Каб першымі падаць адпаведныя дакументы, людзі дзяжурылі ля будынка ўпраўлення капітальнага будаўніцтва. Не разышліся яны і ў гэтыя халодныя дні. «Вахту» нясуць і патэнцыяльныя дольшчыкі, і тыя, хто гатовы купіць квадратныя метры па камерцыйнай цане. Сярод апошніх – жыхары іншых рэгіёнаў.
— Такога ажыятажу не было б, каб чарга на атрыманне жылля рухалася больш хутка, — сказалі патэнцыяльныя навасёлы. — Мы нікому ўжо не верым. Спадзяёмся толькі на сябе. Вось і сфарміравалі «жывую» чаргу. Хочам, каб кватэры ў доме размяркоўваліся сумленна.
Даць ацэнку сітуацыі мы папрасілі намесніка старшыні райвыканкама па будаўніцтве Вадзіма Цара. Па яго словах, ствараць або не «жывую» чаргу — асабістая справа кожнага. Юрыдычнай сілы такія спісы не маюць. Парадак прыёму заяў на ўдзел у долевым будаўніцтве прапісаны заканадаўча. Што тычыцца кватэр па камерцыйнай цане, набыць іх могуць і жыхары іншых рэгіёнаў, і нават замежныя грамадзяне.
Намеснік старшыні райвыканкама нагадаў, што права стаць дольшчыкамі і атрымаць кватэры ў доме па Валынца будзе дадзена грамадзянам, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Але ў гэтым выпадку льготнае крэдытаванне для іх не прадугледжана.
Вадзім Цар дадаў, што дзевяці-павярховы дом цалкам з долевым удзелам сёлета плануецца ўзвесці па вуліцы Будаўнікоў. Кватэры ў ім атрымаюць тыя, хто стаіць у чарзе на квадратныя метры. Палову кватэр грамадзянам, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, прадугледжваецца выдзеліць яшчэ ў двух дамах, будаўніцтва якіх намечана на гэты год.
— Плануецца, што каля 130 кватэр сёлета атрымаюць жыхары горада і раёна, якія знаходзяцца ў пачатку спісу «чаргавікоў». Жыллё для іх прадугле-джваецца ўзвесці па дзяржзаказе, — падкрэсліў Вадзім Цар.
Даведка. Згодна з указам Прэзідэнта №263 «Аб долевым будаўніцтве аб’ектаў у Рэспубліцы Беларусь» і дадаткам да яго, апублікаванне праектнай дэкларацыі дапускаецца толькі пры ўзвядзенні забудоўшчыкам часткі аб’екта будаўніцтва за кошт уласных (прыцягнутых) сродкаў (акрамя прыцягнутых сродкаў дольшчыкаў) у суме, якая складае не менш за 15 працэнтаў ад кошту аб’екта будаўніцтва, вызначанай у праектнай дакументацыі.
Калі дольшчыкам выступае грамадзянін, які знаходзіцца на ўліку і мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, прыбытак забудоўшчыка на нарміруемую плошчу не павінен перавышаць 5 працэнтаў.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.