14.04.2017 10:37

Вакансіі ёсць. Патрабуюцца прэтэндэнты

У Маладзечанскім раёне працуе камісія па працаўладкаванні беспрацоўных. Вырашэннем праблемы занятасці грамадзян займаюцца намеснікі старшыні райвыканкама, прадстаўнікі дзяржаўных арганізацый і ведамстваў, прафсаюзаў, дэпутаты, кіраўнікі суб’ектаў гаспадарання. Карэспандэнт «МГ» пабываў на адным з пасяджэнняў камісіі.

Вакансіі ёсць. Патрабуюцца прэтэндэнты "Маладзечанская газета"

Першай у той дзень у кабінет зайшла маладая жанчына.
— Нядаўна наша сям’я пераехала з Вілейскага раёна, — паведаміла яна. – Раней я займалася справаводствам. Закончыла курсы маркетолагаў. Маю педагагічную адукацыю. Хачу ўладкавацца выхавальніцай або сакратаром. У мяне трое дзяцей, таму пажадана, каб рабочы дзень быў з 8.00 да 17.00.

Жанчына прадставіла працоўную кніжку, дыплом, пасведчанні аб заканчэнні розных курсаў, падзякі і граматы. Пошук вакансій не заняў шмат часу. Прэтэндэнтку накіравалі на субяседаванне ў адну з дзяржаўных устаноў, дзе была вакансія сакратара.

Знайсці работу недалёка ад дома хацела жыхарка Чысці. Члены камісіі правяралі спісы вакансій, удакладнялі, ці згодная жанчына працаваць прыбіральшчыцай або вахцёрам. Затым ёй выпісалі накіраванне ў Чысцінскі Дом культуры.

Наступны наведвальнік, жыхар вёскі Насілава, быў звольнены з папярэдняга месца працы за п’янку. Мужчына сцвярджаў, што перагледзеў свае жыццёвыя прынцыпы і больш не злоўжывае спіртным. Гатовы працаваць у садаводчай брыгадзе. Праз некалькі хвілін ён атрымаў адпаведнае накіраванне.

— Пазбавіўся работы за прагулы два гады таму, — паведаміў яшчэ адзін жыхар Насілава. – Працоўная кніжка засталася ў работадаўца. Маю некалькі спецыяльнасцей, але ўсе пасведчанні пратэрмінаваныя.
Мужчына згодны на сезоннае працаўладкаванне. Работа пастухом у СГФ «Маркава» яго задаволіла.

Затым накіраванні на работу атрымалі маладзечанец сярэдніх гадоў, які раней працаваў на будаўнічых аб’ектах у Расіі, а таксама жыхарка раёна. Да патэнцыяльных работадаўцаў прэтэндэнты на вакансіі павінны з’явіцца на працягу трох дзён.

— Працаўладкаванне найперш залежыць ад самога чалавека, ад яго жадання нешта змяніць у сваім жыцці, — падкрэслілі ў камісіі. – Мы ўлічваем усе абставіны, вывучаем прадстаўленыя дакументы. Адным людзям прапануем пастаянную работу, іншым – сезонную або аплачваемыя грамадскія работы. У раёне можна таксама прайсці перанавучанне або зарэгістраваць свой бізнес. Работа на Маладзечаншчыне знойдзецца і спецыялісту, і прэтэндэнту без спецыяльнасці.

Камісія па працаўладкаванні была створана 20 сакавіка па загадзе старшыні райвыканкама. Працуе яна да 28 красавіка. Пасяджэнні праводзяцца ў рабочыя дні з 14.30 да 17.00 у кабінеце №101 па адрасе: вул. Віленская, 6.

Прочитано 3076 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.