таксама вялікае жаданне працаваць. Для дасягнення сваёй мэты ім давялося пераадолець нямала перашкод. Але ўсіх, бадай, аб’ядноўвае тое, што нягледзячы на цяжкасці, яны не кінулі пачатую справу і з зайздроснай упартасцю рухаюцца наперад і сёння. Кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Титул» Яўгеній Цітуленка з такіх.
Дом на ўзгорку

Фермерскую гаспадарку Цітуленкі знайсці нескладана: не даязджаючы Радашковіч, трэба павярнуць направа. Арыенцірам служыць камень, на якім намаляваны статак дзікоў.

Некалькі соцень метраў па расчышчанай ад снегу палявой дарозе — і мы на месцы. На ўзвышшы размяшчаецца асноўная база фермерскай гаспадаркі «Титул»: жывёлагадоўчыя памяшканні, ангары для тэхнікі, цэх засолкі капусты і агуркоў, сховішча для агародніны, пчальнік, тры невялікія возеры. А вакол каля чатырохсот гектараў зямлі, на якіх і працуе фермер.

Ён расказаў, што месца тут асаблівае і выбрана яно невыпадкова. На ўзгорку — бацькоўскі дом жонкі Ганны Сямёнаўны. Цяпер ён служыць і сталовай (тут кормяць работнікаў), і месцам для адпачынку тых жа жывёлаводаў. Калісьці тут было 18 двароў (далей пачынаецца вёска Шалухі), але ў свой час дамы знеслі, а людзей перасялілі ў Радашковічы. І толькі дом Кульбіцкага, які быў з гліны, не ўдалося разабраць. Хто б тады мог падумаць, што ён стане цэнтрам фермерскай гаспадаркі, якая будзе належаць мужу Ганны Цітуленка, у дзявоцтве Кульбіцкай?

Жыццёвыя перыпетыі

Хто ведае, як склалася б жыццё Яўгенія, каб ён, тады першакурснік Беларускай сельгасакадэміі, што ў Горках, не зламаў нагу. Давялося браць акадэмічны водпуск, а паколькі ў навучальнай установе не было ваеннай кафедры, то служба — закон. Адслужыў, вярнуўся дадому і пачаў думаць, чым бы такім заняцца. Сястра, якая жыла ў Маладзечне і працавала на заводзе «Спадарожнік», прапанавала паступіць у прафтэхвучылішча №187. Там рыхтавалі спецыялістаў, у тым ліку для гэтага завода. Юнак згадзіўся, закончыў ПТВ і нейкі час працаваў на «Спадарожніку», лічыўся добрым спецыялістам. Але давялося пераехаць у Радашковічы. Працаваў на цагляным заводзе, затым адкрыў свой невялікі бізнес. Мара і вялікае жаданне працаваць на зямлі не пакідалі Яўгенія: ён жа і збіраўся стаць спецыялістам сельскай гаспадаркі. Тады не атрымалася, а што перашкаджае цяпер? Ганна падтрымала мужа.

Унук кулака

Нічога ў жыцці не адбываецца выпадкова, упэўнены Цітуленка. Відаць, яму было наканавана стаць фермерам. Яго дзяды жылі на Гомельшчыне, мелі вялікую гаспадарку, шмат зямлі. Калі ж прыйшла савецкая ўлада, трапілі пад раскулачванне. Дзеда Яфрэма (бацьку маці) саслалі за Урал, там ён трагічна загінуў. А вось дзеду Бенядзікту (па бацькавай лініі) пашанцавала. Глыбока веруючы і адукаваны па тых часах чалавек, ён арганізаваў школу, дзе вучылі не толькі слову Божаму, але і грамаце. У яго было васьмёра сыноў і чатыры дачкі. У часы калектывізацыі Бенядзікта не раскулачылі, але прымусілі «падзяліцца» з дзяржавай сваёй гаспадаркай. Дзед, для якога гэта стала сапраўднай трагедыяй, цяжка перажываў, але завяшчаў сваім сынам працаваць на зямлі. Але бацька Яўгенія Аляксеевіча пайшоў вучыцца ў тэхнікум лясной гаспадаркі і да вайны паспеў закончыць два курсы. Затым была вайна, раненне і работа ляснічым на Віцебшчыне. Мару дзеда ў поўнай ступені мог ажыццявіць унук Яўгеній.

Свая зямля –усяму пачатак

Афіцыйна фермерам Цітуленка стаў у 2000 годзе, да гэтага два гады працаваў на зямлі, якая належала іншаму фермеру і які ёю зусім не займаўся. Гэта былі некалькі гектараў зарослых пустазеллем палёў, якія Яўгеній Аляксеевіч пры дапамозе знаёмых разараў і апрацоўваў. Былі праверкі, камісіі, пагрозы, але мужчына стаяў на сваім: яму патрэбна зямля, каб карміць шасцярых дзяцей. Абіваў парогі кабінетаў і свайго дамогся. Яму далі 28 гектараў не самай лепшай зямлі. Так пачалося фермерскае жыццё Цітуленкі.

Пачынаў, як і большасць, з раслінаводства. Сеяў збожжавыя, вырошчваў агародніну. Знайшліся і свае рынкі збыту, адзін з іх — Мінскі трактарны завод. На заробленыя грошы купляў тэхніку, шмат якія прыстасаванні зрабіў сваімі рукамі. Сёння ў яго выдатны парк трактароў, ёсць камбайны. Паступова пашыраліся плошчы, цяпер гэта каля 400 гектараў.

Яўгеній Аляксеевіч гаворыць, што фермерам добрую зямлю ніколі не давалі, таму даводзілася шмат укладваць сіл і сродкаў, каб прывесці яе ў належны стан і мець магчымасць атрымліваць прыбытак.

Вядома, што пэўныя культуры добра родзяць тады, калі палі запраўляюцца менавіта арганікай. А дзе яе ўзяць, калі няма жывёлы? Так паступова Цітуленка прыйшоў да высновы, што трэба заняцца жывёлагадоўляй.

Дарэчы, фермераў, якія адважыліся зрабіць стаўку на жывёлагадоўлю, не так і многа. Гэта даволі складаная вытворчасць, і не заўсёды яна прыносіць чаканы эфект. Яўгеній Цітуленка ведаў пра гэта. І ўсё ж ён зрабіў гэты крок. Пабудаваў памяшканні, набыў парасят і дзесяць кароў (маладняку патрэбна было малако). Паступова паставіў на адкорм 500 свіней, меў 100 свінаматак. Парасят рэалізоўваў фермерам, гаспадаркам, насельніцтву. Аб сур’ёзнасці намераў сведчыць той факт, што для папаўнення статка ён набываў пародзістых свіней, якія каштавалі вялікіх грошай. Асаблівы гонар выклікала парода Дзюркоў, якія мелі чырвоную афарбоўку. Цяпер толькі фотаздымкі сведчаць пра былое. У 2014 годзе з-за распаўсюджвання афрыканскай чумы Цітуленка атрымаў прадпісанне знішчыць усё пагалоўе свіней. Гэта быў удар па гаспадарцы і вялікія фінансавыя страты. І сёння Яўгеній Аляксеевіч не можа стрымаць эмоцый, калі расказвае аб тым, як забівалі свіней і паказвае фотаздымкі знішчанай жывёлы. 

Стаўка на жывёлагадоўлю

Цяпер Яўгеній Аляксеевіч займаецца вытворчасцю малака. І, трэба сказаць, даволі паспяхова. Пабудаваў новы кароўнік з беспрывязным утрыманнем жывёлы, малочны блок. Сёння дойны статак налічвае 80 кароў, а ўсяго 120 галоў жывёлы. У планах павелічэнне дойнага статка да 200 рагуль. За гэты кірунак адказвае жонка, а наогул, у фермерскай гаспадарцы працуюць васямнаццаць чалавек.

Варта заўважыць, што ўсё малако, якое пастаўляе фермер на Маладзечанскі малочны камбінат, ідзе ў асноўным гатункам «экстра». Штогод практычна на 100 тон павялічваюцца аб’ёмы паставак. Летась было здадзена каля 400 тон малочнай сыравіны, сёлета плануюць звыш  500. Тлустасць малака таксама ўражвае – 4,4 працэнта. Марыць Яўгеній Аляксеевіч наладзіць сваю перапрацоўку, напрыклад, заняцца вырабам сыроў. І сапраўды, навошта аддаваць такую якасную сыравіну? Але тут без інвестараў не абысціся. Ва ўсім астатнім фермер спадзяецца толькі на сябе. Гаворыць, што крэдытаў ніколі не браў і не збіраецца, бюджэтных сродкаў яму таксама ніхто не даваў, таму і камандаваць ім ніхто не можа. Гаспадарку развівае на тыя грошы, што зарабляе, купляе тэхніку, угнаенні, камбікармы, паліва. А гэта акалічнасць прымушае працаваць не толькі інтэнсіўна, але і эфектыўна. Рабочы дзень яго доўжыцца па 12-16 гадзін, калі трэба, то на ферму можа прыехаць і ноччу.

У планах Цітуленкі зменшыць плошчы пад агародніну, збываць якую становіцца праблематычна. А вызваленыя гектары будуць выкарыстоўвацца для вытворчасці кармоў. Пашырэнне статка патрабуе і павелічэння кармавой базы.

Фермер здрадзіў бы сам сабе, каб не цягнуўся да новага. Пачаў пакрысе займацца развядзеннем індыкоў, гусей і качак. Калі будзе прыбытак, то статак хатняй птушкі павялічыць. Яўгеній Аляксеевіч цяпер уважліва вывучае адпаведную літаратуру, нават пачак часопісаў з сабой у машыне возіць.  

Цітуленка дапамагае вяскоўцам, займаецца дабрачыннасцю, але стараецца пра гэта не гаварыць. Ніводная просьба лю-
дзей не застаецца без увагі. У нашу рэдакцыю вяскоўцы таксама дасылалі падзяку Яўгенію Аляксеевічу за дапамогу. Адзінае, чаго не разумее Цітуленка, гэта калі людзі крадуць тую ж агародніну. Гаворыць: папрасіце — і я дам.

Сям’я

Самым вялікім сваім багаццем Яўгеній Аляксеевіч лічыць сям’ю. Ён працуе для сябе, дзяцей, а цяпер і ўнукаў. Марыць дачакацца праўнукаў. Упэўнены, што справа ладзіцца, калі вакол цябе правільныя і верныя людзі. Такім чалавекам у яго жыцці стала Ганна Сямёнаўна. Ён лічыць яе галоўным памочнікам і дарадцам і з пяшчотай называе «мая Сямёнаўна». Разам яны ўжо 25 гадоў. Сустрэліся, калі за плячыма ў абодвух былі няўдалыя шлюбы і па дзве дачкі ў кожнага. Сёння ў іх шасцёра дзяцей, якіх любяць і пра якіх клапоцяцца, а яшчэ дзявяцера ўнукаў. Яўгеній Аляксеевіч заўважае, што ніколі не «дзялілі» дзяцей, яны ўсе родныя. Бацькоўскую любоў і дапамогу атрымліваюць таксама пароўну.

Цітуленка заўважае, што для сябе галоўную задачу бачыць у тым, каб дзеці і ўнукі ні ў чым не мелі патрэбы, каб ва ўсіх было сваё жыллё, дастатак у доме, але для гэтага трэба працаваць, дапамагаць бацькам. Сярод дзяцей беларучак няма. Алеся жыве ў Барысаве, Юля — у Мінску, Вольга, Кацярына і Алена — у Радашковічах, з бацькамі самы малодшы Павел, які цяпер у арміі (служыць у Красным). Юнак закончыў Мар’інагорскі аграрна-тэхнічны каледж, мае тэхнічную спецыяльнасць (парк тэхнікі ў фермерскай гаспадарцы даволі багаты). Прадаўжальнікамі сваёй справы Яўгеній Аляксеевіч бачыць сына і зяця Дзяніса, а там, глядзіш, і ўнукі падрастуць.

Фота: архіў СЯМ’І  ЦІТУЛЕНКА.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/regionalnyj-aktsent/item/863-fermerstva-titul-ya-geniya-tsitulenki.html#sigProId4fa67fb4ce
Прочитано 2559 раз Последнее изменение 31.01.2017 8:53
Алена Лашук

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.