23.10.2020 9:47

У Палачанах урадзілі цукровыя буракі

Доўгія, акуратныя бурты цукровых буракоў, магутны буракаўборачны камбайн, які хутка і якасна ўбірае салодкія караняплоды — такую карціну мы ўбачылі на адным з палёў ААТ «Палачаны». У гаспадарку журналісты прыехалі разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімірам Саланенкам, каб паназіраць, як вядуцца апошнія работы палявога сезона, а таксама сустрэцца з работнікамі таварыства.

На ўборцы салодкіх караняплодаў працуе Уладзімір Прыгодскі. На ўборцы салодкіх караняплодаў працуе Уладзімір Прыгодскі.

— Гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і зернебабовых, рапсу, кукурузы, цукровых буракоў, а таксама на жывёлагадоўлі, — гаворыць кіраўнік таварыства Алена Халматава. – Вырошчваем адразу некалькі культур, каб мець гарантаваны прыбытак. Нездарма кажуць, што ў добрага гаспадара павінна быць усяго пакрысе. Калі нешта не ўродзіць, іншыя культуры выправяць сітуацыю.

Субяседніца адзначыла, што цукровыя буракі ў Палачанах культывуюць ужо два дзясяткі гадоў. Пачыналі з 50 гектараў. Сёлета засеялі 300. Салодкія караняплоды даюць нядрэнную рэнтабельнасць. Да таго ж збыт гарантаваны. Прадукцыя для перапрацоўкі пастаўляецца на Гарадзейскі цукровы камбінат. На яе існуе дзяржзаказ. Сёлета ён складае 11,5 тысячы тон. На цукровыя буракі, якія здаюцца звыш дзяржзаказу, расцэнкі павышаныя.

— Цукровыя буракі патрабавальныя да глебы, – уступіла ў размову галоўны аграном ААТ Наталля Бажко. — Пры іх вырошчванні важна рэгулярна ўносіць мінеральныя ўгнаенні, мікраэлементы, праводзіць хімпраполку. Лета ў гэтым годзе было засушлівае. Таму ў караняплодаў павышанае ўтрыманне цукру (каля 17,5 працэнта). Ураджай таксама радуе. З гектара збіраем у сярэднім 475 цэнтнераў. Буракі буйныя – 350-450 грамаў.

Як падкрэсліла спецыяліст, пры культываванні цукровых буракоў вялікую ролю адыгрывае арганізацыя працы. Важна не толькі выконваць агратэхнічныя мерапрыемствы, але і матываваць механізатараў, ствараць для іх належныя ўмовы працы.

— Спрыяльны час для ўборкі салодкіх караняплодаў прапусціць нельга. Ад тэрмінаў збору ўраджаю шмат у чым залежыць захаванасць буракоў, а ў канчатковым выніку і выхад цукру, — зазначыла Наталля Бажко.

У Палачанах за ўвесь цыкл вырошчвання салодкіх караняплодаў адказваюць тры механізатары. Аляксандр Бажко высявае культуру спецыяльнай сеялкай. Віталій Цярэшка праводзіць хімапрацоўку. За Уладзімірам Прыгодскім замацаваны магутны высокапрадукцыйны буракаўборачны камбайн «Агрыфак» галандскай вытворчасці. Спецыялісты дасканала ведаюць тэхніку і дакладна выконваюць свае абавязкі. У выніках працы людзі зацікаўлены.

Дарэчы, усе ўдзельнікі палявых работ у Палачанах забяспечаны гарачымі абедамі і падвячоркамі. Палову кошту харчавання аплачвае гаспадарка. Цяпер у таварыстве акрамя ўборкі цукровых буракоў праводзяцца закладка кукурузнага сіласу, ворыва зябліва, іншыя работы.

З Уладзімірам Прыгодскім мы сустрэліся прама на полі. На буракаўборачным камбайне ён працуе чацвёрты сезон. За гадзіну механізатар убірае 50-60 тон буракоў. Караняплоды назапашваюцца ў спецыяльным бункеры, а потым перавозяцца ў бурты. Адтуль ураджай забірае тэхніка Гарадзейскага цукровага камбіната.

Высокую ацэнку дзейнасці кіраўніцтва гаспадаркі па стварэнні годных працоўна-бытавых умоў даў Уладзімір Саланенка. Ён адзначыў, што «Палачаны» з’яўляюцца адной з лепшых гаспадарак Маладзечаншчыны. Тут не на словах, а на справе клапоцяцца аб людзях.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/regionalnyj-aktsent/item/7895-u-palachanakh-uradzili-tsukrovyya-buraki.html#sigProId4a2518d9df
Прочитано 300 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить