25.01.2017 11:22

Руководитель областного профсоюза побывал на заводе порошковой металургии в Молодечно

У рамках адзінага Дня інфармавання, які прайшоў на мінулым тыдні ў раёне і прысвячаўся Году навукі, адбылася сустрэча старшыні абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктара Маліноўскага з калектывам Маладзечанскага завода парашковай металургіі.

Аксана Шпетная, Таццяна Яцухна, Віктар Маліноўскі, Раіса Казановіч. Аксана Шпетная, Таццяна Яцухна, Віктар Маліноўскі, Раіса Казановіч. "Маладзечанская газета"

Па праўдзе кажучы, лепшы адрас для наведвання прафсаюзным лідарам і падабраць складана. З аднаго боку, менавіта ЗПМ з’яўляецца навукаёмістай вытворчасцю і ўваходзіць у склад Дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання парашковай металургіі. З іншага, сёння ў калектыву нямала праблем, і дапамога, у тым ліку з боку кіраўніцтва прафсаюзнай суполкі, не зашкодзіць.

Каб адчуць усю складанасць сітуацыі, варта звярнуцца да 80-х гадоў мінулага стагоддзя, калі кіраўніцтвам краіны было прынята рашэнне пабудаваць на тэрыторыі былога СССР 24 заводы парашковай металургіі. Завод у Маладзечне стаў першым у гэтым спісе і, дарэчы, адзіным у сваім родзе. Такіх вялікіх прадпрыемстваў больш не будавалі. Яго тэрыторыя — 29 гектараў, плошча вытворчых памяшканняў – 60 тысяч квадратных метраў.

Як расказвае дырэктар Алег Тапалаў, завод так і не выйшаў на запланаваныя аб’ёмы вытворчасці прадукцыі. Ён уводзіўся паступова, абсталяванне закуплялася толькі за мяжой. А ў 1995 годзе прадпрыемства, якое справядліва лічылася навуковай лабараторыяй, проста рухнула. Тры гады таму здарыўся яшчэ адзін абвал. І ратаваць завод зноў запрасілі былога дырэктара. Распрацавана праграма выхаду з крызісу, якая разлічана на тры гады. Алег Мінавіч не толькі добра ведае вытворчасць, якой аддаў не адзін дзясятак гадоў, але і хварэе за калектыў. Калісьці тут працавала 1400 чалавек, цяпер – 208, з іх 57 інжынерна-тэхнічны персанал, што таксама сведчыць аб навукаёмістасці ЗПМ.

Да гонару кіраўніцтва і калектыву завод пакрысе распраўляе крылы. За мінулы год атрымана 3,7 мільярда рублёў (да дэнамінацыі) чыстага прыбытку. Пачалі рэгулярна выплачваць зарплату. І хаця яна пакуль невялікая (сярэдні заробак – 513 рублёў), але намецілася тэндэнцыя да павелічэння. Наогул, дырэктар лічыць, што трэба жыць па сродках. Адкуль могуць з’явіцца вялікія грошы, калі прадпрыемства толькі за электраэнергію штомесяц плаціць 1,3 мільярда рублёў (у «старых» грошах). Адзін з праблемных момантаў – неабходнасць утрымліваць вялікія плошчы. Між тым прадпрыемству хапіла б і 12 тысяч квадратных метраў, тады і памяшканні можна было б нейкім чынам абаграваць, праводзіць цеплавую рэабілітацыю будынка. А пакуль цёпла толькі там, дзе ўстаноўлена электроніка.

Сёння прадукцыя завода пастаўляецца на Мінскі трактарны завод, «БелАЗ», «Амкадор-Унікаб», Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод і іншыя прадпрыемствы краіны. Значная яе колькасць (48 працэнтаў) ідзе на экспарт, а гэта валюта. Сярод спажыўцоў прадпрыемствы Украіны, Эстоніі, але асноўны імпарцёр – Расія. З гэтай краінай наладжаны сапраўдныя партнёрскія адносіны. Так, расіяне адгрузілі маладзечанцам у доўг 500 тон пракату, што дало магчымасць калектыву працаваць на поўную магутнасць.

Алег Тапалаў спадзяецца, што аб’яўлены Год навукі стане сапраўдным выратаваннем для завода парашковай металургіі і яшчэ адным крокам на шляху да выхаду з крызісу. І надзейнае плячо падставіць Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Менавіта гэта ўстанова з’яўляецца заснавальнікам прадпрыемства. Дарэчы, летась АН выдаткавала заводу 18 мільярдаў рублёў (у старых грошах) на павелічэнне статутнага фонду.

Канкрэтную дапамогу ЗПМ паабяцаў аказаць і старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктар Маліноўскі. Ён не толькі ўважліва выслухаў Алега Мінавіча, спецыялістаў прадпрыемства, але і пабываў на вытворчасці. Віктар Тадэвушавіч звярнуў асаблівую ўвагу на ўмовы працы работнікаў. Безумоўна, абагрэць такія вялікія памяшканні, вышыня якіх даходзіць да 12 метраў, проста нерэальна, тут ніякая эканоміка не вытрымае. Прафсаюзны лідар адзначыў, што некалькі памяшканняў, дзе работнікі маглі б сагрэцца і папіць той жа гарбаты, проста павінны быць. Да гонару дырэктара, ён наладзіў гарачае харчаванне завадчан. Алег Мінавіч заўважыў, што пры неабходнасці работнікі заўсёды могуць разлічваць на дапамогу з боку прадпрыемства, адмаўляць тут не ўмеюць.

Таксама Віктар Маліноўскі расказаў аб рабоце федэрацыі прафсаюзаў краіны, абласнога аб’яднання, аб тых мерапрыемствах, якія накіраваны на абарону інтарэсаў членаў арганізацыі. У адзіным Дні інфармавання ўдзельнічалі галоўны прававы інспектар працы абласнога аб’яднання прафсаюзаў Аксана Шпетная, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзных арганізацый Таццяна Яцухна, загадчыца сектара аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Раіса Казановіч.

Фота: Вячаслаў Табулін.

Прочитано 1923 раз
Алена Лашук

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.