08.07.2022 10:09

У Рэдзькі – на свята Усіх святых, у Конавічы – на Дзявятнік

У многіх нашых вёсках з даўніх часоў існуе традыцыя праводзіць свой фэст на адно з рэлігійных свят. У гэты дзень прыязджае святар, праводзіць малебен ля крыжа-абярэга, збіраюцца мясцовыя жыхары ад малога да вялікага, прыязджаюць з горада дзеці, унукі.

Свята ў Конавічах атрымалася па-дамашняму цёплым. Свята ў Конавічах атрымалася па-дамашняму цёплым.

Нядаўна ў двух населеных пунктах Лебедзеўскага сельсавета прайшлі такія фэсты, якія намаганнямі мясцовых актывістаў і Лебедзеўскага сельвыканкама ператварыліся ў сапраўдныя святы вёсак.

У Рэдзьках малебен правёў настаяцель храма Узнясення Гасподняга аграгарадка Заскавічы іерэй Мікалай Бобрык. Стараста вёскі Аляксандра Шчасная паднесла святару хлеб-соль. Старшыня Лебедзеўскага сельвыканкама Тамара Дудзіч павіншавала вяскоўцаў са святам, падзякавала за падтрымку мясцовай улады ў навядзенні парадку на зямлі, прафілактыцы правапарушэнняў, рабоце па пажарнай бяспецы, уручыла самым актыўным сваім памочнікам падзячныя пісьмы. Сярод іншых была заахвочана стараста Рэдзек Аляксандра Шчасная, адна з найстарэйшых жыхарак і актыўная памочніца старасты Васіліна Камінская, дбайныя гаспадары Вікенцій Цітоў, Мікалай Сідаровіч і Васілій Скарынка, якія ўтрымліваюць свае падвор’і ў адмысловым парадку.

Стараста Рэдзек Аляксандра Шчасная (справа) і Васіліна Камінская.

Не абышлося і без музычнага падарунка ад работнікаў Лебедзеўскага і Заскавіцкага сельскіх дамоў культуры, якія эфектна прыехалі на брычцы. Шчырымі апладысментамі віталі вяскоўцы вакальную групу «Суседкі» Заскавіцкага СДК, таленавітага музыканта, аўтара песень і вершаў Віктара Сыракваша, іншых выканаўцаў. Аляксандра Шчасная расчуліла ўсіх вершам «Не прадавайце дом бацькоў».

Не менш цёпла, па-дамашняму ўтульна на Дзявятнік прайшло свята ў Конавічах. Тут за здароўе і дабрабыт, за мір і спакой маліўся настаяцель храма Святой Жыццепачатнай

Троіцы ў аграгарадку Маркава протаіерэй Мікалай Пяшко.

Адметна, што Лебедзеўскаму сельвыканкаму ўдалося акурат да свята выканаць просьбу мясцовых жыхароў: тут праведзены ямачны рамонт дарогі праз вёску, які выканалі спецыялісты ДРБУ-195
.
На вуліцы Цэнтральнай, ля дома №16, дружныя вяскоўцы ўстанавілі імправізаваную сцэну, прынеслі лаўкі. Тамара Дудзіч уручыла падзячнае пісьмо Маладзечанскага раённага Савета дэпутатаў за плённую грамадскую працу старасце Конавічаў Анжэле Рудай.

Стараста Конавічаў Анжэла Рудая.

За актыўны ўдзел у жыцці вёскі падзячныя пісьмы Лебедзеўскага сельвыканкама атрымалі Сяргей Бельскі і Мадэста Шаюк. Былі адзначаны старэйшая жыхарка вёскі Анастасія Танкевіч, а таксама Сабіна Мячкоўская і Наталля Рудкоўская, якія ўсё жыццё аддалі сельскай гаспадарцы, працавалі на малочнатаварнай ферме «Конавічы» ААТ «Заскавічы».

З канцэртнай праграмай сюды, як і ў Рэдзькі, завіталі работнікі Заскавіцкага і Лебедзеўскага сельскіх дамоў культуры, парадавалі сваіх гледачоў песнямі, байкамі, закружылі іх у польках і вальсах.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў ЛЕБЕДЗЕЎСКАГА СЕЛЬВЫКАНКАМА.

 

Прочитано 290 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.