28.04.2017 13:59

Прафсаюзы пад сцягам Першамая

Першамай даўно ўвайшоў у наша жыццё, сімвалізуючы радасць творчасці і стварэння. Беларуская зямля заўсёды славілася таленавітымі і адказнымі людзьмі. Цяперашняе пакаленне годна працягвае традыцыі продкаў.

Прафсаюзы пад сцягам Першамая "Маладзечанская газета"

Напярэдадні Свята працы мы сустрэліся са старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццянай ЯЦУХНА.

У гэты дзень прынята падводзіць вынікі, вызначаць перспектывы і верыць, што намечаныя высакародныя мэты абавязкова будуць дасягнуты, што чалавек працы заўсёды будзе галоўным героем нашага жыцця, — гаворыць Таццяна Пятроўна. — Напярэдадні святкавання 1 Мая  адбылося ўшанаванне лепшых прафсаюзных актывістаў раёна, працоўных дынастый, ветэранаў і перадавікоў вытворчасці, звыш 20 чалавек былі адзначаны граматамі раённага аб’яднання прафсаюзаў. Ветэраны вытворчасці атрымалі каштоўныя падарункі і грашовыя прэміі.

Маладзечанскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў – гэта 268 пярвічных прафарганізацый агульнай колькасцю больш за 40 тысяч членаў прафсаюзаў. Летась было створана 19 прафсаюзных арганізацый. Але справа не ў лічбах і паказчыках. Там, дзе ёсць працоўны калектыў, ёсць працоўныя адносіны, павінен быць і прафсаюз. Як паказвае практыка, любыя праблемы, што ўзнікаюць на прадпрыемстве ці ў арганізацыі, лепш вырашаць калектыўна, пры актыўным удзеле прафсаюзнай арганізацыі. На жаль, мы сёння бачым: там, дзе няма прафсаюза, наймальнік часцей ідзе на парушэнні працоўнага заканадаўства. А ў няпростых эканамічных умовах спакуса нешта недаплаціць, нешта зрэзаць узрастае. Іншымі словамі, у такіх сітуацыях чалавек не абаронены цалкам.

Галоўная задача прафсаюзнай арганізацыі – максімальна адстаяць інтарэсы работнікаў. Разам з тым мы разумеем, што сёння ў эканоміцы не самая простая сітуацыя, часам наймальнік вымушаны адмаўляцца ад тых ці іншых узятых на сябе абавязацельстваў, прадугледжаных калектыўным дагаворам. Пытанне ў тым, як гэта робіцца. На жаль, часта здараецца, што работнікаў проста ставяць перад фактам адмены некаторых гарантый без тлумачэння прычын і тэрмінаў такіх рашэнняў. У раённым пагадненні прапісана норма, якая дазваляе прыпыніць дзеянне тых ці іншых палажэнняў калектыўнага дагавора па ўзгадненні бакоў, але пры гэтым павінны быць вызначаны перыяд прыпынення і механізм аднаўлення дзеяння гэтых палажэнняў.

Пытанні аховы працы — адна з асноў дзейнасці прафсаюзаў. Толькі за 2016 год тэхнічныя інспектары працы ФПБ правялі звыш 1000 праверак, у рамках якіх было выяўлена амаль 53 тысячы парушэнняў патрабаванняў заканадаўства аб ахове працы. Толькі за адзін год тэхнічныя інспектары працы ФПБ прынялі ўдзел у расследаванні 280 няшчасных выпадкаў на вытворчасці. Гэта дазволіла не дапусціць парушэння правоў пацярпелых работнікаў і іх сем’яў. У Маладзечанскім раёне грамадскай камісіяй па ахове працы летась было выяўлена звыш 140 парушэнняў у галіне аховы працы.

Прафсаюз — гэта тая арганізацыя, якая заўсёды абараняла і будзе абараняць інтарэсы працоўных.

Слова прафсаюзным лідарам

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір САЛАНЕНКА:

— Напярэдадні Свята працы райкам прафсаюза работнікаў АПК робіць аналіз асноўных кірункаў сваёй дзейнасці. Мы завяршылі раённы этап рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод». За час яе правядзення заахвочаны 194 работнікі жывёлагадоўчай галіны. На прэміі і падарункі са сродкаў райкама прафсаюза работнікаў АПК, мясцовых прафсаюзных камітэтаў і сельгаспрадпрыемстваў выдаткаваны 4373 рублі. Аператар машыннага даення Яўгеній Магала з СУП «Хажоваагра-2009» годна прадставіў наш раён на абласным конкурсе прафесійнага майстэрства. У адпаведнасці са Статутам галіновага прафсаюза працягваецца работа па ажыццяўленні грамадскага кантролю за захаваннем заканадаўства аб працы. За апошні год дзякуючы нашаму райкаму членам прафсаюза, занятым у сельскагаспадарчай вытворчасці, вернута звыш 3600 рублёў незаконна ўтрыманых і недаплачаных грошай. Вялікая ўвага надаецца арганізацыі грамадскага кантролю ў пытаннях аховы працы. Распрацоўваюцца памяткі і плакаты, праводзяцца сустрэчы і гутаркі ў калектывах па недапушчэнні няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафілактыцы траўматызму. Больш актыўнай і бачнай стала работа грамадскіх інспектараў па ахове працы.

Галіновым прафсаюзам АПК 2017-ы аб’яўлены Годам калектыўнага дагавора. Увага старшынь прафкамаў гаспадарак і арганізацый, перапрацоўчых прадпрыемстваў скіравана на работу з гэтым дакументам, развіццё сацыяльнага партнёрства. Самае галоўнае пры яго распрацоўцы і прыняцці – захаванне льгот і гарантый для членаў прафсаюза. Аналіз калектыўных дагавораў паказвае, што кожны работнік дадаткова да зарплаты штогод атрымлівае не менш за 300-400 рублёў. Акрамя гэтага, мае права на бясплатную юрыдычную дапамогу, ільготнае аздараўленне, іншыя сацыяльныя гарантыі. Усё разам з’яўляецца выдатнай матывацыяй да добрасумленнай працы.


Старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла КАХАНОЎСКАЯ:

— Раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі аб’ядноўвае звыш 5000 чалавек. Наша супрацоўніцтва з аддзелам адукацыі, спорту і турызму, райвыканкамам, іншымі грамадскімі арганізацыямі будуецца на прынцыпах раўнапраўя, узаемаразумення і ўзаемапавагі. Выкананне раённага пагаднення Савета наймальнікаў, адкрыты канструктыўны дыялог з кіраўніцтвам аддзела спрыяе недапушчэнню скарачэння сацыяльных гарантый работнікам галіны, забеспячэнню занятасці работнікаў. Ключавая задача райкама прафсаюза — далейшае павышэнне сацыяльнага статуса педагагічных кадраў і наогул работнікаў сістэмы адукацыі. А дабіцца гэтага можна праз павышэнне заработнай платы, удасканаленне механізма абароны сацыяльна-эканамічных правоў і прафесійных інтарэсаў членаў прафсаюза. Адзін з напрамкаў работы нашай арганізацыі — клопат аб ветэранах. Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, працы, прафсаюзнага руху не павінны адчуваць сябе забытымі. Мы разумеем, што акрамя матэрыяльнай ім неабходная маральная падтрымка, памяць пра іх работу на карысць дзяржавы. Яшчэ адзін напрамак – работа з моладдзю. Пры нашым райкаме створаны маладзёжны савет, які ўзначальвае настаўнік СШ №2 Павел Пукела.

Хачу адзначыць работу старшынь пярвічных прафсаюзных арганізацый Ірыны Еўтухавай (Чысцінская СШ), Марыны Сяйко (гімназія №3), Вольгі Катлярэнка (Чысцінскі яслі-сад №2), Ларысы Капелька (СШ №4), Таццяны Дасюкевіч (яслі-сад №28), Святланы Грыб (СШ №5), Аксаны Сысун (СШ №12) і многіх іншых. Мы ганарымся таленавітымі педагогамі нашага рэгіёна, ветэранамі педагагічнай працы, якія, пастаянна ўдасканальваючыся ў прафесіі, натхняюць на перамогі не толькі сваіх вучняў, але і калег.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/regionalnyj-aktsent/item/1204-prafsayuzy-pad-stsyagam-pershamaya.html#sigProId2f6035a154
Прочитано 1616 раз Последнее изменение 28.04.2017 13:59
Алена Лашук

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.