02.06.2022 8:47

Калі ўся вёска ў чаце, альбо Ці жывуць у Валодзьках Валодзі?

У мінулым стагоддзі жыхары вёскі Валодзькі, што ў Радашковіцкім сельсавеце, абмяркоўвалі навіны, збіраючыся на лавачках ля дамоў. А цяпер яны вядуць размовы анлайн у тэлефонным чаце, які стварыла стараста населенага пункта Ала Юрынок.

Адкуль назва?

— У нашым чаце 59 чалавек, старэйшай удзельніцы – 66 гадоў. Мы дзелімся навінамі, дасылаем віншаванні са святамі. Мне як старасце вельмі зручна даваць праз яго аб’явы, даводзіць да людзей інфармацыю сельскага Савета, абмяркоўваць праблемы, — расказвае Ала Вікенцьеўна, якая працуе настаўніцай замежнай мовы Радашковіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – сярэдняя школа.

Яна карэнная ўраджэнка гэтай вёскі, якую з любоўю называе «сваёй маленькай Швейцарыяй». І сапраўды, Валодзькі нібыта схаваліся за ўзгоркамі ў нізіне, засцерагліся ад вялікіх вятроў. У кнізе «Памяць» пазначана, што вёска вядомая з XVI стагоддзя, у XVII-м былі цэнтрам маёнтка, уласнасцю пана М. Валодзькавіча – адсюль і назва. З 1940-га па 1976 год гэты населены пункт быў цэнтрам сельсавета. А найбольш жыхароў – 274 – было тут у 1938-м. Цяпер у вёсцы 65 падвор’яў, карэнных жыхароў засталося з дзясятак. Аднак дзеці, унукі бацькоўскія дамы не кідаюць, некаторыя пасля выхаду на пенсію перабраліся на малую радзіму.

Сталічныя жыхары набываюць у гэтай маляўнічай мясцовасці дамы, адбудоўваюць іх. Дваццаць гадоў таму купіў тут дачу мастак Аляксандр Стадольнік. Яго дом — нібы карцінная галерэя, сцены ўпрыгожваюць дзясяткі партрэтаў, пейзажаў. «Мне тут выдатна працуецца», — гаворыць мастак. Захавалася дача артыста Аляксандра Дзянісава, які выконваў ролю Івана Гамаюна ў кінафільме «Государственная граница». «Мы яго так і звалі: Гамаюн», — прыгадвае Станіслаў Зайкоўскі, маці якога Рэгіна Антонаўна старэйшая жыхарка Валодзек, у красавіку ёй споўнілася 95 гадоў. Дарэчы, Зайкоўскія і Рабушкі найбольш распаўсюджаныя прозвішчы мясцовых жыхароў.

Стараста вёскі Ала Юрынок заўсёды рада гасцям.

Васолы – спадчына дзядоў

Разам са старастай мы завіталі ва ўтульны дом да Яўгеніі Карпіцкай (у дзявоцтве Дварэцкай), якая памятае яшчэ даваенныя Валодзькі. У 16 гадоў яна засталася круглай сіратой, жыла адна, трымала гаспадарку. У 18 выйшла замуж за Андрэя Карпіцкага, добрага, прыстойнага чалавека, майстра на ўсе рукі. Яўгенія Сцяпанаўна працавала даяркай на мясцовай ферме, Андрэй Васільевіч – брыгадзірам калгаснай будаўнічай брыгады. 67 гадоў пражылі яны ў каханні і згодзе, выгадавалі трох цудоўных дачок, дачакаліся ўнукаў і праўнукаў. На жаль, летась Андрэя Васільевіча не стала. Аб матулі клапоцяцца дочкі, і ў дзень майго візіту Ірына і Алена былі дома. Адчуваецца, што ад вёскі яны не адарваліся, любяць яе гэтак жа моцна, як і сваіх бацькоў.

— Наша вёска жывая! Людзі тут дружныя, добрыя. У нас здаўна ніякіх боек паміж моладдзю не было, бо ва ўсіх бацькі рэлігійныя, добра выхавалі сваіх дзяцей. Калі ідзеш з электрычкі, хто б ні ехаў на машыне — абавязкова спыніцца, падвязе, — гаворыць Алена.

Адна са старэйшых жыхарак Валодзек Яўгенія Карпіцкая з дочкамі Ірынай і Аленай.

Адна з вясковых традыцый – у першы дзень Вялікадня спяваць гаспадарам васолы – велікодную песню. Яўгенія Сцяпанаўна ўспамінае, што Антон Рабушка, Генадзь Дварэцкі, Станіслаў Зайкоўскі і іншыя мужчыны хадзілі па хатах у суправаджэнні мясцовых скрыпачоў Іосіфа і Сільвестра Зайкоўскіх. Тэкст царкоўнай песні ведала ўся вёска, прычым як на польскай мове (тут шмат католікаў), так і на беларускай. Цяпер сяброўка і першая памочніца старасты вясковая «хутаранка» Святлана Максімчык раздрукавала тэкст, раздала аднавяскоўцам. Сёлета на Вялікдзень васолы ў Валодзьках таксама спявалі – традыцыя працягваецца.

Памятаюць тут і скрыпачоў — абодва былі музыкантамі ад Бога. «Пад скрыпку Сільвестра нават яго карова танцавала, і гэта не жарт, сам бачыў», — расказвае Станіслаў Зайкоўскі. Ураджэнец Валодзек, жыхар Дзякшнян Сяргей Рабушка ўспамінае, што ў Іосіфа Зайкоўскага з’явіўся першы ў вёсцы тэлевізар — сапраўдны цуд тэхнікі: перад маленькім экранам змяшчалася павелічальная лінза, у якую перад праглядам трэба было заліваць ваду. Дарэчы, Сяргей Сяргеевіч у маладосці падпрацоўваў кінамеханікам, круціў у родных Валодзьках кіно, усё больш індыйскае. А сын Іосіфа Зайкоўскага Аляксей, па прафесіі журналіст, склаў прыгожы верш пра родную вёску, якую вельмі любіць.

1973 год. Вяселле Ірыны і Баляслава Зайкоўскіх. Музыканты – браты Здзіслаў і Эдуард Бальчунас, з барабанам Пётр Нешкуць.

На пустэчы стаяла кузня

Станіслаў Зайкоўскі ўспамінае, што яшчэ да вайны яе пабудаваў яго дзед Іосіф Зайкоўскі (цёзка скрыпача), які вывучыўся кавальскай справе ў яўрэя ў Красным. На інструменты ён аддаў сто рублёў золатам – велізарныя па тых часах грошы.

— Татаў брат Канстанцін працаваў кавалём, а мой тата — малатабойцам, іншы раз і я яму дапамагаў. Кавалі сярпы, плугі, майстравалі калёсы для павозак, падкоўвалі коней, — расказвае Станіслаў Пятровіч, які затым стаў фрэзероўшчыкам, з металам звязаў жыццё.

Станіслаў Зайкоўскі захаваў інструменты з дзедавай кузні.

Доўгі час у вёсцы была не толькі ферма, але і канюшня, конюхам там працаваў Віктар Рабушка. Многім рамантаваў абутак, шыў адзенне мясцовы майстар на ўсе рукі Уладзімір Шэўнік. Добрым словам прыгадваюць тут і Аляксандра Рабушку, які гаспадарыў у мясцовай лазні.

Цяпер двое вучняў з Валодзек ездзяць у школу ў Радашковічы, а вось Станіслаў Зайкоўскі вучыўся ў пачатковай школе ў сваёй вёсцы: «Дырэктарам быў Аляксандр Быкаў, яго жонка Надзея Іосіфаўна – наша класная, першая настаўніца – Ганна Паўлаўна. Настаўнічалі шмат гадоў Наталля Хамічонак, Соф’я Кароткая. Усё жыццё ў суседняй Путнікаўскай школе працаваў настаўнікам працоўнага навучання і фізкультуры Станіслаў Рабушка.

Гэтаму здымку вучняў мясцовай школы больш за 85 гадоў! Ён захаваўся ў 95-гадовай Рэгіны Зайкоўскай. На фота яна ў другім радзе другая злева.

Бібліятэкай загадвалі Любоў Аніська, Наталля Голуб, мясцовым клубам — Валянціна Захаркіна, Алена Рабушка, Мікалай Ермаловіч. «Валодзькаўцы былі самымі галасістымі, у конкурсах перамагалі», — успамінае Станіслаў Пятровіч, які ў маладосці ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці.

А яшчэ прыгадвае, як самыя смелыя хлопцы – Вацлаў Зайкоўскі, Вячаслаў Рабушка — з’язджалі на лыжах з самай вяршыні Яначкавай гары, ды яшчэ і трамплін на рацэ Чарняўцы ладзілі, каб метраў восем ляцець у паветры…

Гордасць вяскоўцаў – возера

Яшчэ ў 1980-я гады дружныя валодзькаўцы сабралі грошы, нанялі тэхніку і пашырылі, паглыбілі невялікую сажалку-«копанку». Завадатарам гэтай добрай справы быў брыгадзір паляводчай брыгады Віктар Жартун, удзячныя людзі за работу і бульдазерысту Івану Несцеру.

— Штогод я арганізоўваю людзей: па 30-50 чалавек выходзіць, каб ачысціць возера ад ціны, навесці парадак на берагах. Год таму склаліся, купілі малькоў карпа, ліна, таўсталобіка, зарыбілі наша возера. Бачыце, лавачкі змайстравалі, каб сядзець было зручна. А яшчэ зрабілі разборную сцэну, на беразе возера праводзім Купалле, іншыя мерапрыемствы, усё запісваем на відэа, потым ладзім калектыўныя прагляды. У 2018 годзе адзначалі 425-годдзе нашай вёскі, сельвыканкам нас падтрымаў. Выдатнае свята атрымалася! — прыгадвае Ала Вікенцьеўна, якая сама складае сцэнарыі свят, вядзе іх разам з Іванам Зайкоўскім, а пра роднае возера склала верш і напісала экалагічную работу.

Непадалёк ад вадаёма — прыгожы дом Міхаіла Канановіча, якога Ала Вікенцьеўна называе «даглядчыкам» возера. Неабыякавы пенсіянер абкошвае бераг, сочыць за парадкам, ладзіць сцэну перад святамі.

Стараста з удзячнасцю гаворыць, што падтрымлівае яе, дапамагае вырашаць шматлікія пытанні старшыня Радашковіцкага сельвыканкама Уладзімір Васількоў.

— А ці ёсць у вашых Валодзьках Валодзі? – не магла не спытаць у Алы Вікенцьеўны.

Аказваецца, ёсць! І ўсе працаздольнага ўзросту. Уладзімір Юрынок, муж старасты, электрамеханік па прафесіі, інжынер-энергетык Уладзімір Ярук і электрык Уладзімір Жыглінскі з гордасцю могуць сказаць: «Мы Валодзі з Валодзек!».

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў СЯМ’І ЗАЙКОЎСКІХ.

Прочитано 400 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.