11.01.2017 10:38

Жыхары вёсак Мойсічы і Зарачанская скардзяцца на стан вуліц

Можна сказаць: «Ёсць вуліцы яшчэ горшыя». Але кожны чалавек клапоціцца аб той, дзе жыве. І гэта яго права.

Вёска Мойсічы: будуць грошы – будзе і рамонт

У пачатку снежня мы расказвалі пра праблему жыхароў вёскі Мойсічы Хажоўскага сельсавета, якія скардзіліся: па вуліцы Цэнтральнай ні прайсці ні праехаць.

Публікацыя была накіравана на рэагаванне ў адпаведныя інстанцыі, у тым ліку райвыканкам. Рэдакцыя атрымала адказ за подпісам намесніка старшыні райвыканкама Алега Хлебаўца. Прыводзім яго поўнасцю, як кажуць, без купюр:

«Вуліца Цэнтральная ў вёсцы Мойсічы працягласцю 1,3 км (брукаваная маставая – 0,7 км, гравійнае пакрыццё – 0,6 км) знаходзіцца ў гаспадарчым падпарадкаванні філіяла КУП «Мінскаблдарбуд» - «ДРБУ №195» з 2011 года. Вуліца перададзена на абслугоўванне з інфраструктурай, якая ўжо існавала.

Здымкі зроблены летам 2015 года. З таго часу мала што змянілася.



Згодна з планам работ КУП «Мінскаблдарбуд» па ўтрыманні мясцовых аўтамабільных дарог на 2016 год Маладзечанскаму раёну за кошт сродкаў дарожнага фонду на вуліцы сельскіх населеных пунктаў выдзелена 56149 рублёў. У гаспадарчым падпарадкаванні філіяла КУП «Мінскаблдарбуд» - «ДРБУ №195» знаходзіцца 345,5 км вуліц сельскіх населеных пунктаў (у тым ліку па Хажоўскім сельсавеце – 22,2 км).



Згодна з пунктам 2 рашэння Мінскага аблвыканкама ад 15 красавіка 2009 года №368 КУП «Мінскаблдарбуд» павінен забяспечваць утрыманне перададзеных па дагаворах дарог і вуліц у межах сродкаў, якія выдзяляюцца».

Ад рэдакцыі. Зразумела адно: ніхто не ведае, калі будзе адрамантавана вуліца Цэнтральная ў вёсцы Мойсічы ці хаця б самы яе праблемны ўчастак. Пакуль зіма, снег і маразы -- луж не будзе, а на вясну можна параіць вяскоўцам купляць гумовыя боты, а гаспадарам сядзіб набрацца цярпення і чакаць сваёй чаргі на рамонт. Мы не сумняваемся, што ёсць вуліцы яшчэ горшыя, але кожны чалавек клапоціцца аб той, дзе жыве. І гэта яго права. 

Вёска Зарачанская: сапраўдная «гразелячэбніца»

Вёска Зарачанская Мясоцкага сельсавета «ганарыцца» радовішчам бруду на галоўнай вуліцы. У сапраўднае балота ператварыўся ўчастак дарогі ля дома №31 недалёка ад кантэйнернай пляцоўкі для збору смецця. Вада затапіла праезную частку і перакрыла рух транспарту і пешаходам. Калі карэспандэнты «МГ» прыбылі на месца, раставаў снег. З бліжэйшых пагоркаў у нізіну сцякалі шматлікія ручаіны. Зона падтаплення павялічвалася. Мясцовым жыхарам і дачнікам можна было толькі паспачуваць.



-- Бачыце, якая бяда! -- паскардзілася Алена Паляшчук, якая прыехала праведаць сваякоў і не магла дабрацца да патрэбнага дома. – Вуліцу затапляе рэгулярна. Церпяць ад гэтага ўсе. Так, нядаўна ў каляіне забуксавала машына хуткай дапамогі. Нярэдка даводзіцца выцягваць з лужы асабістыя аўтамабілі. Дарога, якая вядзе да прыпынку электрычак, таксама не ў лепшым стане. Няўжо няма магчымасці выправіць сітуацыю?

Рэдакцыя спадзяецца, што адказныя асобы профільных арганізацый звернуць увагу на праблему. Вяскоўцы павінны жыць у нармальных умовах.

Здымак зроблены 28 снежня мінулага года, калі ў рэдакцыю паступіла скарга на стан вуліцы. Сапраўды, па такой дарозе без перашкод прайсці магла хіба толькі самая магутная тэхніка. Калі настане адліга, «гразелячэбніца» ў Зарачанскай зноў адкрыецца.

Тэкст: Алена ЛАШУК, Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 1550 раз
Соб. инф.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.