13.04.2022 12:17

Дзень абароны Зямлі па-лебедзеўску: усе разам, адной дружнай сям’ёй

— Зямля для кожнага з нас – найперш той куток, дзе мы жывём. Зберагчы і захаваць яго, забяспечыць на ім спакойнае жыццё мы можам толькі ўсе разам, — пераканана старшыня Лебедзеўскага сельскага Савета дэпутатаў Тамара Дудзіч, ініцыятар і вядучая маштабнага мерапрыемства, якое ўпершыню прайшло ў мясцовым Доме культуры і было прымеркавана да Дня абароны Зямлі.

«Ганарымся, што наша аграфірма носіць назву «Лебедзева»! – гавораць Таццяна Кароль, Яўгеній Шышко, Людміла Лымар. «Ганарымся, што наша аграфірма носіць назву «Лебедзева»! – гавораць Таццяна Кароль, Яўгеній Шышко, Людміла Лымар.

Не дапусціць пажараў і дамашняга насілля

У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўніцтва і прадстаўнікі амаль усіх устаноў і арганізацый, што знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета.

Невыпадкова яно пачалося з прафілактычнай акцыі «За бяспеку разам», якую правяла інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Маладзечанскага ГРАНС Валянціна Сопат. Гэтай засушлівай вясной надзвычай актуальная праблема – пажары, што ўзнікаюць пры спальванні сухой расліннасці. Інспектар расказала пра апошнія выпадкі, якія адбыліся ў Мінскай вобласці, яшчэ раз нагадала правілы бяспекі, папрасіла кіраўнікоў, супрацоўнікаў сельскага Савета правесці растлумачальныя гутаркі ў калектывах і сярод насельніцтва.

Участковы інспектар Лебедзеўскага сельвыканкама Іван Корпік у рамках акцыі «Дом без насілля» заклікаў прысутных не быць раўнадушнымі, не жыць па прынцыпе «мая хата з краю», паведамляць у міліцыю пра выпадкі сямейнага насілля, ад якога пакутуюць жанчыны, дзеці.

Своечасовы званок па нумары 102, нават ананімны, можа выратаваць жыццё чалавеку, зазначыў супрацоўнік міліцыі.

Прэзентацыя: ёсць чым ганарыцца

Чым славяцца мясцовыя сельгаспрадпрыемствы, які смак мае мінеральная вада вытворчасці «Аквадыў», якія лячэбныя працэдуры санаторыя «Вяжуці» самыя запатрабаваныя, што радуе педагогаў мясцовых школ, якія гурткі працуюць у Дамах культуры? Пра гэта і многае іншае можна было даведацца ў час прэзентацыі мясцовых арганізацый і ўстаноў: прасторнае фае Дома культуры ператварылася ў выставачную залу дасягненняў лебедзеўцаў.

Сімвал працы земляроба – каласы, духмяны хлеб, булачкі — упрыгожвалі выстаўку аграфірмы «Лебедзева» РУП «Мінскэнерга».

— Мы ганарымся, што наша аграфірма мае назву «Лебедзева», а самае галоўнае наша багацце – зямля і людзі, якія на ёй працуюць, — зазначылі яе дырэктар Людміла Лымар, галоўны энергетык Яўгеній Шышко, вядучы спецыяліст па сацыяльна-ідэалагічнай рабоце Таццяна Кароль.

Спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ «Заскавічы« Анастасія Дземеш з удзячнасцю прыгадала Героя Сацыялістычнай Працы, ганаровага грамадзяніна раёна Уладзіміра Калачыка, які доўгі час кіраваў гаспадаркай, вывеў яе ў лідары. Ён задаў імпульс наступным пакаленням хлебаробаў, дзякуючы чаму яны і сёння дабіваюцца добрых вынікаў.

Начальнік аддзела Малінаўшчызненскага спіртагарэлачнага завода — «Аквадыў» Міхаіл Глінскі расказаў, што гісторыя прадпрыемства пачалася ў 1871 годзе. Сёння яго прадукцыю ведаюць не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі – у 15 краінах, сярод якіх Кітай, ЗША, Казахстан і г.д. Залатыя медалі з міжнародных выставак і конкурсаў – сведчанне высокай якасці. Удзельнікі мерапрыемства змаглі ацаніць выдатны смак мінеральнай вады, якую здабываюць і разліваюць на «Аквадыве».

Прадукцыя «Аквадыва» экспартуецца ў 15 краін свету, зазначыў Міхаіл Глінскі.

2800 чалавек за год аздараўліваюцца ў санаторыі «Вяжуці», аб рабоце якога расказала галоўны ўрач Наталія Бычкоўская. Тут можна атрымаць шырокі спектр эфектыўных лячэбных працэдур, створана безбар’ернае асяроддзе для пацыентаў у інвалідных калясках. Папраўляюць здароўе і тыя, хто перанёс COVID-19. Цяпер тут будуецца новы лячэбны корпус з сучаснай гразелячэбніцай. Цэны на пуцёўкі памяркоўныя, можна праходзіць працэдуры амбулаторна, запатрабаваны і туры выхаднога дня з пятніцы па нядзелю.

Наведаць багаты на экспанаты гісторыка-краязнаўчы музей «Спадчына» Лебедзеўскай СШ запрасіў прысутных яго кіраўнік настаўнік гісторыі Антон Апанасевіч, дэпутат сельскага Савета дэпутатаў, стараста вуліц, аўтар кнігі «Лебедзеўская сага».

— Нельга прывіць любоў да Радзімы за адзін дзень. Патрэбна планамерная, карпатлівая работа педагогаў, бацькоў, грамадскасці, — лічыць кіраўнік музея «Спадчына» Турэц-Баярскай СШ Святлана Крупская.

Наведаць школьны музей Лебедзеўскай СШ запрасіў Антон Апанасевіч.

Захоўваюць гісторыю сваёй школы і вёскі і ў Заскавіцкім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад — базавая школа, аб рабоце якога расказаў дырэктар Віталій Аноп.

Можна парадавацца за дзяцей, якія развіваюць свае здольнасці ў Лебедзеўскай дзіцячай школе мастацтваў, якая па выніках мінулага года была занесена на раённую Дошку гонару. Дырэктар Святлана Кулеш расказала, што ў мінулым годзе выхаванцы школы заваявалі 27 дыпломаў міжнародных, рэспубліканскіх, абласных конкурсаў, якія ўвайшлі ў скарбонку раёна. Шмат творчых перамог і ў педагогаў, выхаванцаў Заскавіцкай дзіцячай школы мастацтваў, работу якой прэзентавала дырэктар Людміла Масол. Мастацкі кіраўнік Лебедзеўскага сельскага Дома культуры Вольга Зяновіч расказала, якія гурткі, студыі, аматарскія аб’яднанні тут працуюць, а выстаўка работ дзяцей і дарослых прыцягнула ўсеагульную ўвагу. Шмат матэрыялаў па краязнаўстве сабрана ў Лебедзеўскай сельскай бібліятэцы намаганнямі яе загадчыцы Святланы Цярэня, якая прачытала верш пра родныя мясціны мясцовай паэтэсы Антаніны Рудзь.

У мерапрыемстве прыняла ўдзел старшыня раённай арганізацыі Беларускага фонду міру Святлана Чыжыкава.

— Кожная ваша прэзентацыя сведчыць аб тым, якія творчыя, працавітыя людзі жывуць на тэрыторыі Лебедзеўскага сельсавета. Вы сапраўдныя патрыёты сваёй малой радзімы, — адзначыла Святлана Пятроўна і падзякавала жыхарам сельсавета за чысціню, дагледжанасць абеліскаў і воінскіх пахаванняў, пажадала мірнага жыцця ў нашай любімай Беларусі і на ўсёй Зямлі.

Фінальным акордам мерапрыемства стаў канцэрт, падрыхтаваны педагогамі і выхаванцамі Лебедзеўскай і Заскавіцкай дзіцячых школ мастацтва. Таленавітыя, вясёлыя, прыгожыя дзеці радавалі гледачоў са сцэны. І гэта найлепшая ўдзячнасць дарослым за дружную сумесную працу дзеля дабрабыту свайго краю і яго шчаслівай будучыні.

На сцэне — юныя музыканты з «Лебедзеўскіх выкрунтасаў».

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 236 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.