26.11.2021 12:17

Гарадзілава – новае жыццё старых ферм

Сёлета хлебаробы ААТ «Гарадзілава» паказваюць выдатныя вынікі. Яны сталі першымі ў раёне на ўборцы ўраджаю. Значныя дасягненні і ў жывёлаводаў гаспадаркі.

Алена Галавач адна з лепшых аператараў машыннага даення ў ААТ «Гарадзілава». Алена Галавач адна з лепшых аператараў машыннага даення ў ААТ «Гарадзілава».

Так, тэмп росту вытворчасці малака на 100 гектараў сельгасугоддзяў за 9 месяцаў года склаў у таварыстве 105,9 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, мяса – 107,9 працэнта. Пры гэтым тэмп росту рэалізацыі малака дасягнуў 106,1 працэнта ад мінулагодніх паказчыкаў, жывёлы ў жывой вазе – 113,4 працэнта. Каб даведацца сакрэты поспехаў, мы адправіліся ў гаспадарку.

Сустрэў нас галоўны заатэхнік таварыства Ілья Галодзька. Спецыяліст адзначыў, што ў «Гарадзілаве» працуюць чатыры малочнатаварныя фермы і таварная ферма, на якой вырошчваецца маладняк буйной рагатай жывёлы. Удойны статак налічвае каля 1000 высокапрадукцыйных кароў чорна-пярэстай галшцінскай пароды. У жывёлагадоўлі занятыя 40 працэнтаў работнікаў гаспадаркі. Усе яны вопытныя спецыялісты і руплівыя працаўнікі.

— Будынкі аб’ектаў жывёлагадоўлі ў «Гарадзілаве» ўзводзіліся даволі даўно, — расказвае Ілья Галодзька. – Аднак у апошнія гады прайшла іх карэнная мадэрнізацыя. Гэта дазволіла знізіць долю ручной працы да мінімуму, укараніць перадавыя тэхналогіі ўтрымання жывёлы, павысіць культуру вытворчасці.

Прырост прадукцыйнасці жывёлагадоўлі таксама дасягаецца за кошт комплексу заатэхнічных мерапрыемстваў, у тым ліку эфектыўнай селекцыйнай работы. У гаспадарцы працуюць тры асемянатары і два ветурачы, якія клапоцяцца пра здароўе жывёл і робяць усё неабходнае для павышэння прадукцыйнасці дойнага статка.

Важна таксама, што ўсе падраздзяленні таварыства дзейнічаюць скаардынавана. Раслінаводы ствараюць кармавую базу. Вялікую ролю ў вытворчасці якаснай прадукцыі адыгрывае машынна-трактарны парк.

— У «Гарадзілаве» трэці год практыкуецца круглагадовае стойлавае ўтрыманне буйной рагатай жывёлы, — працягвае галоўны заатэхнік. – Дзякуючы гэтаму эканомяцца кармы, на былых пашах вырошчваюцца сельскагаспадарчыя культуры. Гаспадарка цалкам падрыхтавалася да зімова-стойлавага перыяду. Забяспечанасць грамадскага статка грубымі і сакавітымі кармамі перавысіла 100 працэнтаў.

Як адзначыў субяседнік, сёлета ў гаспадарцы плануюць атрымаць у сярэднім па 9200-9300 кілаграмаў малака ад кожнай дойнай каровы (летась было 8774 кілаграмы). А рэалізуецца сырое малако праз біржу. Гэта выгадна, бо ў такім выпадку адпускная цана прадукцыі значна павялічваецца.

Разам з галоўным заатэхнікам мы наведалі малочнатаварныя фермы «Гарадзілава» і «Укропава». Тут заканчвалася першая дойка. Работнікі працавалі зладжана, кожны займаўся сваёй справай.

Аператар машыннага даення МТФ «Гарадзілава» Алена Галавач працуе ў гаспадарцы амаль 20 гадоў. Яна абслугоўвае больш за 55 кароў.

— Жывёлы да мяне прывыклі, пазнаюць мяне, лашчацца. У кожнай свой індывідуальны характар, — гаворыць Алена. — На ферме выкарыстоўваецца сучасная даільная апаратура кампаніі «ДэЛаваль». Умовы працы добрыя. Гаспадарка забяспечыла мяне жыллём – двухпавярховы катэдж падабаецца мне і маім траім дзецям.

Аператар машыннага даення МТФ «Укропава» Наталля Фядзюшкіна таксама задаволена работай у гаспадарцы. На ферме слесарам працуе яе муж. А жыве мнагадзетная сям’я ў доме, які выдзеліла таварыства.

Жывёлавод Віталій Маркоўскі, Наталля Фядзюшкіна і Ілья Галодзька на МТФ «Укропава».

Вынікі работы галіны падсумавала намеснік дырэктара па эканоміцы і ідэалагічнай рабоце таварыства Алена Макрыцкая:

— Жывёлагадоўля дае гаспадарцы пастаянны стабільны даход. Штомесячная выручка ад рэалізацыі адпаведнай прадукцыі складае звыш мільёна рублёў. Гэтыя грошы ідуць на выплату заработнай платы, набыццё сучаснай тэхнікі, якаснага пасадачнага матэрыялу, мадэрнізацыю аб’ектаў жывёлагадоўлі і гэтак далей. Усё гэта спрыяе павелічэнню даходаў кожнага работніка гаспадаркі.

Алена Макрыцкая ўпэўнена: гаспадарка будзе стабільна развівацца і надалей.

Усе работнікі, з якімі мы гаварылі, звязваюць поспехі таварыства з яго кіраўніком Дзмітрыем Грамовічам. Яны адзначаюць, што Дзмітрый Мікалаевіч клапоціцца пра людзей, асабіста ўнікае ў кожнае пытанне і пры гэтым давярае спецыялістам. Ён генератар станоўчых пераўтварэнняў у «Гарадзілаве».

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 217 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.