24.10.2023 10:11

Адчуць сябе птушкай

Прафесійны лёс маладзечанца Сяргея Прасняцова, які шмат гадоў аддаў ваеннай справе, вызначыў Пётр Тарасевіч -- кавалер ордэнаў Баявога Чырвонага сцяга за службу Радзіме ІІІ ступені, 23 медалёў СССР, Польскай Народнай Рэспублікі, Рэспублікі Афганістан, Рэспублікі Беларусь. Менавіта Сяргей Якаўлевіч ініцыяваў, каб ён стаў удзельнікам праекта «Ганарымся нашымі землякамі».

Самаадданасць прафесіі

Сяргей Прасняцоў і Пётр Тарасевіч родам з вёскі Мацюляны, якая некалі была ў складзе Маладзечанскай вобласці (цяпер гэта Смаргонскі раён). Сяргей Якаўлевіч працуе дзяжурным у ваенным камісарыяце Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў Мінскай вобласці. Пётр Пятровіч палкоўнік запасу, жыве ў Мінску. У нашым горадзе ён бываў неаднойчы, але ў новым будынку музея, ды яшчэ ў якасці героя выставачнага праекта, упершыню, што для яго асаблівы гонар.

-- З Пятром Пятровічам мы жылі па суседстве, -- гаворыць Сяргей Якаўлевіч. -- Ён заўсёды быў для мяне прыкладам і ў чалавечых якасцях, і ў лётнай справе, якой аддаў усё жыццё, мужна прайшоўшы праз вайну ў Афганістане. Гэта сапраўдны лётчык-легенда, і пра яго павінны ведаць сучаснікі, як і пра старонкі ваеннай гісторыі, што мае дачыненне і да нашай краіны. Шмат гадоў я аддаў службе ў хімічных войсках, працаваў таксама ў педагогіцы, займаўся ваенна-патрыятычным выхаваннем і заўсёды імкнуўся быць падобным на Пятра Пятровіча, найперш у самаадданасці прафесіі.

Мара пра неба

На прэзентацыі выставачнага праекта, які будзе працаваць да 12 лістапада, прысутнічаў сам лётчык, педагогі і школьнікі Маладзечаншчыны. Вехі біяграфіі Пятра Тарасевіча яны пагарталі разам з малодшым навуковым супрацоўнікам краязнаўчага музея Ганнай Кавалевіч. На долю Пятра Пятровіча выпала нямала выпрабаванняў ужо з дзяцінства, якое было абпалена Вялікай Айчыннай вайной. Пасля вызвалення Беларусі ў суседняй з Мацюлянамі вёсцы жылі ваенныя лётчыкі, і юны Пётр разам з сябрамі бегаў на аэрадром глядзець на самалёты. Верагодна, у той час і з’явілася мара пра неба. Ён шмат чытаў пра вайну і самалёты. Пасля школы, да якой штодзень пешшу пераадольваў васьмікіламетровы шлях, паступіў у Качынскае вышэйшае авіяцыйнае вучылішча ў Сталінградзе. Вучоба давалася лёгка, там ён упершыню сеў за штурвал самалёта.

-- Першае ўражанне -- адчуванне свабоды… -- успамінае ён.

Пётр хутка асвоіў «Як-18А», «МиГ-17А», «МиГ-21Ф». Здольны лётчык атрымаў афіцэрскія пагоны і накіраванне ў групу савецкіх войскаў у Германіі. Ён закончыў таксама ваенна-паветраную акадэмію імя Ю.А. Гагарына. Лёс прыводзіў Пятра Тарасевіча і на Далёкі Усход, і ў Польшчу.

На прэзентацыі выставачнага праекта асаблівая ўвага была скіравана на той час, калі яму -- камандзіру 927-га Кёнігсбергскага Чырванасцяжнага ордэна Аляксандра Неўскага знішчальнага авіяпалка -- давялося выконваць інтэрнацыянальны доўг. Увогуле ён здзейсніў 5649 вылетаў, з іх каля 300 баявых у небе Афганістана. 3060 гадзін, праведзеных у вышыні, -- гэта ў сукупнасці 127,5 сутак!

-- 25 чэрвеня 1983 года наш полк прызямліўся ў Баграме, -- успамінае Пётр Пятровіч. -- Аэрадром з усіх бакоў быў акружаны гарамі. З першага дня лётчыкі акунуліся ў баявыя будні. Абстаноўка складвалася няпростая, ды яшчэ мясцовасць незнаёмая. Ляталі кожны дзень, узлёт -- у 4-5 гадзін раніцы, а то і раней. Мы плённа супрацоўнічалі з наземнымі сіламі, асабліва з парашутна-дэсантным полкам, што дыслацыраваўся ў Баграме. За час баёў у Афганістане наш полк не страціў ніводнага лётчыка, ажыццявіўшы 7300 вылетаў. Праз год пасля вяртання адтуль Пётр Пятровіч быў прызначаны старшынёй атэстацыйнай камісіі ў штабе ваенна-паветраных сіл Беларускай ваеннай акругі. Займаўся пытаннямі класнасці лётнага складу. Асвоіў знішчальнік «МиГ-29».

У ліку тых, хто ў музеі звярнуўся да героя праекта, быў кіраўнік музея Памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў мясцовай СШ №14 Ігар Арабей, які таксама прайшоў дарогай афганскай вайны. Ён быў вельмі ўражаны мужнасцю Пятра Тарасевіча.

-- Недарэмна лётчыкаў называюць анёламі-выратавальнікамі. Яны мне таксама аднойчы дапамаглі, калі атрымаў цяжкае раненне. Мяне дастаўлялі транспартным самалётам спачатку ў санчасць, а потым у шпіталь, -- успомніў Ігар Ігнацьевіч выпадак са сваёй «афганскай біяграфіі». -- Увогуле, людзі, якія глядзелі смерці ў твар, прайшлі праз гарніла вайны, ведаюць, што такое міласэрнасць і ўзаемавыручка, гонар і годнасць.

А ў вышыні -- зоркі

Школьнікі таксама задавалі шмат пытанняў Пятру Тарасевічу. Часам яны выклікалі ў яго ўсмешку, але ён цярпліва, іншы раз з хітрынкай, адказваў на кожнае з іх. Напрыклад, адзін з вучняў спытаў, ці бачыў лётчык у небе НЛА.

-- Такога не было, -- сказаў ён. -- Мажліва, касманаўты бачылі… У вышыні і неба не блакітнае, а чорнае, і зоркі на ім… Хочаце ўбачыць -- паступайце ў адпаведныя ўстановы адукацыі, авалодвайце цікавымі прафесіямі. Немагчыма перадаць словамі тое, што адчуваеш, калі ўзлятаеш у неба. Гэта нібы палёт птушкі…

Таксама Пётр Тарасевіч прыгадаў выпадак, калі, як сам заўважыў, па недарэчнасці ўвайшоў у стопар за штурвалам «МиГ-17А». Але змог уратавацца сам і тэхніку захаваць. Цікава, што ў час гутаркі мікрафон у яго руках нярэдка ператвараўся ў… самалёт. Такім чынам лётчык наглядна паказваў, як трэба пілатаваць.

-- Якая была самая складаная для вас задача ў афганскай вайне? -- не сціхалі дзеці з пытаннямі.


-- Дакладна трапіць у цэль, каб не нашкодзіць сваім жа пехацінцам, якія заўсёды былі побач з ворагам. У нашым палку такіх страт не было, але вайна не шкадуе нікога, і там, на жаль, усялякае здараецца. Мне расказвалі пра выпадак, калі салдаты вырашылі залезці ў вінаградны сад, каб паласавацца ўраджаем. У выніку аднаго расстралялі, другому адрэзалі галаву, а трэцяга памянялі на бочку дызельнага паліва.

-- А ці вераць лётчыкі ў якія-небудзь забабоны? -- не пераставалі цікавіцца школьнікі.

-- У савецкі час усе лётчыкі былі камуністамі. Таму якія забабоны?! -- працягвае Пётр Пятровіч. -- Але калі ляціш і разумееш, што з самалётам адбываецца нешта не тое, кожны з нас употай прасіў дапамогі ва Усявышняга. Таксама для лётчыка вельмі важна мець, як гавораць, «чуйку». Яна мяне неаднойчы ратавала ад смерці.

-- А чым кармілі на вайне?

-- Звычайныя кашы, каўбаса, яблыкі, вінаград (яго ў Афганістане шмат было). Нам вельмі бульбы не хапала. Аднойчы яе аднекуль прывезлі – канешне не беларускую. Яна была нясмачная і цвёрдая, і мы папрасілі больш такую не варыць.

-- Ці цяжка адаптавацца да звычайнага жыцця пасля вайны?

-- Гэта няпросты працэс. І ўсё залежыць ад чалавека. Я перакананы ў тым, што трэба займацца любімай справай і быць карысным іншым.

Слаўны род Пятра Тарасевіча прадоўжылі два сыны. Старэйшы атрымаў прафесію радыётэхніка і абслугоўваў верталёты, малодшы звязаў лёс са службай у міліцыі. Таксама ёсць тры ўнучкі. Малодшым па 6 і 10 гадоў. Пётр Пятровіч спадзяецца, што хто-небудзь з іх будзе лятаць.

У напамін аб сабе Пётр Тарасевіч пакіне шэраг прадметаў у Мінскім абласным краязнаўчым музеі.

-- У ліку ўнікальных экспанатаў лётная кніга -- у ёй запісаны дакладныя справаздачы пра ўсе вылеты ў ваенны і мірны час, -- зазначае намеснік дырэктара па навуковай рабоце музея Вольга Шылько. -- Такую кнігу вядзе абсалютна кожны лётчык. У нашых фондах яна будзе першай. Пётр Пятровіч пакіне і поўную падборку пагонаў, чаго ў нас таксама не было. Застануцца і дакументальныя фотаздымкі, зробленыя на афганскай зямлі.

Ірына РАБУШКА.
Фота: АЎТАР і архіў МІНСКАГА АБЛАСНОГА КРАЯЗНАЎЧАГА МУЗЕЯ.

Прочитано 332 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.