08.11.2022 9:11

«На работу хаджу з задавальненнем»

Пасля ўводу ў эксплуатацыю новага даільна-малочнага блока на малочнатаварнай ферме ля аграгарадка Яхімоўшчына ўмовы працы персаналу значна палепшыліся. Як і ўмовы ўтрымання дойнага статка. Аб’ект жывёлагадоўлі мы наведалі разам са старшынёй раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Анатоліем Фурсам.

Анатолій Фурс і Таццяна Мачалова ў новай даільнай зале малочна-таварнай фермы. Анатолій Фурс і Таццяна Мачалова ў новай даільнай зале малочна-таварнай фермы.

— Новая даільная зала разлічана на 40 кароў, — гаворыць аператар машыннага даення Мая Цярэшка. — Тут усё зручна і для персаналу, і для жывёл. Механізацыя працы максімальная. Мае падапечныя, а гэта больш за 80 кароў з першым цялём, заўсёды накормленыя. У іх свабодным доступе неабходныя дабаўкі да корму. Прасторы таксама хапае. Правільны догляд вядзе да павелічэння надояў і якасці малака. Ад гэтага залежыць зарплата работнікаў.

У абавязкі субяседніцы ўваходзіць падрыхтоўка кароў да даення, атрыманне малака, назіранне за станам жывёл і іншае. Аб любой праблеме неабходна адразу расказаць ветэрынару або заатэхніку. Каб не ўпусціць нават дробязі, трэба ведаць асаблівасці каровы. І тут вельмі дапамагае электроннае дасье на кожную з іх.

— Першая дойка пачынаецца ў шэсць гадзін раніцы, другая — у шэсць вечара, — працягвае Мая Іванаўна. — Паміж дойкамі даволі шмат вольнага часу. Выкарыстоўваю яго для работы па доме і догляду гаспадаркі. Такі графік мяне задавальняе. Калі дзеці прыходзілі са школы, я заўсёды была дома, удзяляла дачцэ Ульяне і сыну Раману дастаткова ўвагі. Многія сем’і такой магчымасці не маюць.

Як і большасць сельскіх дзяцей, Ульяна і Раман выраслі чулымі, спагадлівымі, працавітымі. Яны з малых гадоў дапамагалі бацькам. Дачка выбрала педагагічны напрамак і стала выхавальніцай. Сын звязаў сваё жыццё з аграрным сектарам, атрымаў інжынерную адукацыю.

— Сама я нарадзілася і вучылася ў Маладзечне, — адзначыла Мая Цярэшка. — У Яхімоўшчыну пераехала пасля таго як выйшла замуж. Жыву ў аграгарадку з 2004 года. А праз два гады наша сям’я атрымала ад гаспадаркі дом. Сельскае жыццё мяне задавальняе. Заработная плата добрая, сацыяльны пакет ёмісты. Умовы працы паляпшаюцца. Калектыў дружны. Кіраўнік СУП «ЯхімоўшчынаАгра» Уладзімір Лазар клапоціцца аб людзях. Калі ёсць нейкае пытанне, можна звярнуцца ў прафсаюзную арганізацыю. На работу хаджу з задавальненнем.

Мая Цярэшка — адна з лепшых работніц СУП «ЯхімоўшчынаАгра».

Субяседніца расказала, што жыць у Яхімоўшчыне камфортна. Ёсць магазіны, музей Янкі Купалы. Ваколіцы маляўнічыя. Арганізуюцца святы вёскі, іншыя культурныя мерапрыемствы. Трэба толькі цаніць тое, што маеш, і працаваць на карысць землякоў і малой радзімы.

— Менавіта на людзях, іх матываванасці і прафесіяналізме трымаецца сельскагаспадарчая вытворчасць, — падзялілася думкамі старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Таццяна Мачалова. — Павышэнне сацыяльнай абароненасці работнікаў — адна з першачарговых задач кіраўніцтва і прафсаюзнага актыву прадпрыемства. Таму ў калектыўны дагавор закладзены адпаведныя пункты.

Так, работнікі забяспечваюцца спецадзеннем, маюць магчымасць паехаць у прафсаюзныя санаторыі. Да прафесійных свят атрымліваюць дадатковыя прэміі. Вялікая ўвага надаецца бытавым умовам аграрыяў. Аператары машыннага даення, жывёлагадоўчых комплексаў, трактарысты-машыністы, вадзіцелі і іншыя катэгорыі спецыялістаў рэгулярна павышаюць сваё прафесійнае майстэрства. Умовы працы паляпшаюцца ў тым ліку дзякуючы мадэрнізацыі вытворчых аб’ектаў гаспадаркі.

У час мадэрнізацыі фермы былі ўзведзены некалькі памяшканняў.

На гэта звярнуў увагу Анатолій Фурс. Ён зазначыў, што жывёлагадоўля — адна з асноўных галін спецыялізацыі гаспадарак Маладзечаншчыны. Яна забяспечвае стабільныя фінансавыя паступленні суб’ектам гаспадарання. Вось чаму так важна ўмацоўваць матэрыяльную базу галіны і клапаціцца пра занятых у ёй спецыялістаў.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.

Прочитано 194 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.