19.09.2022 9:40

«Сёння ў Беларусі кожны, хто хоча зарабіць грошы, можа гэта зрабіць»

— Лепшае пацвярджэнне гэтых слоў — гісторыя ААТ «Гарадзілава», якое да набыцця яго кампаніяй «Велес-Міт» было звычайным сельгаспрадпрыемствам з невысокімі зарплатамі і даўгамі перад крэдыторамі, — зазначае кіраўнік гаспадаркі Дзмітрый Грамовіч. — Цяпер у нас усё кардынальна змянілася. Створана каманда прафесіяналаў, якія ведаюць і любяць сваю справу.

Сямейны экіпаж Свянціцкіх — бацька Уладзімір і сын Аляксей. Сямейны экіпаж Свянціцкіх — бацька Уладзімір і сын Аляксей.

У ліку лепшых работнікаў таварыства — галоўны заатэхнік Ілья Галодзька, галоўны аграном Ігнат Ігнатаў, трактарысты-машыністы Аляксандр Сцефановіч, Юрый і Дзяніс Гнілазубы, Іван Кавалевіч, сямейны экіпаж у складзе Уладзіміра і Аляксея Свянціцкіх.

Дзмітрый Грамовіч кіруе таварыствам шосты год.

— У нас стабільная эканамічная сітуацыя, — працягвае ён. — За пяцігодку выручка павялічылася ў дзесяць разоў, у прыватнасці, летась яна склала амаль 25 мільёнаў рублёў, прыбытак — шэсць мільёнаў.

У 3-4 разы павялічыўся аб’ём вытворчасці па асобных відах прадукцыі. Так, надой ад каровы павысіўся з 4 тысяч кілаграмаў на год да 9,1. Па выніках 2022-га плануюць атрымаць дзесяць тысяч.

На палях убіраюць звыш 88 цэнтнераў з гектара збожжавых і звыш 40 цэнтнераў з гектара — рапсу.

— Але, напэўна, адно з найбольш значных дасягненняў за мінулыя гады — павышэнне дабрабыту нашых работнікаў, — акцэнтуе кіраўнік. — Зарплата радавога работніка за апошнія пяць гадоў павялічылася ў тры разы — да 1500 рублёў.

На тэму, у чым сакрэт поспеху ААТ «Гарадзілава», Дзмітрый Грамовіч разважае так:

— Цяпер прадукцыя нашай гаспадаркі каштуе дорага. На асабістым вопыце я пераканаўся, што любое сельгаспрадпрыемства можна вывесці на годны ўзровень. Мы разлічыліся з ранейшымі вялікімі даўгамі. Грошай хапае. Калі неабходна, набываем тэхніку ў лізінг, бяром крэдыты ў банках, у якіх у нас стабільна добры рэйтынг.

Калектыў ААТ «Гарадзілава» нацэлены на перадавыя тэхналогіі, якія дазваляюць упэўнена нарошчваць аб’ёмы вытворчасці.

— У нас даволі магутны аўтапарк, — заўважае кіраўнік. — Выкарыстоўваем як беларускую, так і замежную тэхніку. Летась набылі трактары Fendt 936 і МТЗ-1221. Таксама ў 2021-м на рэспубліканскіх «Дажынках» нашай гаспадарцы быў уручаны ключ ад трактара МТЗ-1221 — гэта падарунак Прэзідэнта Беларусі.

У ААТ «Гарадзілава» наладжана вытворчасць мяса, малака, збожжа, рапсу, кукурузы. Яно зарабляе грошы на продажы кармоў, якія нарыхтоўваюць і ў запас. Гэта выдатная страхоўка ад непрадбачаных сітуацый і магчымасць атрымаць дадатковы даход. У планах — вытворчасць мармуровай ялавічыны. Тэхналогіі вывучаюць у калег з Варонежскай вобласці.

Ірына РАБУШКА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

 

Прочитано 177 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.