Неабходнасць у новым памяшканні ўзнікла даўно. Асабліва абвастрылася сітуацыя, калі з’явіўся мікрараён «Усходні», які таксама ўваходзіць у зону абслугоўвання аддзялення. Пакой, які цяпер паштавікі арандуюць у «Камунальніка» (ЖРЭУ №6), часам нават не ўмяшчае ўсіх наведвальнікаў, і людзям даводзіцца стаяць у чарзе нават на вуліцы. Дарэчы, гэта адзінае аддзяленне ў горадзе і раёне, дзе не было магчымасці прапаноўваць кліентам іншы тавар, акрамя перыёдыкі.
Кіраўнік раённага вузла паштовай сувязі Леанід Давідзёнак расказаў, што спачатку спрабавалі вырашаць праблему сваімі сіламі. Настойліва шукалі новае памяшканне для арэнды, але не знайшлі такога, каб адпавядала пэўным патрабаванням. Нават задумваліся аб набыцці трохпакаёвай кватэры ў жылым доме з далейшай перапланіроўкай, але і тут былі свае падводныя камяні. Тады кіраўніцтва Мінскага філіяла РУП «Белпошта» прыняло рашэнне аб узвядзенні новага будынка. Дзякуючы галоўнаму архітэктару раёна Святлане Хрусталёвай удалося знайсці вельмі зручнае месца – на рагу Вялікага Гасцінца і вуліцы Тамары Дудко.
Плошча новага будынка – 252 квадратныя метры. Акрамя аперацыйнай залы там будзе кабінет начальніка аддзялення, пакоі для паштальёнаў і для адпачынку. Камфортна будзе працаваць не толькі аператарам, але і паштальёнам, якія цяпер, дарэчы, месцяцца ў сёмым аддзяленні. А самае галоўнае, як заўважыў Леанід Францішкавіч, зручнасць адразу адчуюць кліенты. Акрамя перыёдыкі і паштовак яны змогуць набыць таксама іншы тавар. Кошт новага будынка – 700 тысяч рублёў, усе работы вядзе ПМК-212. Мяркуецца, што супрацоўнікі паштовага аддзялення сувязі №2 справяць наваселле ў верасні.