03.03.2020 14:36

Свята «Майстры працы Маладзечанскага краю – Радзіме». Яркія моманты

Маштабнае свята «Майстры працы Маладзечанскага краю – Радзіме», прысвечанае 80-годдзю Маладзечанскага раёна, адбылося ў суботу, 29 лютага, у гарадскім Палацы культуры. Для кожнага ўдзельніка гэты дзень стаў незабыўнай падзеяй.

Нам ёсць чым ганарыцца

— Прыемна, калі плячо ў плячо працуе каманда аднадумцаў. На гэтым свяце сабраліся людзі, нераўнадушныя да лёсу свайго краю, якія з году ў год аддаюць працу свайму раёну, а значыць, і вобласці ў цэлым. Ваш край валодае неабходным патэнцыялам для таго, каб у недалёкай будучыні стаць магутным прамысловым, транспартным і сельскагаспадарчым цэнтрам, — адзначыў у прывітальным слове старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Турчын.

Ён падкрэсліў, што Маладзечаншчыну заслужана называюць культурнай сталіцай Мінскай вобласці: яе творчая эліта вядомая далёка за межамі краіны, а фестывальны каляндар можа многім скласці дастойную канкурэнцыю. У гэтым годзе завяршаецца рэалізацыя комплекснага плана развіцця Маладзечанскага раёна, які распрацаваны па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Многае ўжо зроблена, але і за 2020 год трэба паспець нямала. Старшыня аблвыканкама выказаў спадзяванне, што чарговай жамчужынай, якая ўпрыгожыць Маладзечна, стане новы Палац шлюбаў — сумесны праект вобласці і раёна.

— Наш край унікальны, галоўнае яго багацце – людзі, — сказаў у сваім выступленні старшыня Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў і выказаў падзяку ўсім землякам – ветэранам вайны, тым, хто аднаўляў пасляваенную гаспадарку, сённяшнім працаўнікам.

Кіраўнік раёна адзначыў, што чысты прыбытак па выніках 2019 года павялічыўся на 14 працэнтаў, гэта склала больш за 30 мільёнаў рублёў. Прамысловыя прадпрыемствы вырабілі прадукцыі на 850 мільёнаў рублёў, летась яна пастаўлялася не толькі на ўнутраны рынак, але і ў 42 краіны. Высокіх паказчыкаў дасягнулі аграрыі. Па выніках абласнога спаборніцтва па ўборцы збожжавых наш раён упершыню заняў ганаровае другое месца. Значная вяха ў жыцці раёна ў мінулым годзе звязана з паляпшэннем жыцця людзей. Выкананы важныя абавязацельствы: 142 мнагадзетныя сям’і забяспечаны сучасным жыллём. Усяго здадзена звыш 44 тысяч квадратных метраў жылля. Старшыня райвыканкама спыніўся таксама на дасягненнях устаноў сацыяльнай сферы, назваў імёны тых, хто праславіў свой раён далёка за яго межамі.

Фото: здесь

Дзякуй вам за працу, пераможцы!

Галоўнымі героямі ўрачыстасці сталі самыя дастойныя прадстаўнікі прамысловасці і аграрнага комплексу, устаноў адукацыі, медыцыны, культуры, іншых сфер дзейнасці — як кіраўнікі, так і радавыя працаўнікі. Па выніках работы за 2019 год яны паказалі найлепшыя паказчыкі, іх партрэты будуць змешчаны на раённую Дошку гонару. Кожнага з іх павіншавалі з працоўнай перамогай, уручылі ўзнагароды старшыня райвыканкама Юрый Горлаў і яго намеснікі. Перадавікам быў прысвечаны відэафільм, якія спецыяльна да свята стварылі журналісты.

Многія нашы землякі за высокія дасягненні былі адзначаны Ганаровымі граматамі і Падзякамі абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў, абласнога і раённага Саветаў дэпутатаў, абласнога аб’яднання прафсаюзаў, іншымі ўзнагародамі. Разам з дарослымі асабліва прыемна было бачыць на сцэне моладзь – пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў, творчых конкурсаў.

На сцэне – кіраўнікі мінулых гадоў

Магчыма, упершыню за апошнія дзесяцігоддзі на адной сцэне сабраліся былыя кіраўнікі гарадскога і раённага выканаўчых камітэтаў, гаркама і райкама партыі. Апладысментамі вітала зала Уладзіміра Буянава, Віктара Гаўрыленку, Аляксея Выбарнава, Станіслава Татарыновіча, Аркадзія Луновіча, Сямёна Касабуцкага, Генадзія Кучко, Аляксандра Яхнаўца, Васілія Сахарчука, Канстанціна Туровіча. Прывітанне з нагоды свята даслаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц, які ў свой час працаваў старшынёй Маладзечанскага райвыканкама.

— Дзякуем за тое, што памятаеце нас, — звярнуўся да прысутных былы першы сакратар гаркама партыі Канстанцін Туровіч (на фота) і нагадаў, што на Маладзечаншчыне жылі і працавалі пяць Герояў Савецкага Саюза, сем Герояў Сацыялістычнай Працы – гэтым можа ганарыцца не кожны раён.
Ганарымся мы і заслужанымі работнікамі розных сфер народнай гаспадаркі. Многія з іх таксама прысутні-
чалі на свяце, іх віталі кветкамі і апладысментамі.

Паклон вам, ганаровыя грамадзяне раёна!

Іх прозвішчы ведае кожны маладзечанец: удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны Клара Філіпава і Іван Кісель, Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Калачык, былы старшыня гарвыканкама Мікалай Чурсін, вядомыя педагогі Павел Быкаў, Аляксандр Міхнікевіч, Лідзія Князева, знакаміты ўрач Леанід Путырскі, заслужаныя дзеячы культуры Рыгор Сарока, Алег Елісеенкаў. Не ўсе змаглі прыйсці на свята, але ўсім адрасаваліся самыя шчырыя словы павагі і ўдзячнасці.

— Няхай і праз пяцьдзясят, і праз сто гадоў кожны маладзечанец з гордасцю гаворыць словамі вядомай песні: «Люблю свой край, старонку гэту!». Вельмі хочацца, каб нашы нашчадкі знайшлі сваё шчасце тут, на малой радзіме, каб зрабілі яе яшчэ больш прыгожай і заможнай! – выказаў спадзяванне са сцэны Рыгор Сарока (на фота).

Віталі ганаровых гасцей

Маладзечанцам прыемна было атрымаць віншаванні ад сваіх даўніх добрых сяброў. Усяго ў нашым раёне 23 гарады-пабрацімы. На свята завіталі дэлегацыі са Светлаўскай гарадской акругі Калінінградскай вобласці, гарадоў Ірпеня Кіеўскай вобласці, Дамброва-Беластоцка Рэспублікі Польшча. Са шчырымі віншаваннямі і падарункамі прыехалі да нас і дэлегацыі з суседніх раёнаў – Валожынскага, Вілейскага, Стаўбцоўскага, Мінскага, Мя-
дзельскага, Смаргонскага.

Гучалі словы прывітання ад члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Каліны Капуцкай, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алега Семенчука, старшыні Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктара Маліноўскага.

На творчасць натхніў родны край

Шыкоўным музычным падарункам удзельнікам свята сталі выступленні вядомых беларускіх выканаўцаў, якія пачыналі свой шлях у мастацтва на маладзечанскай сцэне. Радавалі гледачоў сваімі выступленнямі кампазітар Алег Елісеенкаў (на фота), спевакі Дарыя, Андрэй Усанаў, Дзмітрый Сяргееў, саліст балета Цімафей Вайт-
кевіч, група «Правакацыя» (яе ўдзельнік Марк Войтка родам з Маладзечна). Уразіла выступленне шоу-балета «Ілізіум». Спецыяльна да юбілею падрыхтавалі лазернае шоу «Гісторыя 80 год». Цудоўна вялі свята Юлія Крук і Васілій Маліноўскі. Уразіў гледачоў і маштабны флэш-моб з удзелам харэаграфічных калектываў устаноў адукацыі.

Ад сівой даўніны – да нашых дзён

Шмат душы, таленту, фантазіі ўклалі работнікі культуры ў мастацкае аздабленне свята, яго сцэнарый, рэжысуру. Розныя пакаленні жыхароў нашага краю прадставілі ва ўверцюры святочнай праграмы акцёры Мінскага абласнога тэатра Барыс Донін, Богдан Гойтан, навучэнец гімназіі-каледжа мастацтваў Іван Целяжэвіч.

 

Прочитано 965 раз Последнее изменение 03.03.2020 14:36
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.