27.03.2017 11:49

Які шлях праходзіць насенне садавіны, агародніны і кветак

На падаконніках у кватэрах і дамах цяпер можна ўбачыць знаёмыя ўсім шкляначкі і скрынкі: дачнікі пачалі вырошчваць расаду таматаў, перцаў, баклажанаў, кветак. Самыя актыўныя ўжо рыхтуюць цяпліцы і плануюць, якія холадаўстойлівыя культуры пасадзяць у першую чаргу. Але ці ўсе ведаюць, які шлях праходзіць насенне, перш чым трапіць на прылаўкі магазінаў, а затым і на нашы градкі?

Які шлях праходзіць насенне садавіны, агародніны і кветак "Маладзечанская газета"

Начальнік аддзела агароднінных культур Маладзечанскай дзяржаўнай сортавыпрабавальнай станцыі Валянціна ПАХОМЧЫК на гэта пытанне ведае дакладны адказ. Больш чым за 20 гадоў работы на станцыі яна разам з калегамі дала «пуцёўку ў жыццё» не адной сотні агароднінных культур, многія з якіх мы вырошчваем на сваіх градках.

За велізарнай разнастайнасцю сартоў агароднін    ных і сельскагаспадарчых культур стаіць работа цэлых калектываў навукоўцаў. Стварэнне толькі аднаго віду можа заняць да дзесяці гадоў. Яшчэ тры гады сорт праходзіць выпрабаванне. І толькі калі кампетэнтная камісія дае станоўчае заключэнне, ён заносіцца ў Дзяржаўны рэестр і можа вырошчвацца на тэрыторыі краіны. Таму мы вельмі ўважліва ставімся да ўсіх распрацовак навукоўцаў, бо ад таго, як мы папрацуем з сортам на этапе выпрабавання, залежыць яго далейшае жыццё, паведаміла Валянціна Міхайлаўна.

Кожны год у нашым аддзеле праводзіцца 200-300 сортадоследаў па 30 розных культурах. Гэта капуста ўсіх відаў, морква, буракі, гарох і фасоля, цукровая кукуруза, таматы і агуркі. З’явіліся навінкі перцаў і баклажанаў для адкрытага грунту. Апошнія тры гады працуем з кавунамі і дынямі, але ў нас яны чамусьці не выспяваюць, а ў суседняй Гродзенскай вобласці даюць добрыя ўраджаі. Толькі адзін год, калі стаяла спякота, парадавалі дыні польскай селекцыі. Летась усё сапсаваў град, які пабіў плеці раслін.

Валянціна Пахомчык расказала, што выпрабаванне ўсіх сартоў агародніны праходзіць на трох гектарах, якія, у сваю чаргу, разбіты на маленькія дзялянкі: ад 0,5 соткі да пяці квадратных метраў. Дзялянкі, дзе вырошчваецца, напрыклад, пэўны сорт капусты, знаходзяцца ў чатырох розных месцах, бо глеба можа быць неаднароднай. Гэта робіцца для таго, каб правільна яго ацаніць. Праца вельмі карпатлівая і патрабуе не толькі ўважлівасці, але і адданасці, высокага прафесіяналізму. Напрыклад, за дзень пікіруюць тысячу штук расады таматаў, а калі пераносяць у грунт, то ўсе 22 сарты неабходна пасадзіць у адзін дзень. Гэта прынцыповае патрабаванне. Шмат ручной працы, хаця ёсць і спецыяльныя сеялкі. Важна і тое, што выпрабаванне аднолькавых культур не замыкаецца на адной станцыі. Доследы праводзяцца ва ўсіх абласцях рэспублікі. Толькі так можна вызначыць, як паводзіць сябе культура ў той ці іншай кліматычнай зоне. У Беларусі працуюць 11 сортавыпрабавальных станцый і 8 участкаў, Цэнтральная рэспубліканская лабараторыя. Усе ўзоры доследных культур высяваюцца ў адкрытым грунце, а ў Мінску ёсць станцыя, дзе праводзяцца выпрабаванні толькі ў закрытым грунце. Агародніна, якая ідзе на продаж (перцы, агуркі, таматы і баклажаны), вырошчваецца ў цяпліцах.

Пастаўляюць насенне фірмы, якія зацікаўлены ў правядзенні выпрабаванняў. Яны падаюць заяўку ў інспекцыю па дзяржвыпрабаваннях, рэгіструюцца, аплачваюць паслугі, і сарты культур паступаюць на сортавыпрабавальныя станцыі. Насенне пастаўляецца дробнымі партыямі: ад 3 грамаў (таматы) да 40 (морква і цыбуля). Дарэчы, у кожнай фірмы свой колер насення.

Пасля трохгадовага выпрабавання ва ўсіх абласцях і пры адпаведнасці неабходным патрабаванням сорт абмяркоўваецца на пасяджэнні спецыяльнай камісіі ў Мінску, якая і дае рэкамендацыю для ўнясення яго ў Дзяржаўны рэестр. Гэта даволі тоўстая кніга, дзе на 250 старонках змешчаны назвы сартоў усіх культур, якія прайшлі выпрабаванне. Валянціна Пахомчык зазначыла, што ў рэестры беларускіх сартоў агародніны толькі дзесяць працэнтаў ад агульнай колькасці, астатнія – галандскай селекцыі. Расія ўвогуле практычна адмовілася ад работы па вывядзенні сартоў агародніны — больш танна купіць. На сортстанцыю прыязджаюць і селекцыянеры, і прадстаўнікі замежных фірм. Яны назіраюць за сваімі сартамі, самі закладваюць доследы. На розных станцыях праводзіцца Дзень поля з удзелам навукоўцаў, фермераў.

Вырашчаную агародніну дэгустуюць і даюць свае заключэнні. Капусту, напрыклад, пры неабходнасці могуць квасіць ці захоўваць. Карацей, да кожнага віду агародніны свае патрабаванні. А вось у сталічнай лабараторыі яе кансервуюць. Прыгожыя слоічкі стаяць у асобнай шафе і ў аддзеле Валянціны Міхайлаўны.

— Паколькі выпрабоўваем сарты таматаў у адкрытым грунце, то, як і агароднікі, спачатку сеем насенне, затым пікіруем, — расказала Валянціна Міхайлаўна. — Грунт праліваем слабым растворам марганцоўкі, у ім жа можна замачыць на 30 хвілін і насенне, калі яно неапрацаванае. У сярэдзіне мая, калі няма пагрозы вяртання замаразкаў, пераносім расаду на нашы дзялянкі. Робім і прамы пасеў, без пікіроўкі. Сартоў, якія ўстойлівыя да фітафторы, вельмі мала. Таматы Адапт і Ліпень беларускай селекцыі раннія і ад фітафторы выратоўваюцца, аддаюць свой ураджай. Але на смак яны кіслыя і вадзяністыя. Летась вырошчвалі 22 сарты таматаў, сярод іх заслугоўвае ўвагі сорт Дзіна галандскай селекцыі. Мы праводзім чатыры апрацоўкі да таго моманту, пакуль таматы паспеюць. Чаргуем сістэмныя і кантактныя растворы (акрабат, дзітан, пенкацэпт). Уся інфармацыя ёсць на лістках-укладышах, і яе трэба прытрымлівацца. Вырошчваем таматы без пасынкавання, без падвязвання (такое патрабаванне), бо выпрабаванні праводзяцца для прамысловага вырошчвання. Па-ранейшаму ў пашане сарты Ляна, Персей, Загадка. Для вырошчвання ў парніках магу парэкамендаваць Энігму і Біг-Біф: высакарослыя таматы, плоданосяць да замаразкаў, не баяцца фітафторы. Агуркі беларускай селекцыі не радуюць, таму нічога слушнага не прапаную. На засолку можна браць Верасень, Зарніцу, парадуюць карнішоны замежнай селекцыі Ансор, Плаціна, Саціна. Для сябе, напрыклад, сею Лібелу і Лабелу. Гэта гібрыды з выдатнымі смакавымі якасцямі. Капусту для захоўвання параю Гільсон, Фарзу, а беларускі сорт Мара прыгодны для квашання. Стратэгічнай культурай лічацца кабачкі, якія заўсёды даюць выдатныя ўраджаі. Летась з дзвюх сотак сабралі пяць тон.

Прадукцыя, што вырошчваецца на палетках дзяржсортстанцыі, пасля таго як ёй дадзена ацэнка і апісаны ўсе моманты, паступае ў продаж. Дарэчы, на станцыі можна набыць расаду, якая пасаджана па ўсіх правілах агратэхнікі. Праўда, прапануюць тыя сарты, што занесены ў рэестр, а вось доследныя ўзоры будуць чакаць свайго зорнага часу. Дарэчы, права на сорт пэўнай расліны ахоўваецца дзяржавай і пацвярджаецца патэнтам, які дзейнічае на працягу 25 гадоў з дня выдачы.

Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/regionalnyj-aktsent/item/1082-yaki-shlyakh-prakhodzits-nasenne-sadaviny-agarodniny-i-kvetak.html#sigProId3b6622c0cb
Прочитано 2570 раз
Алена Лашук

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: « У аўтакраме ёсць усё! Расквеціць горад прыгажосцю »