03.10.2022 10:23

Ствараюць прыгажосць і паказваюць прыклад іншым

43 прадстаўнікі пярвічных ветэранскіх арганізацый раёна прынялі ўдзел у раённым этапе агляду-конкурсу «Ветэранскае падвор’е-2022».

На памяць аб урачыстасці застануцца фота і прыемныя ўспаміны ад сустрэчы з аднадумцамі. На памяць аб урачыстасці застануцца фота і прыемныя ўспаміны ад сустрэчы з аднадумцамі.

17 верасня, у Дзень народнага адзінства, у гарадскім Палацы культуры адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў. У ім прынялі ўдзел старшыня раённага савета ветэранаў Таццяна Шафаловіч, якая ўзначаліла журы конкурсу, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Яцухна, намеснік дырэктара УП «Камунальнік» Валерый Альшэўскі, член раённага камітэта БРСМ Арына Чарнышова.

— Прыемна, што з году ў год расце колькасць удзельнікаў конкурсу, што нашы пярвічныя арганізацыі актыўна працуюць у гэтым кірунку — падказваюць прыгожыя сядзібы і захопленых добраўпарадкаваннем ветэранаў працы. Сёлета матэрыялы нам прадставілі 23 «пярвічкі». Асабліва хачу зазначыць, што ў Год гістарычнай памяці сярод нашых удзельнікаў ёсць два былыя малалетнія вязні — Марыя Раманько з Чысці і Надзея Дарашэнка з Дзюблеўшчыны. Яшчэ адна адметнасць — сёлета мы ўвялі новую намінацыю «Захапленне для душы» (дачныя ўчасткі), — расказвае Таццяна Шафаловіч.

Як і ў мінулыя гады, пры падвядзенні вынікаў улічвалася ў комплексе добраўпарадкаванне падвор’яў, наяўнасць архітэктурных форм і вырабаў з прыроднага матэрыялу, кветак, агароду, свойскай жывёлы.

Пераможцам агляду-конкурсу «Ветэранскае падвор’е-2022» стала жыхарка вёскі Мароські Наталля Тукайла («пярвічка» ветэранаў аграфірмы «Лебедзева»), якая прадставіць наш раён на абласным этапе конкурсу.

Другое месца ў Клаўдзіі Манькоўскай з пярвічнай арганізацыі ветэранаў устаноў адукацыі, трэцяе — у Ганны Балухцінай і Леакадзіі Варанецкай з Палачанскай і Аляхновіцкай «пярвічак».

Пераможцамі ў намінацыі «Ад прыроды матэрыял, ад гаспадароў талент» прызнаны Надзея Дарашэнка (Радашковіцкая сельская «пярвічка») і Іван Шэк («пярвічка» ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Забудова»).

У намінацыі «Кветкавая фантазія» перамаглі Ірына Бунас, член Аляхновіцкай «пярвічкі», і Раіса Сіцько з пярвічнай арганізацыі ветэранаў КУП «Маладзечнаводаканал».

У намінацыі «Я на падвор’і не адзін» перамагла Марыя Бажко з «пярвічкі» аграфірмы «Лебедзева».

Ніна Калыхан («пярвічка» ветэранаў устаноў адукацыі) прызнана лепшай у намінацыі «Сабе на карысць», Святлана Кошалева («пярвічка» ветэранаў устаноў фізкультуры, спорту і турызму) — у намінацыі «Кветнік ля пад’езда».

У намінацыі «Захапленне для душы» перамагла Тамара Лубінская, намеснік старшыні савета раённай арганізацыі ветэранаў.

Вызначаны таксама пераможцы ў намінацыі «Добраўпарадкаванне малочнатаварных ферм». Лепшым прызнаны МТК «Вялікія Кашэўнікі» ААТ «Усход-Агра» (дырэктар сельгаспрадпрыемства Ігар Грыбоўскі, начальнік комплексу Вадзім Бажко).

Усе пераможцы, прызёры конкурсу ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі, Падзячнымі пісьмамі, сувенірамі. А музычным падарункам для іх стаў канцэрт, які адбыўся ў гарадскім Палацы культуры.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.

Прочитано 163 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.