28.11.2023 14:29

Калектыў МТФ «Шыпулічы» трэці раз перамог у конкурсе

Грашовую прэмію атрымаў калектыў МТФ «Шыпулічы» (ААТ «Гарадзілава») за перамогу ў штоквартальным абласным спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў па вытворчасці малака.

Павіншаваць жывёлаводаў прыехалі старшыня Мінскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аксана Бельская і старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Анатолій Фурс.

Як адзначыла Аксана Мікалаеўна, вышэйзгаданы конкурс стаў у цэнтральным рэгіёне традыцыйным. Праводзяць яго прафсаюзы сумесна з камітэтам па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінскага аблвыканкама і Мінскім абласным аграпрамысловым саюзам. Мэты конкурсу -- павышэнне матывацыі работнікаў малочнатаварных ферм і комплексаў, рост вытворчых паказчыкаў на аб’ектах жывёлагадоўлі.

-- За ўвесь час правядзення абласнога конкурсу яго пераможцамі сталі калектывы прыкладна 70 ферм, -- падкрэсліла Аксана Бельская. -- Работнікі МТФ «Шыпулічы» прымаюць віншаванні трэці раз. З гэтага вынікае, што калектыў працуе стабільна, паспяхова выконвае вытворчыя заданні, сярод сваёй катэгорыі аб’ектаў жывёлагадоўлі займае лідзіруючыя пазіцыі.

Гэтыя высновы пацвердзіла брыгадзір фермы Ірына Табельская. Яна расказала, што на МТФ утрымліваецца больш за 850 галоў буйной рагатай жывёлы. Дойны статак складае 400 галоў. Жывёл абслугоўваюць 19 чалавек. Усе яны высакакласныя спецыялісты. Значную долю работнікаў складае моладзь.

-- Малако з фермы пастаўляецца на перапрацоўку толькі гатункам «экстра», -- падкрэсліла субяседніца. -- Сярэднясутачны надой на карову складае каля 30 кілаграмаў. Такія паказчыкі -- вынік якаснага выканання заатэхнічных і ветэрынарных мерапрыемстваў, мадэрнізацыі МТФ, зацікаўленасці работнікаў.

Пра тое, што малочную галіну падтрымліваць вельмі важна, выказаўся Анатолій Фурс. Ён паведаміў, што пастаўкі малака забяспечваюць пастаянныя грашовыя паступленні на рахункі гаспадарак. Сродкі гэтыя могуць выдаткоўвацца ў тым ліку на паляпшэнне ўмоў працы жывёлаводаў, розныя сацыяльныя праекты (аздараўленне работнікаў, матэрыяльную дапамогу і гэтак далей). Вось чаму так важна мець стабільную крыніцу фінансавання сельгаспрадпрыемстваў. У выйгрышы будуць усе.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.

Прочитано 196 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.