Дзве фермы гэтай гаспадаркі — «Агароднікі» і «Мароські №2», а таксама асобныя жывёлаводы прызнаны лепшымі па выніках раённага спаборніцтва ў 2021 годзе.
«Агароднікі»: пагалоўе пашырылі, надоі павысілі
Ферма па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы «Агароднікі» знаходзіцца ў Насілаве. Многія яе работнікі працуюць тут больш за 10 гадоў. Сярод іх і брыгадзір Мікалай Ніжнікаў, які ў дзень нашага візіту замяшчаў кіраўніка Ірыну Каласоўскую. Мікалай Юр’евіч па спецыяльнасці ветурач, пасля развалу СССР пераехаў у Беларусь з Казахстана, на радзіму бацькоў жонкі Аксаны. Уладкаваліся жывёлаводамі, атрымалі жыллё ў былым сельгаспрадпрыемстве «Насілава», якое ўвайшло ў склад фiлiяла Аграфірма «Лебедзева».
— Парадку на ферме стала больш, умовы працы значна палепшыліся, зарплаты выраслі, — гаворыць Мікалай Юр’евіч. — Добраўпарадкаванне працягваецца: узводзіцца новы сучасны кароўнік, вядзецца пад’язная дарога. Людзі гэта бачаць, цэняць, таму і стараюцца.Брыгадзір фермы «Агароднікі» Мікалай Ніжнікаў і аператар машыннага даення Ганна Мінко.
Цяпер на ферме ўтрымліваецца 1145 галоў буйной рагатай жывёлы. Сярэднясутачныя прывагі складаюць 967 грамаў (на 66 грамаў больш у параўнанні з 2020 годам). Захаванасць маладняку – 100 працэнтаў. Тут налічваецца 245 дойных кароў, сярэдні надой малака на карову – 8081 кілаграм (плюс 359 кілаграмаў да мінулага года). За 10 месяцаў надоена 1945 тон малака, рэалiзавана 1788 тон найвышэйшым гатункам «экстра». Рэнтабельнасць яго вытворчасці склала 37,4 працэнта.
У даільнай зале, разлічанай на 16 кароў, мы пазнаёміліся з аператарамі машыннага даення. У гэты дзень тут завіхаліся Ганна Мінко, вопытная даярка, якая па выніках работы займае ў аграфірме другое месца, і Вікторыя Ягорава, якая прыйшла працаваць не так даўно. У трэцяй іх калегі Ірыны Панкратавай у гэты дзень быў выхадны. Нягледзячы на вялікі аб’ём работы, жанчыны выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі.
Тое ж можна сказаць і пра Алу Рамановіч, аператара па адкорме буйной рагатай жывёлы, якая па выніках спаборніцтва названа адной з лепшых у раёне. Пад яе апекай знаходзяцца 194 бычкі ад паўгода і да моманту здачы. Адкормліваюць іх да 450-500 кілаграмаў. Сёлета Ала Леанідаўна забяспечыла сярэднясутачныя прывагі 1268 грамаў (плюс 41 грам да 2020 года). Яна гаворыць, што бычкі пазнаюць яе голас, мыкаюць у адказ. Найбольш любяць муку, хаця і сянаж, сілас ядуць з апетытам – рацыён у іх збалансаваны.Каля 200 чорна-пярэстых бычкоў даглядае аператар па адкорме буйной рагатай жывёлы фермы «Агароднікі» Ала Рамановіч.
Дарэчы, на гэтай жа ферме працуе муж Алы Леанідаўны, яны разам ездзяць на работу з Турэц-Баяр. У аграфірме бухгалтарам працуе і іх нявестка Юлія.
«У вольны час чытаю кнігі»
— Люблю чытаць, я і ў мясцовую бібліятэку запісана, — расказвае аператар машыннага даення Ганна Галуза ў адказ на маё пытанне, чым займаецца ў вольны час.
Ганна Іосіфаўна — жывёлавод з 30-гадовым стажам, апошнія 14 яна працуе на малочнатаварнай ферме «Мароські №1» і па выніках працоўнага спаборніцтва прызнана адной з лепшых у раёне.
У яе напружаны графік работы: у чатыры раніцы пачынаецца першая дойка, позна вечарам заканчваецца трэцяя. Аднак знаходзіць жанчына час і на хатнія справы, чытанне. Дарэчы, і летам і зімой яна з Лебедзева ездзіць на работу на веласіпедзе.Ганна Галуза каля 30 гадоў працуе ў жывёлагадоўлі.
— Тое, што мяне адзначылі на раённым узроўні, – заслуга ўсяго нашага дружнага калектыву, найперш маіх напарніц Маі Вярэніч, Марыі Памецька, Аксаны Таўгень, Ірыны Маркелавай, Вольгі Купрушкінай, — гаворыць сціплая жанчына, якая ўжо два гады працуе на пенсіі. – Калі ўладкавалася на ферму, мне вельмі спадабалася тут. Мне ёсць з чым параўноўваць: мама працавала даяркай, я ёй дапамагала, памятаю, як кароў даілі ўручную. Лічу, што ў нас вельмі добрыя ўмовы працы: цёплая падлога, цёплая вада, спецадзенне, пальчаткі. І зарплата добрая. Цяпер вядзецца рамонт бытавых памяшканняў. Такія змены да лепшага радуюць. Мы адчуваем пастаянны клопат дырэктара фiлiяла Аграфірма «Лебедзева» Людмілы Лымар. Заўсёды можам звярнуцца па параду і дапамогу да кіраўніка нашай фермы Жанны Асіповіч.
Хвілінка адпачынку за кубкам гарбаты
«Робаты» — так коратка жывёлаводы называюць робатызаваную малочнатаварную ферму «Мароські №2». Мы неаднойчы расказвалі пра яе сучаснае абсталяванне і поспехі дружнага калектыву, дзе сёння працуюць 52 чалавекі пад кіраўніцтвам Яўгенія Магалы.
Сёлета калектыў фермы прымножыў мінулагоднія вынікі і адзначаны сярод пераможцаў раённага спаборніцтва. У статку налічваецца 755 кароў. Сярэдні надой ад адной за 10 месяцаў склаў 8437 кілаграмаў (плюс 288 кілаграмаў да 2020 года). Тэмпы росту вытворчасці малака – 104,9 працэнта.
Мы пазнаёміліся з аператарам па вырошчванні буйной рагатай жывёлы Рытай Зінанайціс, якая па выніках раённага спаборніцтва за 2021 год адзначана сярод пераможцаў.
— Дваццаць гадоў я працую ў сельгаспрадпрыемстве, тры апошнія – на гэтай ферме, і ўвесь час на дарошчванні жывёлы, — расказвае Рыта Іванаўна.
Як і папярэднія нашы субяседнікі, яна падкрэслівае, што яе асабістыя паказчыкі – плён працы ўсяго калектыву. Разам з напарніцамі Жаннай Саўкінай і Марынай Маркоўскай яна даглядае каля 300 галоў жывёлы.
Яе муж Анатолій Аўтуховіч таксама працуе тут жывёлаводам. Жывуць яны ў Вяжуцях і вельмі цэняць, што гаспадарка падвозіць сваіх работнікаў і іх з мужам ставяць у адну змену.
А ў хвіліны адпачынку Жанна Іванаўна і яе калегі могуць падзяліцца навінамі, абмеркаваць рабочыя моманты за кубкам гарбаты ва ўтульным і пасучаснаму абсталяваным пакоі для прыёму ежы. СВЧ-печ, электрачайнік, посуд, зручная мэбля – усё прадугледжана для таго, каб работнікі маглі падсілкавацца.
Добрыя ўмовы працы і дастойная зарплата, укараненне сучасных тэхналогій і пастаянная мадэрнізацыя вытворчасці, важкі сацыяльны пакет – складальнікі стабільнай дынамікі лебедзеўскіх жывёлаводаў, якія з добрым настроем і высокімі паказчыкамі сустракаюць сваё прафесійнае свята.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.