09.12.2016 14:53

Закон аб альтэрнатыўнай службе скарыстаў адзін маладзечанец

Аб асаблівасцях валанцёскай службы расказвае намеснік начальніка аддзела занятасці і рынку працы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Ажарава:

Закон аб альтэрнатыўнай службе скарыстаў адзін маладзечанец "Вечерний Брест"


— Закон «Аб альтэрнатыўнай службе» ўступіў у дзеянне 1 ліпеня, — адзначыла Алена Вячаславаўна. – Такім чынам на заканадаўчым узроўні забяспечана рэалізацыя артыкула 57 Канстытуцыі краіны. У ім запісана: «Абарона Рэспублікі Беларусь – абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Парадак праходжання вайсковай службы ці замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам». Альтэрнатыўная служба – гэта грамадска-карысная дзейнасць, і яе нельга блытаць з вайсковай. Малады чалавек лічыцца не салдатам, а хутчэй валанцёрам. Рашэнне аб замене тэрміновай службы ці вайсковай у рэзерве на альтэрнатыўную прымае прызыўная камісія. Прычыны для яе праходжання павінны быць пераканаўчымі. У Законе ўстаноўлены пералік выпадкаў, калі ў гэтым можа быць адмоўлена. Дарэчы, пакуль юнак не прыступіў да службы, ён можа змяніць рашэнне і пайсці служыць у армію. Потым перайначыць штосьці немагчыма.

— У нашым раёне ёсць тыя, хто скарыстаў Закон?
— Так, гэта малады чалавек 1993 года нараджэння. Прыняцце прысягі, нашэнне, прымяненне і абслугоўванне зброі, баявой тэхнікі супярэчаць яго рэлігійным перакананням. Яго заява была разгледжана, і прынята станоўчае рашэнне. Праходзіць службу ён будзе ў доме-інтэрнаце для састарэлых у Гродзенскай вобласці. Мы выдаём яму праязныя дакументы, уліковую карту, пасведчанне. Чым канкрэтна будзе займацца — вызначыцца на месцы. Адназначна гэта будзе некваліфікаваная праца, магчыма, санітара, прыбіральшчыка, дворніка. Два «альтэрнатыўшчыкі» — жыхары Гомеля — будуць праходзіць службу ў нашай раённай бальніцы.
На альтэрнатыўную службу гэтай восенню ў краіне прызваны больш за 40  чалавек.

— Якім чынам служаць такія грамадзяне?
— Яны трапляюць у распараджэнне Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Яно прымае рашэнне, дзе і ў якой арганізацыі будзе працаваць «альтэрнатыўшчык». Нас пісьмова інфармуе наша ўпраўленне. Пералік відаў дзейнасці і арганізацый даволі шырокі: ахова здароўя, лясная, сельская і жыллёва-камунальная гаспадаркі, сацыяльная сфера, арганізацыі, што займаюцца будаўніцтвам, добраўпарадкаваннем тэрыторый, рамонтам дарог, чыгункі і інш. Акрамя таго, такія грамадзяне могуць прыцягвацца да ліквідацыі наступстваў прыроднага і тэхнагеннага характараў. Магу адразу сказаць, што яны не накіроўваюцца служыць па месцы пражывання, а іх працоўны тыдзень доўжыцца 48 гадзін.

— Які тэрмін альтэрнатыўнай службы і ці ёсць абмежаванні для такіх грамадзян?
— Той, хто мае вышэйшую адукацыю, будзе працаваць так званым валанцёрам 24 месяцы, астатнія – 36. Калі хто думае, што гэта вельмі лёгка, то памыляецца. Альтэрнатыўная служба не павінна прадугледжваць больш ільготныя ўмовы, чым тэрміновая. Наш зямляк будзе служыць тры гады. Ён мае права на штогадовы 10-дзённы водпуск (у якасці заахвочвання можа атрымаць дадатковы да 10 дзён). Калі чалавек вучыцца ці збіраецца вучыцца і адлучаецца на сесію, экзамены, то служба падаўжаецца на адпаведны час. Але і тут патрэбен дазвол. Па ўзгадненні бакоў ён можа ў выхадныя ездзіць дамоў, але спазняцца на працу нельга, як і парушаць рэжым. Што да абмежаванняў, то «альтэрнатыўшчык» не мае права прымаць удзел у забастоўках, быць прадпрымальнікам, займацца іншай аплачваемай работай.   

— Дзе ў такім выпадку ўзяць сродкі на жыццё?
— Альтэрнатыўная служба фінансуецца са сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў. Грамадзяніну выплачваецца штомесячная грашовая дапамога ў памеры 150 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ – 175 рублёў 50 капеек). Гэтыя грошы пры-
значаюцца на набыццё прадуктаў харчавання, адзення, сродкаў уласнай гігіены. Спец-
адзеннем забяспечвае тая арганізацыя, куды ён накіраваны. Таксама выдзяляюцца месца ў інтэрнаце (заўважце, месца, а не пакой) і самая неабходная мэбля. Астатняе – за свой кошт. Камунальныя плацяжы малады чалавек не аплачвае.

— А як наконт прэферэнцый?
— Грамадзяне вызваляюцца ад камунальных плацяжоў па месцы рэгістрацыі, за імі захоўваецца чарга на паляпшэнне жыллёвых умоў. Таксама на час службы даецца адтэрміноўка пагашэння крэдыту і выплаты па ім працэнтаў на будаўніцтва ці набыццё жылля (калі такія ёсць). Варта мець на ўвазе, што гэта льгота на астатнія крэдыты не распаўсюджваецца. За тымі, хто працаваў у дзяржаўных арганізацыях, захоўваецца рабочае месца, у іншых выпадках пасля звальнення даецца работа. Жыццё і здароўе абавязкова страхуюцца (за сродкі дзяржаўнага бюджэту). Час службы залічваецца ў працоўны стаж.

Прочитано 1784 раз
Алена Лашук

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.