26.01.2017 15:08

У Маладзечне з’явіцца дзіцячая тэлестудыя

Народная аматарская тэлевізійная студыя «Наш час» атрымала фінансавую падтрымку -- грант аблвыканкама «Творчы алімп Міншчыны» на стварэнне дзіцячай тэлестудыі «Люстэрка».

Дмитрий Кондратюк. Дмитрий Кондратюк. Фото со странички Д. Кондратюка в социальных сетях.

Ганна Владыка, дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы, у якой існуе студыя  «Наш час»,  расказвае, што гэта была трэцяя спроба атрымаць грант. Перамога супала з 20-годдзем тэлестудыі.

«Наш час» быў створаны ў 1997 годзе ў пасёлку Беразінскае, у 2000-м студыя атрымала званне народнай. Больш за дзесяць гадоў яе кіраўніком з’яўляецца Дзмітрый Кандрацюк. На рахунку тэлестудыі шмат фільмаў, знятых па заказе Міністэрства культуры, абласнога і выканаўчага камітэтаў, відэасправаздачы аб значных падзеях краіны, вобласці, нашага раёна, цыкл замалёвак «Мой любімы горад», фільм,  прысвечаны 75-годдзю Мінскай вобласці, і многія іншыя. Практычна ўсе значныя падзеі Маладзечаншчыны ў полі зроку «Нашага часу», які вось ужо трэцяе дзесяцігоддзе стварае відэалетапіс раёна.

Дзмітрый Кандрацюк перадае свой вопыт моладзі. Многія яго выхаванцы звязалі жыццё з тэлебачаннем. Сярод іх вядучы спартыўных тэлепраграм канала АНТ Мікалай Хадасевіч, аператары канала СТБ Уладзімір Сліж, Дзмітрый Травін, інжынер мантажу МКТБ Аляксандр Стасяловіч, відэаінжынер тэлестудыі «Наш час» Мікалай Апяцёнак.

Новая цікавая задума -- навучыць школьнікаў здымаць відэафільмы і кліпы, рыхтаваць перадачы. Менавіта гэта ідэя лягла ў аснову праекта, які быў вылучаны на атрыманне гранта аблвыканкама. 18 797 рублёў пойдзе на набыццё неабходнага абсталявання для стварэнне дзіцячай тэлестудыі. Па словах Ганны Владыка, у лютым будуць набірацца юныя ўдзельнікі тэлестудыі. Мяркуецца, што ў сакавіку «Люстэрка» распачне сваю работу.

Фото са старонкі Дзмітрыя Кандрацюка ў сацыяльных сетках.

Прочитано 2224 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.