06.10.2017 13:59

Ведаць мову, шанаваць гісторыю

Далёка не кожны маладзечанец ведае пра слынных людзей, імёнамі якіх названы вуліцы горада, у чый гонар устаноўлены помнікі, мемарыяльныя знакі.

Ведаць мову, шанаваць гісторыю "Маладзечанская газета"

А так хочацца, каб не толькі старэйшае пакаленне, але і моладзь запавольвала крок ля помніка-валуна, які ўстаноўлены ў памяць пра гісторыка Міколу Ермаловіча. Каб маладым людзям захацелася адшукаць у інтэрнэце і паслухаць песні ў выкананні вядомага на ўвесь свет опернага спевака Міхаіла Забэйды-Суміцкага ці перагарнуць зборнік вершаў Валянціна Таўлая… Іншы раз для гэтага патрэбен штуршок, які б абудзіў цікаўнасць у маладых людзей, заінтрыгаваў іх.

Менавіта такім штуршком для навучэнцаў медыцынскага і політэхнічнага каледжаў стаў квэст «Імя на карце горада», які правялі супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча Раіса Давідовіч, Таццяна Закрэўская, Міхась Казлоўскі.

У вызначаны час на Цэнтральнай плошчы сустрэліся дзве каманды, кожная ў складзе шасцярых чалавек. «Здаровая моладзь» — першакурснікі медкаледжа, будучыя фельчары на чале з Уладзіславам Сакалоўскім. У «Лідары» ўвайшлі будучыя радыётэхнікі, будаўнікі, тэхнікі-механікі 2-4 курсаў політэхнічнага каледжа і іх капітан Уладзіслаў Валовік. У апошніх, дарэчы, быў ужо вопыт удзелу ў квэстах, «Здаровая моладзь» у такіх спаборніцтвах удзельнічала ўпершыню. На выкананне заданняў адводзіліся паўтары гадзіны. Яны няпростыя: трэба было здагадацца, аб якім творцы ідзе размова, затым знайсці вуліцу, што носіць яго імя, сфатаграфавацца з шыльдай ці ля помніка. «А што такое шыльда?» — спытаў адзін з юнакоў… Прыкра, што іншы раз беларуская мова для нашай моладзі нібы замежная.         

І ўсё ж маладыя людзі з большасцю заданняў справіліся. Безумоўна, дапамагалі ім мабільнікі і інтэрнэт. Няхай сабе, але ж яны прыклалі намаганні, каб знайсці правільныя адказы, пабывалі на вуліцах горада, аднавілі ў сваёй памяці імёны Канстанцыі Буйло і Уладзіміра Караткевіча, Міхала Клеафаса Агінскага і Язэпа Драздовіча… І, хочацца спадзявацца, пашырылі свой кругагляд, усвядомілі, наколькі багатая гісторыя Маладзечаншчыны, колькі знакамітых людзей звязана з ёю.

Арганізатары падрыхтавалі заданні і для груп падтрымкі: з раздадзеных ім дзесяці кніг трэба было адабраць пяць, аўтары якіх увекавечаны ў назвах вуліц нашага горада.

«Каб маладыя людзі больш чыталі, ім было б лягчэй справіцца», — каменціруе вынікі старшыня журы Міхась Казлоўскі. Дарэчы, пасля квэсту ўсе ўдзельнікі каманд запісаліся ў бібліятэку… Хочацца спадзявацца, што нехта з іх захоча прачытаць «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча і ўсё ж такі даведацца, як звалі галоўнага героя (на гэта пытанне ніхто не змог адказаць). Не перашкодзіла б узяць у бібліятэцы і кнігу «Маладзечна» нашага земляка Генадзя Каханоўскага, пра якую навучэнцы пакуль не ведаюць. Між тым у ёй сабрана ўнікальная інфармацыя пра родны горад.
Але ўжо адно тое, што яны выказалі жаданне паўдзельнічаць у квэсце, не можа не радаваць. Як паказвае практыка, менавіта такімі сучаснымі, «жывымі» мерапрыемствамі і можна зацікавіць юнакоў і дзяўчат, адарваць іх ад бяздумнага сядзення ў сацыяльных сетках. З розніцай усяго ў адзін бал перамаглі «Лідары». Кожны ўдзельнік каманды атрымаў у падарунак кубак з выявамі памятных месцаў Маладзечна. Не засталася без сувеніраў – магнітаў з краявідамі горада — і «Здаровая моладзь».

Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/regionalnyj-aktsent/item/1706-vedats-movu-shanavats-gistoryyu.html#sigProId5e2f3b1213
Прочитано 2591 раз Последнее изменение 06.10.2017 13:59
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.