31.03.2017 11:22

Вясна: час сеяць хлеб

Пытанне падрыхтоўкі да найважнейшай сельскагаспадарчай кампаніі года абмеркавалі на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.

Сітуацыю даволі падрабязна прааналізаваў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай Каткавец. З выступлення вынікала, што хлебаробы Маладзечаншчыны маюць магчымасць без асаблівых праблем справіцца з пастаўленай задачай: у час і якасна правесці сяўбу. Неабходнай тэхнікі хапае: будуць задзейнічаны 304 трактары, з іх 62 энерганасычаныя, 33 пасяўныя агрэгаты з 45 наяўных – сёлета вырашана выкарыстоўваць толькі шыроказахопныя. Не адчуваецца ў гаспадарках і недахопу механізатараў. Пры неабходнасці на дапамогу вяскоўцам прыйдуць шэфы з прамысловых прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў горада і раёна.

Не выклікае асаблівых трывог пастаўка паліва ў гаспадаркі – адчуваецца фінансавая падтрымка дзяржавы. Таксама аванс у памеры звыш 5 мільярдаў «старых» грошай выдзеліў Малінаўшчызненскі спіртагарэлачны завод - «Аквадыў».

Паступова папаўняюцца запасы мінеральных удабрэнняў. Праўда, разлічваць на тое, што натрыю, фосфару і калію ў глебу будзе ўнесена ўдосталь, не даводзіцца. Тукі дарагія, не кожная гаспадарка можа дазволіць сабе такую раскошу. У некаторай ступені зменшыць праблему магла б арганіка – на аб’ёмы яе назапашвання і тэмпы ўнясення пад яравую сяўбу М. Каткавец звярнуў увагу кіраўнікоў асобных гаспадарак. Як і на тое, што да 25 красавіка неабходна набыць насенне шматгадовых траў у вызначаных аб’ёмах.

Пастаўлена задача ў 2017 годзе ў раёне атрымаць асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі ў наступных аб’ёмах:
Збожжавыя і зернебабовыя культуры з кукурузай – 72065 тон; бульба – 10882 тоны; цукровыя буракі – 102926 тон; агародніна – 2100 тон; ільнотраста – 2500 тон; насенне рапсу – 7020 тон; атрыманне 32 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.

Дакладчык таксама зазначыў, што за лічбамі ні ў якім разе не павінны згубіцца канкрэтныя ўдзельнікі сельгасработ. Ужо сёння ў гаспадарках распрацаваны і зацверджаны ўмовы матэрыяльнага і маральнага стымулявання, прадугледжаны меры па ахове працы. Людзі будуць забяспечаны двухразовым харчаваннем, медабслугоўваннем, належнымі бытавымі ўмовамі. Падтрымаць настрой удзельнікаў сяўбы пастараюцца работнікі ўстаноў культуры – яны гатовы выехаць з выступленнямі на машынныя двары і непасрэдна на веснавое поле.

Дарэчы, у асобных гаспадарках актыўна прыступілі да падкормкі азімых вадкімі ўдабрэннямі: у раёне на гэтыя мэты можна задзейнічаць 13 малагабарытных універсальных агрэгатаў «Раса».

Прочитано 1685 раз
Аляксандр Лазоўскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.