06.07.2022 15:45

«Думай і перамагай!»

У віктарыне пад такой назвай, прымеркаванай да Года гістарычнай памяці, прынялі ўдзел супрацоўнікі прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Маладзечанскім раёне разам са сваімі калегамі з Валожына, Вілейкі, Мядзела, Мінскага раёна і філіяла Белдзяржстраха па Мінскай вобласці.

Удзельнікі мерапрыемства ў час наведвання мемарыяльнага комплексу «Шталаг-342». Удзельнікі мерапрыемства ў час наведвання мемарыяльнага комплексу «Шталаг-342».

Інтэлектуальная сустрэча каманд гэтых рэгіёнаў адбылася ў Вілейцы. Па дарозе туды ўдзельнікі мерапрыемства наведалі мемарыяльны комплекс «Шталаг-342» у Маладзечне, ушанавалі памяць воінаў і мірных грамадзян, якія загінулі тут, усклалі кветкі да мемарыяльных пліт. Выпускніца СШ №5 Паліна Галавач азнаёміла гасцей з гісторыяй гэтага аднаго з самых буйных у Беларусі канцэнтрацыйных лагераў, расказала, у якіх жудасных умовах утрымліваліся вязні. Колькі б год ні мінула, мы не маем права пра гэта забываць, адзначыла юны экскурсавод. Дзякуючы шматгадовай рабоце клуба «Пошук» СШ №5 устаноўлена больш за дзве тысячы імён былых вязняў. У рамках рэспубліканскага праекта «Ідзі і глядзі» па захаванні гістарычнай памяці і патрыятычным выхаванні маладога пакалення на мемарыяльным комплексе ўстаноўлены QR-код, дзякуючы якому кожны жадаючы можа даведацца інфармацыю пра «Шталаг-342».

Экскурсію вяла выпускніца СШ №5 Паліна Галавач.

Асноўным вехам Вялікай Айчыннай вайны, гісторыі Беларусі, яе знакавым месцам і помнікам прысвячаліся пытанні віктарыны «Думай і перамагай!». Адказваючы на іх, супрацоўнікі Белдзяржстраху ў чарговы раз даказалі, што яны не толькі граматныя прафесіяналы, але і неабыякавыя грамадзяне сваёй краіны, якія добра ведаюць і ганарацца яе багатай гісторыяй, культурай. Пазнавальнымі былі і падрыхтаваныя камандамі відэафільмы пра свае раёны.

У выніку напружанай барацьбы пераможцам стала каманда прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Мядзельскім раёне. Маладзечанцы занялі другое месца. У складзе нашай каманды былі дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Маладзечанскім раёне Ірына Завадская, яе намеснік Павел Юрэвіч, начальнік аддзела страхавання Валерый Івашанка, страхавы агент Алена Страх.

-- Такія мерапрыемствы выклікаюць пачуццё патрыятызму, гордасці за нашу краіну, жаданне зрабіць усё, каб мы жылі пад мірным небам, -- адзначыла Ірына Завадская.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Віталій КРУПЯНЬКОЎ.

Прочитано 232 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.