24.11.2017 12:38

Лёс закінутых дамоў розны. Ці знос, ці другое жыццё

За апошнія пяць гадоў на тэрыторыі Гарадоцкага сельсавета знесена больш за 20 жылых дамоў, найбольш у Селеўцах, Дзяразках і Пранчэйкаве.

Лёс закінутых дамоў розны. Ці знос, ці другое жыццё "Маладзечанская газета"

Старыя закінутыя будынкі не ўпрыгожваюць ні гарадскія кварталы, ні вясковыя краявіды. Зрэшты, нават не гэта галоўнае. Такія пабудовы могуць быць небяспечнымі. Яны прыцягваюць сумніўных асоб, цікаўных дзяцей, дапытлівых падлеткаў.

Журналісты «МГ» пабывалі ў найбольш аддаленых населеных пунктах раёна, якія знаходзяцца на мяжы з Валожыншчынай, і пагаварылі на актуальную тэму са старшынёй Гарадоцкага сельвыканкама Мікалаем Верацейкам.

На тэрыторыі сельсавета (як і многіх іншых) штогод зно    сяць старыя будынкі. Найчасцей гэта прыватныя жылыя дамы. Між тым у кожнага ёсць свая гісторыя. З аднолькавым фіналам.

— Як правіла, бацькоўскія сядзібы сталі непатрэбныя нашчадкам. Адны не бачаць перспектывы для жыцця ў вёсцы, іншыя не могуць утрымліваць маёмасць або добраўпарадкаваць яе з-за фінансавых цяжкасцей, нярэдка не дазваляе гэта рабіць здароўе. Хаця іншым разам пабудовы мог бы ўратаваць дбайны гаспадар, — заўважае Мікалай Канстанцінавіч. – У мяне баліць сэрца за кожны дом. Разам з братам і сястрой вельмі даражым сваёй бацькоўскай хатай, якую пасля Вялікай Айчыннай вайны ўзвёў у Семерніках тата.

Працэдура зносу няпростая.

-- Трэба атрымаць згоду ўладальнікаў. Яны не заўсёды разумеюць, што з-за недагляду жыллё драхлее і ў выніку можа быць небяспечным для людзей, — працягвае старшыня Гарадоцкага сельвыканкама. – Часам гаспадары самі ініцыююць знос пабудоў. Як правіла, гэта адбываецца тады, калі ўжо няма чаго ратаваць. Але ў любым выпадку для выканання работ па зносе трэба аформіць вялікі пакет дакументаў.

Калі гаспадары разбіраюць пабудовы за ўласны кошт, яны не губляюць права на далейшае выкарыстанне ўчастка. У такіх сітуацыях, як правіла, людзі ўзводзяць новыя аб’екты. Калі знос адбываецца за дзяржаўныя сродкі, то «губляецца» і ўчастак. Дарэчы, пры фарміраванні бюджэту на год выдаткі на гэтыя мэты абавязковыя: Гарадоцкаму сельвыканкаму сёлета выдзелена 4200 рублёў. Якая сума будзе на наступны год — пакуль невядома.

— Знесці тую ці іншую пабудову задавальненне не з танных. Сёлета пры дапамозе работнікаў маладзечанскай ПМК-32 у Селеўцах быў разабраны адзін стары жылы дом — за бюджэтныя 1800 рублёў. Да зносу запланаваны яшчэ адзін дом у Пранчэйкаве. Выконваць работы за ўласны кошт гаспадары адмовіліся, — расказвае Мікалай Верацейка. – У наступным годзе ў планах разабраць тры дамы за бюджэтныя сродкі і яшчэ два – за кошт гаспадароў.

На тэррыторыі Гарадоцкага сельсавета найчасцей ачышчаныя ад старых пабудоў участкі выкарыстоўваюцца пад сельгасугоддзі. У рэдкіх выпадках на аўкцыёне выстаўляюцца на продаж для жадаючых. Невялікі попыт на маёмасць ёсць у Гарадку, дзе праведзены газ, водаправод, святло, добраўпарадкаваныя асфальтаваныя дарогі, што з’яўляецца адным з пунктаў патрабаванняў у пакупнікоў. У аграгарадку ўчастак да 20 сотак каштуе ў сярэднім 3,5 тысячы рублёў. У іншых населеных пунктах сельсавета – у два разы менш.

На тэрыторыі Гарадоцкага сельсавета зносіць даводзіцца не толькі дамы.

— Гады тры-чатыры таму быў разабраны будынак магазіна райспажыўтаварыства ў Пранчэйкаве, а ў Пятроўшчыне – ФАП (цяпер жыхары гэтага населенага пункта карыстаюцца паслугамі бліжэйшай да іх урачэбнай амбулаторыі ў Гарадку, што знаходзіцца за сем кіламетраў), — заўважае М. Верацейка.

З асаблівымі эмоцыямі і надзеяй на тое, што беларуская вёска, нягледзячы ні на якія цяжкасці, усё ж будзе жыць, старшыня расказвае пра даволі неардынарны выпадак. Бізнесмен з Масквы купіў два ўчасткі ў Каменшчыне. Ён хоча добраўпарадкаваць тут радавое памесце ў памяць пра сваіх продкаў.

Чытайце таксама: Лёс закінутых дамоў розны. Ці знос, ці другое жыццё

Фота: Аляксей Платко.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/regionalnyj-aktsent/item/1905-ljos-zakinutykh-damo-rozny-tsi-znos-tsi-drugoe-zhytstsjo.html#sigProId26dbf84953
Прочитано 2209 раз Последнее изменение 24.11.2017 12:38
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.