«Вельмі даўно ў нас падобныя святы праводзіліся, нават і ўспомніць не можам, калі», — казалі нам многія вяскоўцы, якія цэлымі вуліцамі, сем’ямі сабраліся на стадыёне ў цэнтры аграгарадка. Адмысловая сцэна насупраць глядацкіх трыбун, дзіцячыя атракцыёны, гандлёвыя палаткі — усё сведчыла аб маштабным мерапрыемстве, ініцыятарам якога стаў Лебедзеўскі сельскі Савет дэпутатаў. Да слова, гэта ўжо трэцяе свята вёскі ў сельсавеце. У ліпені яны прайшлі ў Рэдзьках і Конавічах.
— У Заскавічах была праведзена вялікая работа па добраўпарадкаванні: падсыпаны, прайгрэйдзіраваны вуліцы, якія мелі ў гэтым патрэбу, падкошана трава. Мы вельмі ўдзячны мясцовым жыхарам за тое, што яны падтрымалі нашу прапанову, падключыліся, навялі парадак на падвор’ях, вуліцах і дружна прыйшлі на свята, — зазначае старшыня Лебедзеўскага сельскага выканаўчага камітэта Тамара Дудзіч.
Перш чым пачалося асноўнае дзейства на галоўнай сцэне, адбылося традыцыйнае для такіх святаў знаёмства з гасціннымі жыхарамі вуліц аграгарадка, якія падрыхтавалі не толькі сталы-пачастункі з прысмакамі — дранікамі, дамашняй каўбасой, пірагамі ды медавухай, — але і цікавыя праграмы з вершамі, песнямі, танцамі. Прадстаўнікі вялікай, у 70 падвор’яў, вуліцы Зарэчнай прыгожа спявалі прыпеўкі, якія склалі самі, кранулі ўсіх папулярнай песняй «Не прадаецца хата бацькоў». На вуліцы Зялёнай госці перагарнулі стары фотаальбом разам з Галінай Міронавай, успомнілі добрым словам сем’і Асіповічаў, Монідаў, Губараў, Коханаў, якія жывуць тут з пакалення ў пакаленне, з гонарам адзначылі, што тут жыў Герой Сацыялістычнай Працы, старшыня калгаса «Светлы шлях» Уладзімір Калачык. Віталі гасцей, частавалі і песні спявалі руплівыя гаспадары з вуліц Лугавой, Палявой, Савецкай. «Летам, як ідуць кароўкі, ці зімой марознаю, я люблю цябе, сяброўка, вуліца Калхозная» — склаў пра сваю вуліцу верш яе жыхар музыкант, паэт Віктар Сыракваш, які іграў на акардэоне разам з Іосіфам Мядоўскім. А як цудоўна спявалі прыпеўкі пад акампанемент Людмілы Ляшчынскай, якіх смачных страў нагатавалі жанчыны з вуліцы Школьнай і аднайменнага завулка! Не засталася ў баку і Заскавіцкая амбулаторыя на чале з загадчыцай Таццянай Кокала. Медработнікі падрыхтавалі вітамінны стол і яшчэ раз нагадалі землякам аб здаровым ладзе жыцця і адказнасці кожнага за сваё здароўе.
У кожнай з вуліц была свая група падтрымкі.
Фанфары абвясцілі аб пачатку свята, юныя танцоры з харэаграфічнай студыі танца «Пластылін» дынамічным танцам узрушылі гледачоў. Здзівіла іх і з’яўленне ўпрыгожанай кібіткі пад упраўленнем Фёдара Капыша. На ёй прыехалі жаданыя госці — паэт-песеннік Кастусь Цыбульскі, музыкант і паэт Віктар Сыракваш, якія падарылі землякам музычныя нумары. А гісторык, краязнаўца Антон Апанасевіч коратка нагадаў асноўныя вехі слаўнай гісторыі Заскавіч, які ў дакументах вядомы з XVIII стагоддзя. У Год гістарычнай памяці са сцэны добрымі словамі ўспомнілі ветэранаў: Аляксея Маскацініна, Ніну Панамарэнка, Марыю Паспелаву, Екацярыну Краснабаеву. Словы падзякі гучалі ў адрас дырэктара Наталлі Галота і працоўнага калектыву ААТ «ЭНЭФ» за дапамогу ў добраўпарадкаванні помніка землякам.
Настрой цудоўны, можна і патанцаваць.
Са святам павіншаваў усіх прысутных старшыня Маладзечанскага раённага Савета дэпутатаў Андрэй Паўкшта. Ён уручыў Ганаровыя граматы Але Белановіч і Ірыне Доўгай, Падзячныя пісьмы — старасце аграгарадка Валянціне Асіповіч, былой старасце Заскавіч Маргарыце Монід.
Андрэй Паўкшта ўручыў Падзячнае пісьмо Валянціне Асіповіч.
Старшыня Лебедзеўскага сельвыканкама Тамара Дудзіч сардэчна падзякавала надзейным памочнікам-актывістам за падтрымку і дапамогу. Сярод іх старшыня ААТ «Заскавічы» Яўгеній Гінцяк, які паведаміў са сцэны, што ўборка збожжавых у гаспадарцы завершана, настаяцель Заскавіцкай царквы іерэй Мікалай Бобрык, загадчыца амбулаторыі Таццяна Кокала. Падзяку атрымалі Галіна Петрусенка, Віталій Аноп, Генадзій Падалян, Людміла Масол, Вераніка Міхалоўская і многія іншыя.
Па традыцыі на такіх святах ушаноўваюць мясцовых жыхароў у розных намінацыях. Сярод іх доўгажыхары Софія і Мікалай Асіповічы, Іван Руткоўскі, Мялання Лескець. Самая юная жыхарка — Дзіяна Сянькоўская. Самы доўгі шлюб у Софіі і Мікалая Асіповічаў — 67 год, у Зінаіды і Аляксандра Баўтрош — 54 гады. Самая маладая сям’я — Анастасіі і Дзмітрыя Барэйша, яны пажаніліся ў жніўні гэтага года. Не пакінулі без увагі і шматдзетныя сем’і Алены Міхеевай і Сяргея Бобрыка, Ірыны і Яўгенія Макарэвічаў.
Напярэдадні свята былі вызначаны лепшыя падвор’і. Пераможцамі сталі Станіслава і Віктар Чапскія, Таццяна Кокала, Марыя і Аркадзій Асіповічы, Эдмонд Шэміс, Зоя Карчмітовіч, Тамара Кохан. Самым моцным у аграгарадку стаў Уладзімір Міранчук, самым спартыўным – Уладзімір Лоўчы. Былі таксама адзначаны ўсе вуліцы, якія рыхтавалі сталы-пачастункі.
Мастак, рэзчык па дрэве Віктар Чапскі падарыў сельгаспрадпрыемству пано.
Шмат уражанняў засталося ў гледачоў ад паказальных выступленняў кінолагаў, выратавальнікаў. Таццяна Бурак запрашала ў спартыўна-гульнёвы куток. Цудоўную канцэртную праграму падрыхтавалі вакальная група «Суседкі» Заскавіцкага СДК, народны ансамбль народнай песні «Жытніца» Ашмянскага РЦК, вакальная група «Заляснянка» філіяла «Залескі ДК» Смаргонскага раёна, навучэнцы Заскавіцкай школы мастацтваў, група «Крастмайк» з Маладзечна, танцавальны калектыў Яхімоўшчынскага сельскага дома культуры. Асаблівыя ноткі ўнеслі артысты файер-шоў «Матрыца» з Мінска. А незабыўным заключным акордам стаў феерверк — такі ж яркі і запамінальны, як і ўсё свята.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Віталій КРУПЯНЬКОЎ.