22.12.2021 16:17

Жыццё даражэйшае за юшку

Аматары зімовай рыбалкі вярнуліся да любімага занятку практычна адразу, як толькі на вадаёмах утварыўся лёд. Аднак спяшацца не варта…

Сезон зімовай рыбалкі на Маладзечаншчыне распачаўся. Сезон зімовай рыбалкі на Маладзечаншчыне распачаўся.

Каб праверыць, ці ў бяспецы рыбаловы, на возера ў вёсцы Краснае выехала мабільная група ў складзе намесніка начальніка Маладзечанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Івана Таўгеня, старшага інспектара сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю ГРАНС Марыны Ганчаровай і старшыні раённай арганізацыі рэспубліканскага таварыства выратавання на водах Анатолія Пяцюшыка.

На вадаёме было даволі мнагалюдна. Ля берага стаялі аўтамабілі, а самі рыбаловы разгрупаваліся па ўсёй плошчы возера. Прычым лёд на ім не выглядаў вельмі трывалым. Ля берагоў, дзе прасочваюцца грунтавыя воды, яго колер быў больш цёмны. У трысняговых зарасніках нават стаяла вада. За тры марозныя дні лёд яшчэ не паспеў скаваць возера надзейнай бранёй. А потым настала адліга.

Анатолій Пяцюшык вымярае таўшчыню лёду.

Удзельнікі рэйдавай групы ўручылі рыбаловам тэматычныя памяткі і нагадалі правілы знаходжання на лёдзе. Сярод асноўных рэкамендацый: нельга прабіваць лункі на блізкай адлегласці адна ад адной, забараняецца скакаць і бегаць па лёдзе, збірацца на ім вялікімі групамі, кожнаму рыбалову трэба мець ратавальную камізэльку і вяроўку даўжынёй 15-20 метраў з грузам на адным баку і пятлёй на другім.

У месцах, дзе знаходзіліся рыбаловы, таўшчыня лёду была 7-8 сантыметраў. Людзі гаварылі, што туды, дзе ён тонкі, яны не ідуць. Акрамя таго, рыбаловы сочаць адзін за адным. Калі што — гатовы выклікаць дапамогу. Ды і апранутыя аматары зімовай рыбалкі былі згодна з надвор’ем.

— У снежні надвор’е няўстойлівае, маразы змяняюцца адлігамі, — адзначыў Анатолій Пяцюшык. — У гэты перыяд выхад на лёд можа быць небяспечным. Асабліва ўважлівымі трэба быць у месцах з хуткай плынню, ля крыніц, зараснікаў воднай расліннасці, у вусцях рэк і гэтак далей. А ў перыяды фарміравання і раставання лёду выхад на вадаёмы ўвогуле забаронены.

Іван Таўгень дадаў, што бяспечным лічыцца лёд таўшчынёй 7 сантыметраў і больш. Калі ледзяное покрыва не вытрымала нагрузкі і чалавек апынуўся ў вадзе, галоўнае — не панікаваць! Сведкам здарэння трэба адразу выклікаць ратавальнікаў і медыкаў. Аказваць дапамогу самому трэба зыходзячы з канкрэтнай сітуацыі.

Іван Таўгень уручае аднаму з рыбаловаў тэматычную памятку.

Супрацоўнік МНС паведаміў, што прафілактычныя рэйды па папярэджанні няшчасных здарэнняў на вадаёмах раёна будуць праводзіцца і надалей.

Увага!
Лёд блакітнага колеру лічыцца трывалым, а белага вытрымлівае цяжар у два разы меншы. На шэрым лёдзе знаходзіцца вельмі небяспечна.

Меркаванні з нагоды…

Мы пагаварылі з некалькімі аматарамі зімовай рыбалкі на тэму эфектыўнасці падобных рэйдаў і неабходнасці выканання правілаў бяспекі на лёдзе. У людзей розныя меркаванні. Прыводзім найбольш супрацьлеглыя пазіцыі.

Аляксандр МІЗУЛА, жыхар Мінска:

— Вельмі добра, што прадстаўнікі МНС і таварыства выратавання на водах завіталі на возера. Пагутарыць са спецыялістамі заўсёды карысна. Хто, як не яны, адкажуць на ўсе пытанні? Ды і адпаведныя веды могуць спатрэбіцца. Вось, напрыклад, некалькі гадоў таму на Заслаўскім вадасховішчы я стаў сведкам сітуацыі, калі лёд пад адным з рыбаловаў раптам пачаў трэскацца і прасядаць (мабыць, у тым месцы біла падводная крыніца). Чалавек разгубіўся, не ведаў што рабіць. Крыкнуў яму, каб лёг на лёд і адпаўзаў. Іншая дапамога рыбалову не спатрэбілася. Аднойчы я атрымаў брашуру з інфармацыяй, як вызначыць надзейнасць лёду па яго колеры. Цяпер абыходжу небяспечныя месцы, выконваю іншыя правілы бяспекі.

Сяргей БАГАЧОЎ, жыхар адной з бліжэйшых вёсак:

— Жыву недалёка ад вадаёма, рыбачу тут шмат гадоў і возера ведаю, як свой падворак. На мой погляд, калі чалавек не хоча выконваць нейкія патрабаванні, яго не прымусіш. У такім выпадку толькі штраф або ўласны негатыўны вопыт могуць паўплываць на паводзіны чалавека. Што тычыцца прафілактычных мерапрыемстваў, на мой погляд, гэта марнаванне часу. Я, напрыклад, і без парад разумею, як паводзіць сябе ў час зімовай рыбалкі. Кіруюся здаровым сэнсам. А дысцыпліну бацькі прывілі з дзяцінства. Увогуле, калі хочаш вярнуцца з рыбнай лоўлі дамоў, прычым з вялікім уловам, трэба перш за ўсё думаць галавой. І вось яшчэ што. Людзі прыехалі на возера адпачываць. Рыбаловам не падабаецца, калі іх адрываюць ад любімага занятку. Мы жывём у век інтэрнэту. Калі мне спатрэбіцца нейкая парада, я яе «нагуглю». А лішняя інфармацыя навошта?

Увага!
Каб выбрацца з палонкі самастойна, налягайце грудзьмі на лёд і шырока раскіньце рукі, тым самым вы павялічыце плошчу апоры. Выбраўшыся з вады, уставаць катэгарычна забаронена. Неабходна адкаціцца далей і паўзком дабірацца да берага.

Прочитано 226 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.