20.10.2022 9:22

Рыхтуемся да пасяўной, не забываем пра ўборачную

Сезон падрыхтоўкі тэхнікі да наступнага веснавога пасяўнога сезона стартуе ў раёне 1 лістапада. Значную долю работ пры гэтым выканаюць спецыялісты ААТ «Маладзечанскі райаграсэрвіс».

Механізатар Мікалай Абцэвіч праводзіць планавае абслугоўванне тэхнікі. Механізатар Мікалай Абцэвіч праводзіць планавае абслугоўванне тэхнікі.

— Пералік тэхнікі, якая выйдзе на палі вясной, ужо вызначаны, — паведаміў галоўны інжынер арганізацыі Леанід Рошчын. — Уся яна павінна быць поўнасцю падрыхтавана. Ад гэтага залежаць якасць і тэрміны пасяўной. Заяўкі на капітальны і вузлавы рамонт райаграсэрвіс прымае ад сельгасарганізацый Маладзечанскага і іншых раёнаў Мінскай вобласці.

Субяседнік зазначыў, што многія суб’екты гаспадарання плануюць ужо нават падрыхтоўку да наступнага жніва. У прыватнасці, з Вілейскага раёна паступяць на капітальны рамонт два збожжаўборачныя камбайны. Яшчэ адзін будзе адрамантаваны па заяўцы ТАА «АФ Модуль». Цяпер вядзецца бягучы рамонт і абслугоўванне тэхнікі некалькіх гаспадарак Маладзечаншчыны.

— На прадпрыемстве створаны мабільныя рамонтныя брыгады, — працягвае Леанід Андрэевіч. — Калі трэба, профільныя спецыялісты выязджаюць непасрэдна ў гаспадаркі. У выніку эканомяцца час, сродкі, работы выконваюцца максімальна аператыўна. Гэта станоўча адбіваецца на вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.

Праз кароткі час камбайн зноў выйдзе на палі.

Леанід Рошчын падкрэсліў, што ў сучаснай сельскай гаспадарцы прымяняецца цэлы комплекс сродкаў механізацыі (ад трактароў і машын да прычапнога і навяснога абсталявання). І той, хто можа эфектыўна распарадзіцца гэтым рэсурсам, атрымлівае дадатковую выгаду.

— У Маладзечанскім райаграсэрвісе абслугоўваюць усю лінейку тэхнікі, што прымяняецца як у раслінаводстве, так і жывёлагадоўлі, — зазначыў галоўны інжынер. — Як паказвае практыка, такі ўніверсальны падыход сябе цалкам апраўдвае. Калі ў раёне ёсць базавая арганізацыя, якая аказвае шырокі спектр паслуг, у выйгрышы застаюцца ўсе.

Асноўная задача адміністратара базы даных Дзяніса Сарокі — кантроль і ўлік расходу паліва па сістэмах навігацыі. Са спецыялістам працуе Леанід Рошчын.

Трэба адзначыць, што службы райаграсэрвіса прыстасоўваюцца да патрэб рынку, асвойваюць дадатковыя магчымасці работы з заказчыкамі. Так, у хуткім часе ў арганізацыю паступіць новы энерганасычаны трактар «Беларус». Таксама ў планах набыццё абсталявання для плазменнай рэзкі, на якім можна будзе вырабляць дыскі і іншую аснастку для глебаапрацоўчых агрэгатаў. Гэта значна зменшыць кошт рамонту і абслугоўвання тэхнікі.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 213 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.