06.12.2022 10:19

Чатыры напрамкі, тысячы пасажыраў

Звычайна першае ўражанне пра горад у падарожніка складваецца на вакзале. Той, хто прыязджае ў Маладзечна па чыгунцы, адразу адчувае прыгажосць і гасціннасць горада сонца. Справа ў тым, што будынак вакзала з’яўляецца адным з архітэктурных упрыгажэнняў раённага цэнтра.

Вакзал станцыі Маладзечна з’яўляецца адной са славутасцей нашага горада. Вакзал станцыі Маладзечна з’яўляецца адной са славутасцей нашага горада.

Чыгуначная станцыя якраз і дала штуршок развіццю горада, шмат у чым вызначыла яго спецыялізацыю. Пасля таго як у 1873 годзе быў адкрыты пастаянны рух цягнікоў на ўчастку Мінск — Новая Вільня, Маладзечна стала важным транспартным вузлом на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Значэнне горада ўзмацнілася, калі праз яго была пракладзена чыгунка Балагое — Сядлец. Тады з’явіліся напрамкі на Гродна і Полацк.

Будынак вакзала ўзвялі ў 1907 годзе ў стылі мадэрн. У час Вялікай Айчыннай вайны ён быў пашкоджаны. Пасля вызвалення яго аднавілі. У
1965 годзе зроблены капітальны рамонт вакзала. Наступны этап — рэканструкцыя вакзальнага комплексу, завершаная ў 2008 годзе.

Адметнай рысай будынка вакзала з’яўляецца тое, што ў ім пакінулі свой адбітак розныя эпохі. Так, пачатак ХХ стагоддзя падарыў стыль і прыгажосць. З 1966 года, калі станцыя была электрыфікаваная і пасажырапаток значна павялічыўся, роднаснымі паняццямі сталі актыўнасць, дынамізм, энергічнасць. Наш час прынёс тэхналагічнасць.

Дададзім, што тэрыторыя вакол будынка добраўпарадкаваная. Да паслуг пасажыраў пешаходны мост, сучаснае светлавое табло, іншыя зручнасці. У самім будынку пасажыры могуць ацаніць перавагі цёплай падлогі, прытокава-выцяжной вентыляцыі, набыцця білетаў праз тэрміналы, атрымаць усе неабходныя паслугі. Перад уваходам устаноўлена бронзавая скульптура пасажыркі-студэнткі — своеасаблівы сімвал Маладзечанскага чыгуначнага вакзала.

— Калектыў вакзала робіць усё, каб пасажырам было камфортна, каб іх уражанне пра станцыю і горад складвалася самае станоўчае. Упэўнена, так будзе заўсёды, — адзначыла начальнік вакзала станцыі Маладзечна Ларыса Дубовік.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 198 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.