31.12.2019 10:40

Вынікі інтэрнэт-галасавання: найлепшая ёлка Міншчыны знаходзіцца ў Вілейцы

За некалькі дзён да Новага года жыхары Мінскай вобласці пачалі выбіраць найлепшую ёлку 2020-га.

Анлайн-галасаванне, да якога заклікалі і маладзечанцаў,  праходзіла на партале МЛЫН.BY з вечара 24 снежня да 14 гадзiн 30 снежня. 

Ацэньваліся ёлкі, устаноўленыя ў 23 гарадах Міншчыны, — як у дзённым святле, так і ў вечаровым. Пераможцы вызначыліся па колькасці лайкаў.

Першае месца займае навагодняе дрэва з Вілейкі — 6934 лайкі. Ёлка ў райцэнтры штучная, яе вышыня — 12,5 метра, на лапках красуюцца каля 200 цацак.

На другім месцы Нясвіж — 6023 адзнакі «падабаецца». Ёлка таксама штучная, вышыня 8 метраў, а вось цацак больш за 500. Праўда, для галасавання рэдакцыяй была абрана навагодняя прыгажуня не з цэнтральнай плошчы, а з замка Радзівілаў.

Замыкае тройку лідараў Лагойск — 2668 лайкаў. Ёлка штучная і самая высокая сярод пераможцаў — 14 метраў, цацак на ёй каля 300.

Далей гарады размясціліся так:

Беразіно — 2093
Валожын — 1949
Барысаў — 1848
Мар’іна Горка — 1795
Слуцк — 1251
Старыя Дарогі — 1220
Клецк — 1166
Маладзечна — 1108
Салігорск — 1057
Узда — 977
Капыль — 964
Любань — 867
Заслаўе — 788
Чэрвень — 685
Жодзіна — 662
Мядзел — 524
Стоўбцы — 469

Самымі непапулярнымі сярод чытачоў МЛЫН.BY сталі ёлкі, якія ўстаноўлены у Смалявічах (292 лайкі), Дзяржынску (393 лайкі) і Крупках (430 лайкаў).

Да кожнай зялёнай прыгажуні ў кожным горадзе ў навагоднюю ноч прыйдуць людзі, каб загадаць самае запаветнае жаданне, палюбавацца рознакаляровымі агеньчыкамі, павіншаваць адно аднаго са святам і сустрэць Новы, 2020 год.

Варта яшчэ адзначыць, што ў афармленні большасці ёлак Міншчыны знік «савецкі стыль». Напрыклад, на макаўцы замест пяціканцовай зоркі з’явілася васьміканцовая — віфлеемская. Менавіта яна паказвала шлях старажытным вешчунам і пастухам да пячоры, дзе нарадзіўся Хрыстос. Менавіта з Яго Раства пачаўся адлік нашага сучаснага календара.

Праўда, засталіся яшчэ ў Мінскай вобласці ёлкі з лёгкім «савецкім каларытам» — у Вілейцы, Жодзіне, Заслаўі і Уздзе.

Зміцер Арцюх, МЛЫН.BY

Прочитано 659 раз
Лилия Липницкая

Редактор интернет-сайта

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.