Каб у святочныя дні ў маладзечанцаў і гасцей горада быў адпаведны настрой, неабходна загадзя старанна папрацаваць — упрыгожыць вуліцы, устанавіць і ўпрыгожыць навагоднія ёлкі, падключыць ілюмінацыю.
Як паведамілі ва УП «Камунальнік», святочныя змены найбольш закрануць Цэнтральную плошчу і прылеглыя да яе вуліцы. І гэта не дзіўна, бо менавіта тут знаходзіцца эпіцэнтр святкавання. На плошчы ўстаноўлена галоўная ёлка горада. На «варце» велічнай прыгажуні будуць Дзед Мароз і Снягурачка. А само дрэва ўпрыгожаць святлодыёдныя ніці, шары, гірлянды, банты, сняжынкі, іншыя аксесуары.
Такім чынам, у аматараў дзяліцца ў сацсетках шыкоўнымі фатаграфіямі з выявамі пераднавагодняга горада будзе нагода. Раім наведаць і плошчу Старое Места. Для гэтай пляцоўкі загадзя ў Маладзечанскім раёне была выбрана 12-метровая ёлка (вышынёй з чатырохпавярховы дом). Святочны ўбор «апране» і яна.
Аднак вернемся на Цэнтральную плошчу. Акрамя галоўнай гарадской ёлкі тут будуць упрыгожаны дзесяць яе «стацыянарных сясцёр». Свае месцы зоймуць снегавікі-музыканты, сані, казачная карэта з аленямі. З’явяцца светлавыя аркі і шары. Вечарам плошча будзе выглядаць шыкоўна!
Упрыгожаць да свята і суседнія вуліцы. На Прытыцкага заззяе штучнае зорнае неба. Віленскую і Вялікі Гасцінец расквецяць святлодыёдныя гірлянды. На апорах асвятлення з’явяцца каля 80 рознакаляровых аб’ектаў (зорачак, камет і гэтак далей). Разам усё гэта будзе ствараць казачны антураж.
Свой уклад у падрыхтоўку горада да Новага года ўнясуць прадпрыемствы і арганізацыі. Некаторыя з іх расквецяць пляцоўкі перад уваходамі, упрыгожаць свае ёлкі. Падняць настрой работнікам перад рабочай зменай і пасля яе — таксама выдатная ідэя.
Алег БЯГАНСКІ. Фота: Аляксей ПЛАТКО.