Вось і на гэтым тыдні на ўбраных палях уздоўж аўтамабільных трас устаноўлена каля 20 велізарных саламяных скульптур, якія сімвалізуюць заканчэнне жніва, багаты ураджай.
На павароце на Лешна «пасуцца» буронкі ад аграфірмы «Лебедзева», Лебедзеўскіх сярэдняй школы і дзіцячай школы мастацтваў.
З боку Мінска, амаль на мяжы нашага раёна, гасцей сустракаюць сімпатычныя Дзед і Баба з надпісам «Вітаем!», якіх стварылі агульнымі намаганнямі ААТ «Купала-Агра», Радашковіцкія сярэдняя школа і вучэбнапедагагічны комплекс.
Пры ўездзе ў Радашковічы казачную агародніну «вырасцілі» прадстаўнікі мясцовага цэнтра культуры і адпачынку, школы мастацтваў, фермерскай гаспадаркі «Пакуш І.А.».
Вясёлая агародніна ля Радашковіч.
Далей эстафету пераймае вясёлы пеўнік — вынік фантазіі творчых прадстаўнікоў Аляхновіцкі сярэдняй школы, Дома культуры, фермерскай гаспадаркі «Тытул».
Пеўнік вітае гасцей непадалёк ад Аляхновіч.
Вялікую кампазіцыю з гасціннымі гаспадарамі, самаварам і надпісам «Частуйцеся, калі ласка!» размясцілі ля Красненскага возера мясцовыя сярэдняя школа, дзіцячыя сады №1 і №2, сельгаспрадпрыемства «Модуль»…
Ля Краснага — пачастункі з самаварам.
Кожны год саламяныя скульптуры мяняюцца, становяцца больш дасканалымі, радуюць творчымі знаходкамі. Шмат хто з тых, хто едзе па трасе, спыняецца, каб зрабіць каларытныя фотаздымкі. За кожнай кампазіцыяй праца, палёт творчай фантазіі дзясяткаў людзей, іх імкненне ўпрыгожыць раён да свята, зрабіць яго адметным і запамінальным. Вельмі не лёгка з дапамогай тэхнікі прывезці, устанавіць цюкі саломы, прыдумаць нешта арыгінальнае, знайсці неабходныя матэрыялы, выразаць, пафарбаваць, замацаваць, каб ветрам і дажджом не пашкодзіла… Спадзяёмся, жыхары раёна ацэняць іх намаганні па вартасці, не пашкодзяць, не разбураць. А наадварот, падзякуюць калі не асабіста, то хаця б у думках за тое, што, не шкадуючы свайго часу, стварылі прыгажосць.
Без спецыяльнай тэхнікі скульптуру не ўстановіш.
Атрымалася здорава, каларытна, атмасферна.
Апошнія штрыхі — і фігуры на мяжы раёна гатовы.
Хіба гэта не цуд, што за некалькі дзён па ўсім раёне, нібы грыбы пасля дажджу, выраслі вялізныя скульптуры. Вось што значыць калектыўная праца, якая нас яднае!
Кампазіцыя «Запрашаем на Дажынкі!» — плён працы ААТ «Заскавічы», Заскавіцкіх ВПК, Дома культуры, Турэц-Баярскай СШ.
ІНФАРМАЦЫЯ Ў ТЭМУ
Традыцыя саламяных скульптур ідзе яшчэ ад старажытных славян, якія адзначалі заканчэнне жніва і ўстанаўлівалі на полі жаночую фігуру Маці Хлеба, зробленую са снапоў.
На Масленку на вогнішчы спальвалі саламянае чучала Зімы. А маленькія лялькі з саломкі ў нашых продкаў былі абярэгамі.
Арт-аб’екты з цюкоў папулярныя не толькі ў Беларусі, але і ў Германіі, Чэхіі, Японіі. У некаторых краінах нават праводзяцца фестывалі саламяных скульптур.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота прадастаўлены стваральнікамі скульптур.