23.05.2017 15:37

Одуванчик цветет -- молока прибавляется

Халодная вясна зблытала ўсе карты не толькі работнікам раслінаводчай галіны, але і жывёлаводам. І калі летась статак вывелі на пашу ў апошнія дні красавіка, то сёлета рагулі паспрабавалі сакавітую траву на паўмесяца пазней.

Одуванчик цветет -- молока прибавляется "Маладзечанская газета"

Загадчыца сектара вытворчасці і перапрацоўкі прадукцыі жывёлагадоўлі ўпраўлення райсельгасхарчу Наталля Марчукова расказала, што ў гаспадарках на пашы выпасваюцца 54 гурты, у якіх налічваецца 9400 кароў (дойны статак раёна – 13600). Частка гуртоў на дойку і начлег вяртаецца на фермы, а 30 знаходзяцца на пашы цэлыя суткі. У сельгаспрадпрыемствах працуе восем перасоўных даільных установак. Гэта старая тэхналогія, якая ўжо адыходзіць у нябыт. Аднак адсутнасць магчымасці выпасваць жывёлу паблізу МТФ вымушае кіраўніцтва гаспадарак яе прымяняць. Спецыялісты сцвярджаюць, што максімальна дапушчальная адлегласць кармавога поля ад фермы — 1,5 кіламетра. Калі больш, то ўся энергія ідзе на мышачную масу жывёл, а малако губляецца. Таму ў гаспадарках імкнуцца максімальна прыблізіць пашу да МТФ. Астатняя жывёла калі і пакідае памяшканні, то толькі на час прагулак на выгульных дварах. Такія фермы працуюць па новай тэхналогіі, рацыён рагуль складзены па прынцыпе монакармлення, а зялёная маса выкарыстоўваецца толькі як дабаўка. Высокаўдойныя каровы на асаблівым рахунку, іх меню таксама адрозніваецца ад іншых. Дарэчы, з пачаткам пашавага ўтрымання ў жывёлагадоўчых памяшканнях пачынаюцца рамонтныя работы.

Наталля Аляксандраўна зазначыла, што позні выхад на пашу адмоўна адбіўся і на надоях. Калі ў мінулым годзе за пятнаццаць дзён дадаткова паставілі на перапрацоўку 17 тон малака, то сёлета толькі 8. Летась максімальная рэалізацыя малочнай сыравіны прыпала на 30 мая — 192 тоны. Безумоўна, да гэтай лічбы падабрацца будзе складана (цяпер на перапрацоўку пастаўляецца 186 тон), хаця надзеі ніхто не траціць. Тым больш што час цвіцення дзьмухаўцоў яшчэ не скончыўся. Нашы продкі прыкмецілі, што пакуль сярод травы жаўцее гэта кветачка (а цягнецца такі перыяд дваццаць дзён), малако ў кароў прыбаўляецца. Нездарма ў народзе дзьмухавец мае іншую назву – малочнік.

Цяпер гаспадаркі вялікую ўвагу надаюць не толькі колькасці атрыманай сыравіны, але і яе якасці. Гатункам «экстра» на перапрацоўку пастаўляецца 58-62 працэнты малака, астатняя частка – вышэйшым. Пра першы ўжо і размова не вядзецца. Стапрацэнтна гатункам «экстра» здаюць малако ААТ «Усход-Агра», «Гарадзілава», СУП «Хажоваагра-2009», філіял «Маркава», КСУП «Беразіна-Аграпрадукт».

Аграрыі спадзяюцца, што халоднае надвор’е на ўраджайнасці траў не адбілася, было дастаткова вільгаці. У хуткім часе пачнецца закладка сянажных траншэй. Наталля Марчукова адзначыла, што для збалансавання рацыёну кансерваваны корм з’явіцца ў меню жывёлы ўжо ў жніўні.

Прочитано 1979 раз
Алена Лашук

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.