Прадукцыя жывёлагадоўлі з’яўляецца асноўнай крыніцай паступлення грашовых сродкаў. Хаця, як заўважыў Уладзімір Паўлавіч, раслінаводства таксама ніхто не скідвае з рахункаў. Але менавіта цяпер закладваецца база будучых надояў і прываг. Таму нарыхтоўцы кармоў надаецца асаблівая ўвага, наладжаны жорсткі кантроль за тэхналогіяй закладкі сянажных і сіласных траншэй. На час касавіцы сфарміраваны тэхналагічны атрад са сваіх механізатараў, вадзіцеляў, спецыялістаў. На кормаўборачным камбайне «Джон-Дзір» заняты граматны механізатар Сяргей Давідовіч. За дзень нарыхтоў-
ваецца да 500 тон зялёнай масы. Такі аб’ём дазваляе якасна рабіць закладку сенажу. На іншых участках выдатна працуюць Пётр Гайковіч, Сяргей Троцкі, Віктар Завадскі, Іван Чубін. З кадрамі праблем няма, усе свае, мясцовыя.
Нягледзячы на халодную вясну, ураджай траў радуе. Маштабнае і граматнае перазалужэнне дало свой вынік. А вось з кукурузай гаспадарцы не пашанцавала — 150 гектараў з 400 пасеяных вымерзла. І гэта было вельмі нечакана. Аператыўна адсеялі гэту плошчу і спадзяюцца на добры ўраджай.
Дырэктар сельгаспрадпрыемства гаворыць, што на нарыхтоўку кармоў яны глядзяць з аптымізмам. Адназначна плануюць назапасіць не менш чым летась: 13688 тон сенажу, 13471 тону сіласу, 400 тон сена. Дарэчы, план па нарыхтоўцы сена гаспадарцы даведзены ў 690 тон, але тут умеюць лічыць і ўпэўнены, што мінулагодняй колькасці будзе дастаткова. Што да кармавых адзінак травяністых кармоў, то іх нарыхтуюць 31,2 цэнтнера на ўмоўную галаву жывёлы.
У гаспадарцы адпрацаваная тэхналогія, і першы ўкос традыцыйна закладваецца ў траншэі. Другі – бабовыя культуры будуць запакоўваць у стрэтч-плёнку. Спецыяльнай тэхнікі пакуль няма, але агрэгат набудуць як толькі рэалізуюць насенне рапсу. З гэтай культурай, якая займае 203 гектары, галоўны аграном Т. Бітэль умее працаваць, як ніхто іншы. Нездарма яна сярод любімых у Таццяны Юр’еўны. Дарэчы, летась быў атрыманы небывалы ўраджай рапсу, а сельгаспрадпрыемства заняло першае месца ў абласным спаборніцтве. На выручаныя ад продажу насення грошы (культура справядліва лічыцца залатой) набылі шмат тэхнікі, сёлета таксама парк папоўніцца новымі агрэгатамі.
СУП «Хажоваагра-2009» адна з валаўтваральных гаспадарак па вытворчасці малака. Дойны статак налічвае 1271 галаву. Больш толькі ў ААТ «Усход-Агра» і «Селеўцы», КСУП «Відзеўшчына», філіяле «Аграфірма «Лебедзева». Таму абавязкова павінен быць закладзены салідны запас кармоў. Хажоўцы здаюць за дзень унушальны аб’ём малочнай сыравіны — 18,5 тоны. Летась быў месяц, калі ўзялі рэкордную месячную выручку за малако за ўвесь час існавання гаспадаркі – 3 мільярды 300 мільёнаў недэнамінаваных рублёў.
Вялікае малако дазваляюць атрымліваць і шматкампанентныя пашы. Тут таксама праведзена немалая работа. Да 98 гектараў, якія перазалужылі летась, сёлета дабавілі яшчэ 54. У планах закладка 60 гектараў. Усе статкі выпасваюцца на інтэнсіўных пашах. Кіраўнік расказаў, што на адну з іх, насупраць малочнатаварнай фермы «Мыслевічы», жывёла вярталася на выпас 14 разоў. У яго практыцы гэта ўпершыню, бо звычайна па тэхналогіі бывае 5-6 разоў. Такая інтэнсіўнасць адрастання травастою сведчыць аб якасным пасяўным матэрыяле, правільнай запраўцы ўгнаеннямі і правільным доглядзе. Так што арыенцір ёсць, і агранамічная служба будзе працаваць у гэтым кірунку.
Поспех там, дзе на кожным участку працуюць прафесіяналы, упэўнены У. Гнілазуб. Сярод такіх спецыялістаў галоўны аграном Таццяна Бітэль, якую справядліва лічаць галоўным тэхнолагам. У гаспадарцы правялі маштабнае перазалужэнне пашы, займаюцца насенняводствам. Уладзімір Паўлавіч зазначае, што якаснае насенне траў каштуе дорага, таму заклалі насеннікі. Тут атрымліваюць сваё насенне, у тым ліку бабовых, і такім чынам эканомяць немалыя грошы. Лішкі прадаюць іншым сельгаспрадпрыемствам, што прыносіць немалы даход.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.