13.01.2017 12:01

Халады: недзіцячая праблема дзіцячага сада

На гэтым тыдні ўвагу многіх маладзечанцаў прыцягнуў дзіцячы сад №28 Маладзечна. Праблема, з якой сутыкнулася дашкольная ўстанова, выйшла за яе межы.

Детский сад №28. Детский сад №28. "Маладзечанская газета"

Трывогу забілі бацькі выхаванцаў: у памяшканнях на другім паверсе, дзе трохгадовыя дзеці  гулялі, елі і спалі, тэмпература паветра панізілася да +13 градусаў. У адным з памяшканняў нават быў сфатаграфаваны тэрмометр з такой адзнакай на шкале.

Гэта інфармацыя хутка разляцелася па інтэрнэт-парталах і сацыяльных сетках. Зноў жа са спасылкай на бацькоў гаварылася аб тым, што каб дзеці не замерзлі, іх выводзілі пагрэцца ў больш цёплыя групы на першым паверсе. Але на час прыёму ежы і сну зноў вярталі ў халодныя пакоі.  

Сітуацыю пракаменціравала загадчыца дзіцячага сада №28 Наталля Бялова. Па яе словах, такая тэмпература сапраўды была ў трох групавых блоках – гэта адна сярэдняя і дзве старэйшыя групы для дашкольнікаў адпаведна ад чатырох і пяці гадоў.

— У памяшканнях пахаладала ў панядзелак, 9 студзеня, пасля таго як напярэдадні прыціснулі моцныя маразы. Выхавальнікі, рабочы дзень якіх пачынаецца з сямі гадзін раніцы, хутка сарыентаваліся ў сітуацыі, — тлумачыць Наталля Лафер’еўна. — Дзяцей мы не вадзілі з паверха на паверх. Літаральна на працягу гадзіны па меры прыходу выхаванцаў іх размяшчалі ў больш цёплых групах на першым паверсе.

Будынак сада ўзведзены ў 1980 годзе. Бывала, у залежнасці ад надвор’я на другім паверсе будынка тэмпература паветра паніжалася ў трох групавых блоках, вокны якіх выходзяць на поўнач (у адным блоку яны выходзяць на поўдзень, і там тэмпература трымаецца стабільная). У крытычных выпадках выкарыстоўваюцца адзін або два масленыя абагравальнікі, каб падтрымліваць дапушчальныя для дашкольных устаноў «плюсавыя» 19-21 градус, што адпавядае санітарным нормам, правілам і гігіенічным нарматывам Рэспублікі Беларусь.

Сітуацыя, што склалася ў дзіцячым садзе №28, на кантролі ў мясцовых улад, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, КУП «Камунальнік». Кіраўніцтва гэтых структур і іншых зацікаўленых службаў наведала дашкольную ўстанову. Да прыкладу, літаральна ў час нашага прыходу ў садзе пабываў старшыня райвыканкама Аляксандр Яхнавец.

— У бліжэйшы час у праблемных памяшканнях пачнуць мяняць вокны (неабходна замяніць дзевяць адзінак) на шклопакеты. Таксама плануецца часткова ўцяпліць фасад будынка. А па завяршэнні ацяпляльнага сезона будуць дадаткова ўстаноўлены батарэі. Адпаведныя работы правядуць гаспадарчым спосабам, — падкрэсліла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Драпеза.

У сераду, 11 студзеня, у праблемных памяшканнях тэмпература паднялася да +17 градусаў. У гэты дзень у садзе было 126 дзяцей. Наогул па спісе тут 260 выхаванцаў. Адсутнасць большай колькасці дашкольнікаў не звязана з павелічэннем захворваемасці. Напрыклад, некаторыя бацькі знаходзяцца ў водпуску і праводзяць яго разам з дзецьмі альбо пакідаюць іх дома па іншых прычынах.

Фота: Аляксей Платко.

Прочитано 2008 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.