Дрэннае надвор’е не перашкодзіла аматарам народных традыцый акунуцца ў атмасферу аднаго з самых любімых свят «Купальскі фэст».
Яшчэ да яго пачатку супрацоўнікі бібліятэкі сямейнага чытання «Верасок» на чале з загадчыцай Лідзіяй Якуш праводзілі гульнявую праграму для юных жыхароў горада «Гісторыя вачыма дзяцей».
Хлопчыкі і дзяўчынкі збіралі чароўныя зёлкі, адгадвалі тэматычныя загадкі і нават стваралі жывую мумію.
-- Мы даведаліся пра свята і вырашылі прыйсці, паўдзельнічаць у гульнях. Мы жывём у адным двары на вуліцы Багдана Хмяльніцкага, сябруем. Мы адна каманда! – дзяліліся ўражаннямі Даша Лукоўская, Насця Мікуліч, Цімафей Сідаровіч, Фаіна Відзякіна.
Ля увахода ў Летні амфітэатр публіку запрашалі на свята роставыя лялькі, здымкі з якімі застануцца ў многіх гараджан.
З сімвалічным купальскім вянком і прывітальнымі словамі выйшлі ў народ галоўныя дзеючыя героі прадстаўлення Купаліш (Павел Данілаў) і Купалінка (Ганна Шыцік). Паўлу і ў мінулыя гады даводзілася быць у гэтай ролі, а вось для Ганны гэта своеасаблівы дэбют. Але дзяўчына не хвалявалася.
-- Я з трох гадоў на сцэне, Палац культуры, амфітэатр для мяне нібыта родны дом! – з усмешкай гаворыць чароўная Купалінка.
Не менш артыстычнымі, абаяльнымі былі на сцэне Марыя Мелінг, Ганна Рухадзэ, Анастасія Багушэвіч, якія ігралі ролі сястры, сябровак Купалінкі.
Штогод на Купалле творчыя і крэатыўныя супрацоўнікі гарадскога Палаца культуры прыдумваюць нешта новае, здзіўляюць гледачоў рознымі забавамі, запрашаюць самабытных артыстаў. Так было і на гэты раз. Сцэнарыст Марына Юхневіч прадугледзела ўсё, каб гледачы не сумавалі, актыўна спаборнічалі ў конкурсах і разам з артыстамі на сцэне былі паўнапраўнымі ўдзельнікамі купальскага фэсту, даведаліся нешта новае аб народных традыцыях.
Павесялілі публіку дасціпнымі жартамі і песнямі госці з Вілейшчыны – удзельнікі народнага гумарыстычнага калектыву «Смехата» Ільянскага сельскага Дома культуры.
Тэматычную праграму падрыхтаваў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль песні і танца «Спадчына» імя Іосіфа Сушко. Прыгожы танец «Карагод» падарылі гледачам юныя танцоры з узорнага харэаграфічнага ансамбля «Сонечныя праменьчыкі».
Шмат уражанняў засталося ў гледачоў ад грандыёзнага фаер-шоу і неонавага шоу, што прайшлі на востраве ў парку. А затым па традыцыі там расклалі вялікае вогнішча. Удзельнікі свята, як некалі іх далёкія продкі, глядзелі на яго яркія іскры і спадзяваліся, што чароўны купальскі агонь знішчыць усё нядобрае, асвеціць шлях да здзяйснення самых запаветных мар.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Віталій КРУПЯНЬКОЎ.