18.04.2017 12:33

Лёс ураджаю ў руках прафесіяналаў

Можна паспрачацца са сцвярджэннем, што ў восень работ восем. Вясной у гаспадарках іх значна больш.  Трэба падрыхтаваць глебу і своечасова пасеяць яравыя збожжавыя, кукурузу, цукровыя буракі, пасадзіць бульбу, падкарміць азімы клін і сенажаці. І гэта не поўны пералік работ аграрыяў.

Лёс ураджаю ў руках прафесіяналаў "Маладзечанская газета"

Галоўны аграном ААТ «Палачаны» Наталля Бажко заўважае, што ў апошнія гады вырасла інтэнсіўнасць работ. Новыя тэхналогіі і энерганасычаная тэхніка дазваляюць скарачаць пэўныя аперацыі і пры гэтым атрымліваць выдатныя ўраджаі. Сельгаспрадпрыемства ўпэўнена нарошчвае вал збожжа, практычна не пашыраючы пасяўныя плошчы. Змяняецца толькі прыярытэт па культурах, закупляецца насенне высокіх рэпрадукцый. У азімым кліне, які займае 860 гектараў, перавага аддадзена пшаніцы (670 гектараў), на яравой сяўбе стаўку зрабілі на піваварны ячмень. Цэны на гэтыя культуры больш высокія, а за ячмень яшчэ і разлічваюцца хутка. Праўда, давядзецца папрацаваць, каб збожжавыя адпавядалі пэўным патрабаванням, але новыя тэхналогіі дазваляюць гэта рабіць. На жаль, сёлета падвёў азімы рапс — каля 70 гектараў з 300 давядзецца перасяваць. Капрызлівая культура не вытрымала маразоў, што насталі, калі ўжо амаль не было снежнага покрыва.

У дзень, калі мы прыехалі ў гаспадарку, тут пачалі сеяць кукурузу і рыхтаваліся да сяўбы цукровых буракоў, якія зоймуць адпаведна 470 і 250 гектараў плошчы. Летась гэтыя культуры далі добры ўраджай. Салодкія караняплоды прынеслі гаспадарцы немалыя грошы, а кукурузны сілас у якасці корму для дойнага статка даў значную прыбаўку малака. Таксама сплюшчылі 560 тон зярнят кукурузы, якую ўключалі ў рацыён жывёле.

На вытворчым участку, якім кіруе вопытны начальнік Анатолій Карповіч, пад кукурузу адведзена амаль палова ад агульнай плошчы. Дарэчы, у структуры гаспадаркі два ўчасткі, яшчэ адзін узначальвае Аляксандр Юрэвіч.

Адказнасць на кіраўнікоў ускладзена вялікая. За кожным замацаваныя пэўная колькасць зямлі, тэхніка, а таксама жывёлагадоўчыя фермы. За дзень неабходна пабываць на кожным полі, дзе вядуцца работы, праінспектаваць пасевы, пацікавіцца надоямі і прывагамі. Пры неабходнасці атрымаць кансультацыю галоўных спецыялістаў. Дарэчы, на ўчастку Карповіча знаходзіцца каля 70 працэнтаў жывёлагадоўчых аб’ектаў. Анатолій Міхайлавіч расказаў, што гэта яго 42-і сельскагаспадарчы год. За гэты час у сельскай гаспадарцы адбылася не адна рэформа, змяняліся не толькі прыярытэты ў вырошчванні культур, але і тэхналогіі. «Цяпер на вялікіх плошчах вырошчваюць кукурузу, — гаворыць Анатолій Міхайлавіч. – На маім участку 250 гектараў пасеваў, а некалі было толькі 30. Азімай пшаніцы раней сеялі толькі 30-40 гектараў. Цукровых буракоў вырошчвалі мала, за іх разлічваліся з калгаснікамі цукрам. Яшчэ лён сеялі, цяпер пра яго зусім забыліся. А вось бульба заўсёды была ў пашане — па 300 гектараў садзілі, элітныя сарты на 20 гектарах вырошчвалі. У дзевяностыя гады, калі восенню капалі бульбу, то адразу яе грузілі ў фуры, якія ў чаргу выстройваліся на полі, настолькі запатрабаваны быў «другі хлеб». І разлічваліся за яго без затрымак, і сарты смачныя былі, ураджайныя. А цяпер на ўсю гаспадарку толькі 10 гектараў будзем садзіць, палова з іх — на маім участку. Цяпер зусім няма попыту на бульбу».

Сёлета на сяўбе кукурузы на ўчастку А. Карповіча заняты Іван Батура. Яму далі новы трактар МТЗ, які гаспадарка набыла за грашовы сертыфікат, што летась атрымала на абласных «Дажынках». Вопытны механізатар таксама займаецца нарыхтоўкай кармоў, а ў час жніва садзіцца за штурвал камбайна. Іван Канстанцінавіч з мясцовых, у свой час закончыў Беразінскае прафтэхвучылішча. Працаваў у гаспадарцы, затым у горадзе, але вярнуўся і зноў шчыруе на зямлі. Разам з жонкай гадуюць пяцярых дзяцей.

Анатолій Карповіч заўважае, што на яго ўчастку працуюць сапраўдныя прафесіяналы. Прозвішчы многіх механізатараў добра вядомыя ў раёне. Так, на падрыхтоўцы глебы заняты Мацвей Вайнбергер і Сяргей Рыльцоў, на сяўбе шчыравалі Аляксандр Маскалевіч і Юрый Зянкевіч, за цукровыя буракі адказвае Міхаіл Дземеш, а яго брат Сяргей на «Расе» ў агульнай колькасці падкарміў 2000 гектараў пасеваў. І гэта не апошняя лічба, якую ён запіша на свой рахунак.

 Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/regionalnyj-aktsent/item/1181-ljos-uradzhayu-rukakh-prafesiyanala.html#sigProIda3b8769485
Прочитано 1457 раз
Алена Лашук

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.