22.11.2023 12:17

Што такое імбрычак і для чаго служылі спарышы?

Першыя ў новым сезоне заняткі народнага ўніверсітэта для пажылых грамадзян «Актыўнае даўгалецце» былі прысвечаны народным промыслам і рамёствам Мінскай вобласці, 85-годдзе якой адзначаецца сёлета.

У нашым раёне працяглы час паспяхова дзейнічае пазнавальны і цікавы праект для пенсіянераў -- народны ўніверсітэт «Актыўнае даўгалецце». У першыя гады яго існавання заняткі прысвячаліся тэме здароўя, ладзіліся сустрэчы з урачамі, аматарамі здаровага ладу жыцця. З 2019 года стартавала новая праграма па тэме краязнаўства. Лекцыі прысвячаліся гісторыі, культуры Маладзечанскага раёна, а сёлета, у юбілейны для сталічнай вобласці год, -- Міншчыне. Слухачы народнага ўніверсітэта даведаліся шмат цікавага пра гісторыю нашай вобласці, яе прадпрыемствы, таленавітых людзей. Арганізоўваліся выязныя пасяджэнні ў старажытнае Заслаўе, у Нясвіжскі і Мірскі замкі.

На чарговых занятках навуковы супрацоўнік Мінскага абласнога краязнаўчага музея Наталля Палтавец пазнаёміла людзей залатога ўзросту з гісторыяй асноўных рамёстваў і промыслаў Міншчыны.

Івянецкай кафляй аздаблялі печы Крамля

Гэты гістарычны факт адносіцца ажно да XVII стагоддзя, што сведчыць аб тым, што кераміка майстроў з недалёкага ад Маладзечна Івянца была вядомая далёка за межамі Беларусі. Тут знаходзіліся багатыя залежы гліны, а ў мястэчку амаль у кожнай сям’і былі ганчары. Выраблялі найперш посуд, неабходны ў хатняй гаспадарцы. Разам з традыцыйнымі міскамі, глякамі, кубкамі былі тут і гліняныя патэльні, прычым як круглыя, так і выцягнутай, авальнай формы, каб можна было ў печы запячы цэлае парася. Для бульбяной бабкі ганчары выраблялі бабачнікі, для вырабу дамашняга сыру -- міску з дзіркамі накшталт друшляка, для заваркі гарбаты -- імбрычакі. А яшчэ былі гаршкі-спарышы з агульнай ручкай -- старажытныя ланч-боксы, у якіх насілі на поле ежу. У івянецкіх ганчароў быў свой дэкор, апазнавальны знак -- фляндроўка ў выглядзе зялёных, белых палос на вырабах.

-- Выраблялі і цацкі, найчасцей -- свістулькі. Імі, як правіла, займаліся жонкі ці дзеці ганчароў, і каштавалі яны вельмі танна, напрыклад, адно яйка. Таму даступныя былі для ўсіх, -- расказвала Наталля Іванаўна.

У нашым музеі захоўваюцца вырабы самабытных івянецкіх майстроў Антона Пракаповіча, Міхаіла Звярко, Валянціны Рудовіч.

Таленавіты ганчар з «Белмастацкерамікі» Валерый Бусараў, які працаваў мадэльшчыкам, спецыяльна для нашага музея стварыў калекцыю посуду, характэрнага для Радашковіч. У ім адметны дэкор: унутры посуд пакрыты глазурай, а звонку -- толькі часткова.

Барысаўскае шкло ўпрыгожвае залы ААН

-- Ці ведаеце, што такое куліўка? -- у чарговы раз заінтрыгавала слухачоў лектар.

Аказваецца, гэта чарка, якую немагчыма паставіць, а значыць, яе трэба выпіць да дна… Такія выраблялі на Урэцкай мануфактуры ў цяперашнім Любанскім раёне, якая існавала да сярэдзіны XIX стагоддзя. Лепшыя экзэмпляры яе вырабаў захоўваюцца ў музеях Варшавы, Кракава, Любліна.

Цікава распавядала Наталля Іванаўна пра Барысаўскі крыштальны завод, на якім яшчэ да вайны стварылі люстры для Маскоўскага метро. Шмат гадоў тут плённа працавала таленавітая сямейная пара -- галоўны мастак прадпрыемства Пётр Арцёмаў і яго жонка Таццяна. Некалькі гадоў таму ў нашым музеі з вялікім поспехам праходзіла выстаўка іх твораў. Іх работы дарылі Леаніду Брэжневу, Жоржу Пампіду, кампазіцыя «Купалле» ўпрыгожвае адну з залаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. У нашым музеі захоўваюцца дзівоснай прыгажосці вазы гэтых мастакоў.

Фарфоравыя статуэткі -- сапраўдны антыкварыят

Пасля вайны адкрыўся Мінскі фарфорава-фаянсавы завод, вырабы якога -- чайныя сервізы, сталовы посуд – да гэтага часу захоўваюцца ў многіх сем’ях. Вялікай папулярнасцю сярод калекцыянераў савецкага фарфору карыстаюцца статуэткі, вырабленыя на гэтым прадпрыемстве, якое было закрыта ў 2009 годзе. Сёння гэта сапраўдны антыкварыят. Яны былі як белыя, так і расфарбаваныя. У нашым музеі захоўваюцца белыя варыянты: футбаліст, дзяўчынка з гуссю, дзяўчынка з курамі і іншыя.

Са снежня заняткі будуць праходзіць у бібліятэцы

Кіраўнік народнага ўніверсітэта «Актыўнае даўгалецце» Наталля Гайковіч пазнаёміла слухачоў з праграмай заняткаў у 2023-2024 гадах. У сярэдзіне лістапада адбылося выязное пасяджэнне ў Жодзіне на БелАЗе, а таксама ў Вялікі Камень і на Курган Славы.

Са студзеня заняткі будуць праходзіць у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча (вул. Льва Талстога, 4). Мяркуецца, што ўдзельнікі праекта падзеляцца сваімі творчымі напрацоўкамі, раскажуць, як працуюць над складаннем радавода. З новага года заняткі будуць прысвячацца гісторыі і культуры Гродзенскай і Брэсцкай абласцей, плануюцца выезды ў Гродна і Брэст.

Аб’явы аб чарговых занятках, іх тэмы напярэдадні друкуюцца ў нашай газеце.

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Прочитано 255 раз Последнее изменение 22.11.2023 12:17
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.