Новости Молодечно и Молодечненского района

Жніво ў гаспадарцы пройдзе паспяхова

  • 2022-07-20 06:11:07
  • Алег Бяганскі

— Рыхтаваць збожжаўборачныя камбайны да выхаду ў поле ў райаграсэрвісе пачалі адразу пасля заканчэння мінулай уборачнай, — адзначыў Тадэвуш Мечыслававіч. – Тэхніку, якой патрабаваўся складаны рамонт, спецыялісты адрамантавалі да пачатку года ў майстэрнях сельгаспрадпрыемства.
Ліквідавалі дробныя непаладкі, правяралі сістэмы і механізмы, праводзілі іншыя работы напярэдадні жніва самі механізатары. Яны дасканала ведаюць тэхніку, на якой працуюць, і зацікаўлены ў яе надзейнай рабоце.

Субяседнік заўважыў, што ў гаспадарцы вялікае значэнне надаюць камплектаванню камбайнавых экіпажаў. Камбайны замацоўваюцца за найбольш вопытнымі работнікамі, якія самі падбіраюць сабе памочнікаў. Такі прынцып прымяняецца пастаянна і цалкам сябе апраўдвае. На жніве экіпажы працуюць зладжана і эфектыўна.

— Поўнасцю падрыхтаваны да прыёму ўраджаю і зернесушыльны комплекс, які працуе на газе, — дадаў Тадэвуш Зарэцкі. — Усе неабходныя выпрабаванні на ім ужо завяршыліся. Адказвае за абсталяванне галоўны энергетык гаспадаркі Аляксей Якунін.

Дырэктар таварыства расказаў, што стартуе жніво з уборкі азімых рапсу, пшаніцы, ячменю. Затым чарга яравых. Нагрузка на збожжаўборачны камбайн складзе за сезон 167 гектараў.

Закрануў субяседнік і тэму корманарыхтоўкі. Першы ўкос у райаграсэрвісе быў удалым. Па яго выніках гаспадарка нарыхтавала каля 80 працэнтаў сенажу ад задання. Сянажныя траншэі закладваліся з захаваннем усіх тэхналагічных нарматываў. Радуе і другі ўкос. Аснову зялёнага корму для буйной рагатай жывёлы складае каштоўная люцэрна.

Мы пагаварылі з некаторымі работнікамі прадпрыемства, якія рыхтавалі тэхніку да ўборачнай кампаніі.

— У гаспадарцы на жніве будзе задзейнічана шэсць збожжаўборачных камбайнаў, — расказаў начальнік рамонтнай майстэрні Мікалай Башаркевіч. — Усе яны беларускай вытворчасці. На лінейцы гатоўнасці і буракаўборачны камбайн, іншыя сродкі механізацыі сельскагаспадарчых работ. Рыхтавалі тэхніку высакакласныя спецыялісты. Матэрыяльная база прадпрыемства дазваляе выконваць самыя складаныя рамонтныя работы.

Слесар-электрык па рамонце электраабсталявання Аляксандр Лагіновіч дадаў, што ён дапамагае прыводзіць у парадак тэхніку не толькі райаграсэрвіса, але і іншых гаспадарак раёна. У час жніва работа электрычнага абсталявання камбайнаў і іншых адзінак тэхнікі не павінна выклікаць нараканняў.

— Я, можна сказаць, адказваю за «крывяносную сістэму» трактароў, машын, камбайнаў, корманарыхтоўчых комплексаў, — расказаў слесар па рамонце паліўнай апаратуры Віктар Будрык. – Пры няправільнай рабоце апаратуры тэхніка можа зламацца. Здарыцца прастой, што паўплывае на тэмп уборачнай.

Віктар Будрык ля стэнда па праверцы паліўнай апаратуры.
Пасля азнаямлення з планамі па арганізацыі працы хлебаробаў у час жніва сваё меркаванне выказаў Анатолій Фурс. Ён адзначыў, што адміністрацыя і прафсаюзная арганізацыя пастаянна трымаюць на кантролі пытанні стварэння годных умоў працы і быту работнікаў, недапушчэння няшчасных выпадкаў. У час уборачнай іх значнасць павялічваецца.

— У якасці станоўчага прыкладу можна прывесці душавыя кабіны на мехдвары, якімі можна карыстацца круглы год, — дадаў прафсаюзны лідар. – Удзельнікі жніва будуць атрымліваць двухразовае гарачае харчаванне, 70 працэнтаў кошту якога кампенсуе гаспадарка. Работнікі забяспечаны спецадзеннем і сродкамі аховы. Палажэнні калектыўнага дагавора стымулююць хлебаробаў працаваць якасна.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.