09.12.2016 11:47

Дэмаграфія Маладзечанскага раёна. Лістапад 2016-га

Аператыўная інфармацыя ад  начальніка аддзела ЗАГС райвыканкама Алы Івашкевіч.

Нараджэнні
У лістападзе зарэгістраваны 144 новыя жыхары (75 хлопчыкаў і 69 дзяўчынак), што на 8 менш, чым у мінулым годзе. Першае дзіця нарадзілася ў 54 сям’ях, другое – у 64, трэцяе – у 17, чацвёртае – у 4, пятае  -- у 3, шостае – у 2. Сярэдні ўзрост маці – 28 гадоў, татаў – 31.
Зарэгістраваны дзве пары двайнят. Маладзечанцы Кацярына і Андрэй Шыкіны сталі бацькамі дачкі Марыі і сына Андрэя. У жыхаркі вёскі Пазнякі Аляхновіцкага сельсавета Вікторыі Пятроўскай нарадзіліся сын Аляксандр і дачка Арына.  
Самымі папулярнымі імёнамі ў лістападзе былі Арсеній, Арцём, Мацвей, Максім, Дар’я, Марыя, Арына, Софія, Ульяна. Сярод рэдкіх – Аркадзій, Асатур, Герман, Яфрэм, Рувім, Амелія, Івета, Каміла, Ліяна, Пелагея, Серафіма, Эліяна.
За 11 месяцаў у раёне з’явілася на свет 1570 дзяцей -- на 25 менш, чым летась.

Шлюбы
Іх зарэгістравана 68, і гэта на 43 менш, чым у мінулым годзе. Сярэдні ўзрост нявест – 30 гадоў, жаніхоў – 31. Самай юнай нявесце няма і 18, адзін жаніх і дзве нявесты дасягнулі 60-гадовага ўзросту. У пераважнай большасці стваралі сем’і грамадзяне Беларусі, але рэгістравалі шлюбы і з грамадзянамі Украіны, Германіі, Расіі, Латвіі.
Усяго сёлета ў раёне створаны 924 новыя сям’і, што на 208 менш, чым за такі ж перыяд мінулага года.

Разводы
У лістападзе іх колькасць адна з самых высокіх за год – 52, што на 24 больш, чым летась. За 11 месяцаў у раёне распалася 466 сем’яў -- на адну больш, чым у 2015 годзе. Калі супаставіць іх з колькасцю шлюбаў, то атрымліваецца вельмі сумная статыстыка: распадаецца амаль кожная другая сям’я.

Смерці
Апошні месяц восені стаў апошнім у жыцці 174 нашых землякоў, гэта на 28 больш, чым летась. Да лістапада найбольш смерцяў сёлета рэгістравалася толькі ў маі – 161. За 11 месяцаў пайшло з жыцця 1605 чалавек -- на 12 больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Такім чынам, па раёне смяротнасць апераджае нараджальнасць: 1605 супраць 1570. Па горадзе гэтыя лічбы больш аптымістычныя: памерла 1018 чалавек, нарадзілася 1186.

Прочитано 1861 раз Последнее изменение 09.12.2016 11:47
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.